Вітаем новых сяброў!

Напрыканцы верасня рашэннем Рады ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" да нас далучыліся новыя сябры: Таццяна Барысік, Зінаіда Губарава-Крупская, Ніна Дзябольская, Анастасія Лабада, Віктар Марціновіч, Аляксандр Мікус, Аляксандр Наркевіч, Анатоль Санаценка, Аляксандр Сергіеня. Вітаем у Саюзе!

Барысік Таццяна Іванаўна нар. 18.08.1977 г. у Магілёве. У 1999 г. скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова, факультэт дашкольнага выхавання. Удзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе маладых талентаў “Дэбют”, а таксама ў з’ездзе маладых літаратараў у Іслачы ў 1999 г. Аўтар самвыдатаўскага зборніка “Гаркну ў бліскучы мацюгальнік” (2003, Асіповічы). Вершы, фельетоны, нарысы, зацемкі і апавяданні друкаваліся ў часопісах “Першацвет”, “ARCHE”, газетах Наша Ніва”, “Навінкі” ды інш., гучалі ў эфіры “Радыё Свабода”.

Губарава-Крупская Зінаіда Васільеўна нар. 24.01.1954 г. у в. Пагоннае Хойніцкага р-на Гомельскай вобл., вучылася ў Гродзенскай культурна-асветніцкай вучэльні па спецыяльнасці “дырыжор народнага хору”. Выкладала фальклор, фальклорны танец. Аўтар кніг казак: “Краіна чароўных сноў” (2004), “Знойдзенае імя” (2010), “Два браты” (2012), “Казкі-дарылкі для жэўжыка Кірылкі” (2012), Казка пра Міколу асілка-змагара” (2012), казкі “Два браты” ў агульным зборніку “Іду на споведзь” (2010), кнігі гумары і сатыры “Чаго на свеце не бывае” (2012). Друкавалася ў калектыўных зборніках “Пад шэпат хваляў Віліі” (2006), “Вілейскі звон”, “Любы край дарагі”, “Адчыні сваё сэрца” (2009).

Дзябольская Ніна Сяргееўна нар. 25.06.1937 г. Скончыла Інстытут замежных моў, мае і мастацкую адукацыю. Працавала перакладчыкам, выкладчыкам. У 2005 г. выдала кнігу “Стихотворения. Переводы. Переложения”. У 2011 г. У Мінску выдадзены зборнік беларускай паэзіі “У краіне паэтаў”, дзе ў перастварэнні Н.С. Дзябольскай надрукаваны вершы 30 аўтараў.

Лабада Анастасія Пятроўна нар. 18.02. 1984 г. у Навагрудку Гродзенскай вобл. У 2006 г. скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт па спецыяльнасці выкладчык англійскай, нямецкай, шведскай моў, беларускай мовы і літаратуры. У 2007 г. скончыла магістратуру МДЛУ (магістр лінгвістыкі), у 2008 г. — магістратуру ЕГУ (магістр гісторыі). Займаецца літаратурным перакладам са шведскай мовы. У 2010 г. стала лаўрэатам літаратурнай прэміі імя М. Багдановіча “Дэбют” у намінацыі “Пераклад” за пераклад аповесці-казкі “Маленькія тролі і вялікая паводка” Тувэ Янсан.

Марціновіч Віктар Валер’евіч нар. у 1977 г. у Ашмянах. У 1999 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ, у 2003 — аспірантуру БДУ, у 2008 г. абараніў працу на ступень PhD у Віленскай акадэміі мастацтваў, абараніўся ў дактарантуры ЕГУ. Аўтар рамана “Паранойя” (2009), станоўча адзначанага New York Times, рамана “Сцюдзёны вырай” (2011), які трапіў у доўгі спіс прэміі Ежы Гедройца і атрымаў прэмію “Дэбют” імя М. Багдановіча. У 2010 г. апавяданне “Табу” трапіла ў зборнік Best European Fiction 2011, выдадзены ў ЗША.

Мікус Аляксандр Вітальевіч нар. 11.12. 1982 г. у Мінску. У 2005 г. скончыў аддзяленне псіхалогіі БДУ. З 2005 г. працуе ў галіне перакладу. Пры падтрымцы пасольства Літвы выдаў “Беларускі-літоўскі размоўнік”, перакладае з літоўскай і ангельскай кнігі гістарычнай тэматыкі, часам выступае як публіцыст.

Наркевіч Аляксандр Іванавіч  нар. 23.04.1969 г. у Вілейцы. Скончыў тэхнічную вучэльню, у 2006 г. прыватны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва. У 2004 г. атрымаў галоўны прыз на фэсце бардаўскай песні “Аршанская бітва”. Аўтар зборніка вершаў “Аднойчы перажыць жыццё”. Вершы друкаваліся ў перыёдыцы, зборніку “Вершы на Свабоду” (2002), кнізе В. Якавенкі “Нячывелле” (2008), зборніках “Вілейскі звон” (2009), “Любы край, дарагі…” (2009).

Санаценка Анатоль Казіміравіч, нар. 2.10.1969 г. у Бабруйску. У 1985-1989 гг вучыўся ў Мастацкай вучэльні, з 1992 г. працуе ў журналістыцы, на цяперашні час выдавец і галоўны рэдактар газеты “Бабруйскі кур’ер”. Аўтар кніг вершаў “Пранізлівае быццё” (2001), “Праклятыя вершы” (2007). Як паэт, празаік і драматург публікаваўся ў мясцовым, рэспубліканскім, а таксама расійскім друку.

Сергіеня Аляксандр Аляксандравіч нар. 8.08.1964 г. у в. Чудзін на Ганцаўшчыне, Брэсцкай вобл. У 1999 г. скончыў Маскоўскі тэалагічны інстытут, а ў 2003 г. Кіеўскую тэалагічную семінарыю. Выкладае ў Беларусі і за яе межамі. Аўтар зборнікаў вершаў: “Стихи” (2003), “Неба прамаўляе” (2011), “Час малітвы” (2012).

Прэсавая служба СБП