Вуліцы Бутрыма і Лагвіновіча з’явіліся ў Баранавічах

Напрыканцы 2012 года ў Баранавічах была ўвекавечаная ў назвах вуліц памяць паэта Івана Лагвіновіча і памяць мастака, паэта, празаіка Венанцыя Бутрыма. Гэтую ініцыятыву грамадскіх арганізацый «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і «Творчага згуртавання «Святліца» падтрымаў сваім рашэннем Баранавіцкі гарадскі Савет дэпутатаў.
Зусім нядаўна да горада былі далучаныя некалькі вёсак, і некаторыя назвы вуліц розных населеных пунктаў супадалі, таму ўзнікла патрэба ў іх перайменаванні. Такім чынам, вуліца Палявая ў колішняй вёсцы Дубава цяпер будзе насіць імя Венанцыя Бутрыма, а вуліца Мірная ў вёсцы Узногі пераназваная ў гонар Івана Лагвіновіча.
Венанцы Бутрым
На першы погляд можа падацца, што невялікі гонар быць «першым на вёсцы». Але ж, мабыць, там будзе зацішней і ўтульней іх душам. Самі сабою згадваюцца радкі магічнай паэзіі Венанцыя Бутрыма:
…Радзіма, дзіўны водар траў
над Шчарай у чмяліным гудзе!..
І кветак іншых – не прызнаў,
і спеў – заўжды адзіным будзе:
тут, толькі тут, дзе вольхаў рад
над нетаропкаю вадою,
і май надзей, і лістапад –
над пасівелай галавою.
Гэта радкі з першага зборніка вершаў Венанцыя Бутрыма «У барвах зямлі», выдадзенага ў 2001 годзе, на схіле дзён паэта. У 2003 годзе пабачыла свет другая кніга яго паэзіі «Паралелі», але аўтар ужо не дажыў аднаго месяца да яе выдання… У 2007 годзе жонка і сын Венанцыя Бутрыма прафінансавалі выданне зборніка яго рускамоўнай паэзіі «В пространстве и времени», а ў 2011 годзе выдалі кнігу яго прозы на беларускай і рускай мовах «Маўклівыя сумныя птушкі».
Іван Лагвіновіч
Іван Лагвіновіч пасяліўся ў Баранавічах у 1992 годзе пасля вяртання ў Беларусь з украінскага Данбаса. А родам ён з хутара Запрапасць на Ганцавіччыне, адкуль 17-гадовым юнаком паехаў на ўкраінскую зямлю і працаваў шахцёрам аж да пенсіі.
Для паэта Івана Лагвіновіча гады жыцця ў Баранавічах былі вельмі плённымі. Дзякуючы «Святліцы» і самому аўтару за гэты час выйшлі яго кнігі «Разлукі выраёвыя» (2000), “Піліпаўка” (2001), “Заряна” (на рускай мове, 2002), “Ляда юдолі” (2003), “Далёкае і блізкае” (2004), “Палыновыя кветкі” (2007).
У 2011 годзе Івана Лагвіновіча не стала, але праз тры месяцы пасля яго сыходу выйшла яго кніга паэзіі “Элегія палескага матыля”. Вельмі сімвалічным падаецца верш з гэтай кнігі “Суцяшэнне”.
Я ведаю, пасмяротна
Радзіма мяне ўзнагародзіць
Ордэнам Залатога
Палескага Матыля.
Лагоднаю летняй парою
Няхай сабе і нядоўга,
Будзе ён красавацца
На зялёнай стужцы
Расліны-самасейкі,
Што да сонца памкнецца
З магільнага капца.
Згаданыя кнігі Венанцыя
Бутрыма і Івана Лагвіновіча выйшлі малымі накладамі і знайсці іх можна хіба што
ў саміх Баранавічах, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а таксама ў вышэйшых
навучальных установах, якія рыхтуюць гуманітарыяў.
Цяпер “Святліца” рыхтуе патрэбныя дакументы, каб атрымаць дазвол ад гарвыканкама на выраб і ўсталяванне мемарыяльных дошак на дамах, дзе жылі Бутрым і Лагвіновіч.
Алесь Бакач
На фота: Венанцы Бутрым, Іван Лагвіновіч, а таксама вокладка калектыўнага зборніка "Святліца", дзе ёсць творы абодвух аўтараў