Віцебскія сустрэчы з «Дзеясловам»
Злева направа: Анастасія Лазебная, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Зміцер Бартосік
Новы 78-ы нумар часопіса “Дзеяслоў” і аповесць Алеся Пашкевіча “Рух” былі прэзентаваныя ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава і віцебскім філіяле Інстытута працоўных і сацыяльных адносінаў, дзе да кампаніі далучылася старшыня Віцебскай абласной філіі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Анастасія Лазебная.
Анастасія Лазебная прадстаўляе аповесць "Рух"
Віцебская публіка
Падчас сустрэчы з першакурснікамі філфака дзяржуніверсітэта адбылася плённая гутарка. Галоўны рэдактар “Дзеяслова” і Старшыня СБП Барыс Пятровіч распавёў пра гісторыю стварэння выдання, працу над ім, а таксама даў анонс некалькіх наступных нумароў, заклікаўшы грамаду да чытання ды супрацы з часопісам.
Бібліятэчная выстава, прысвечаная творчасці Алеся Пашкевіча
Ахвотныя змаглі атрымаць нумары “Дзеяслова” з дзённікамі Уладзіміра Караткевіча ды кнігу “Рух” з аўтографам аўтара.
Выступае Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч
Спявае бард Зміцер Бартосік
Апошняя вечарына прайшла ва ўтульнай атмасферы “Бітлз-клуба”, дзе госці не толькі змаглі прадставіць новыя выданні, але і па-сяброўску пакамунікаваць з публікай. Як заўсёды цёпла зала сустрэла выступ Зміцера Бартосіка, які праспяваў класіку бардаўскай песні ў беларускіх перастварэннях Рыгора Барадуліна.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"