Вуліцаю Тодара Кляшторнага
Дата публікацыі: 17.04.2008
4567

Да гэтай падзеі доўга рыхтавалася дачка пісьменьніка Мая Тодараўна. Яе хваляваньне зразумелае: жанчына ў сваім жыцьці вытрымала нямала: высылку з Беларусі, падазрэньні і недавер, чэрствасць да памяці бацькі. Трывожна было і напярэдадні гэтай падзеі – некаторыя адказныя асобы Лепельскага раёна жадалі, каб мерапрыемства прайшло ціха, без шырокага грамадскага рэзанансу. Але перамог здаровы сэнс і пазіцыя дачкі паэта.
У Камені, на ўрачыстым адкрыцьці назвы вуліцы, прысутнічалі старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, паэт-зямляк, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Анатоль Вярцінскі, прадстаўнікі грамадскасьці Лепельшчыны, мясцовыя жыхары. Многія з месьцічаў упершыню даведаліся, што сапраўдная радзіма Тодара Кляшторнага побач, у невялічкай вёсцы Парэчча, якая паволі аджывае свой век. Менавіта ў Парэччы яшчэ засталіся згадкі пра вялікую сям’ю Кляшторных: стаяць хаты дзядзькаў Івана і Ягора, а побач з месцам, дзе некалі жыла самая мудрая і спагадлівая з радні цётка Александрына, расьце волат-дуб, які пасадзілі Кляшторныя. У Камені ў невялічкім музейным пакойчыку захоўваюцца гістарычныя экспанаты, звязаныя з жыццём i творчасцю рэпрэсаванага пісьменьніка.
Даведка: Тодар Кляшторны нарадзіўся ў 1903 годзе ў Парэччы Лепельскага раёна. Адукацыю атрымаў на педфаку БДУ. Працаваў у газетах і часопісах, на радыё. Арыштаваны ў 1936 годзе, а праз год, 30.10. 1937 года, прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. Паракладчык і паэт, аўтар некалькіх кніг паэзіі, вершаў для дзецей.