Віцебскія студэнты сустрэліся з Аксанай Спрынчан

Ёсць моманты, калі пасля знаёмства з чалавекам ты адчуваеш на душы цеплыню і ўтульнасць, нібыта ведаеш гэтага чалавека ўсё жыццё. Для мяне такім момантам стала знаёмства з Аксанай Спрынчан – пісьменніцай, паэткай, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” і маёй зямлячкай.

Звычайна кажуць, што сустракаюць па вопратцы, і першае, што кінулася мне ў вочы – гэта прыгожая кашуля, аздобленая арнаментам. Я не зусім так уяўляла сабе рэдактара выдавецтва, аднак маё здзіўленне было выключна станоўчым. Мяне як студэнтку беларускага аддзялення прыемна ўразіла і тое, што Аксана адразу пачала размаўляць са мной на беларускай мове.

У нас завязалася гутарка, і паэтка прызналася, што падчас свайго вандравання з Мінска ў Віцебск (які яна наведала ўпершыню) родную мову ёй пачуць так і не давялося, а на просьбу ў прывакзальным кафэ прынесці гарбату ўвогуле адрэагавалі са здзіўленнем. Мы яшчэ трохі паразмаўлялі наконт сучаснага стану беларускай мовы, аднак хутка надышоў час сустрэчы.

Паэтка пачала з аповеда пра малую радзіму, творчасць і сям’ю. І кожная з расказаных гісторый адбілася ў вершы. Гэта стварала адчуванне таго, што ты знаходзішся ў сяброўскай кампаніі, а не на афіцыйным мерапрыемстве.

За паўтары гадзіны пагаварылі пра многае: і пра літаратуру, і пра рэдактарскую дзейнасць, і пра паэтычны тэатр, у якім Аксана з’яўляецца дырэктарам. Не маглі мы не закрануць тэму беларускай мовы. Пісьменніца прызналася, што ў Мінску на беларускую мову рэагуюць не так, як у іншых гарадах. Зараз ведаць і вывучаць родную мову нават модна. Аднак не ўсе так лічаць.

Аксана расказала, што ў яе жыцці быў момант, калі яна пафарбавала валасы ў зялёны колер. Людзі не заўсёды адэкватна рэагавалі на маладую дзяўчыну з зялёнымі валасамі, якая яшчэ і на беларускай мове размаўляе. І вось аднойчы да яе на вуліцы падышоў мужчына і спытаў: “А мова ў цябе таксама па прыколу?”.

Аднак добрых гісторый, звязаных  з беларускай мовай, значна больш. Адно з апошніх здарэнняў адбылося з паэткай падчас SMS-перапіскі з дызайнерам апошняй кнігі Русланам Найдзенам. Каб падняць яму настрой, яна напісала SMS са словам люблю. Аднак, будучы чалавекам рускай культуры, Руслан быў вельмі здзіўлены, бо не адразу зразумеў, што кахаю і люблю – гэта зусім розныя словы.

Напрыканцы сустрэчы тыя студэнты, якія задавалі пытанні, атрымалі ад паэтэсы падарункі. Аднак самым прыемным, безумоўна, была сустрэча, якая ў памяці кожнага пакінула столькі цудоўных момантаў.

 

Юлія Гаўрыленка,

студэнтка 4 курса ФлФ ВГУ імя П.М. Машэрава.

На здымках: Падчас сустрэчы і ў літаратурным музеі ўніверсітэта. Фота аўтара.