Вялікае Княства ў Маленькім палацы Радзівілаў

Выставачныя залі, а таксама ўнутраны дворык музея былі аддадзеныя ў поўную ўласнасць прадстаўнікам беларускай і літоўскай творчай інтэлігенцыі: музыкам, мастакам, літаратарам, а таксама ўсім жадаючым адчуць сябе грамадзянамі славутых часоў росквіту Вялікага Княства Літоўскага.

Адной з галоўных літаратурных “разынак” Княства стала сумесная паэтычная дзея беларускіх і літоўскіх інтэлектуалаў і інтэлектуалак “To Bе or not to Be” — у таямнічых прыцемках залі “Гамлет” яны прачыталі часткі маналогу шэкспіраўскага героя на англійскай, беларускай і літоўскай мовах. Пасля беларускія паэткі Сабіна Брыло, Наста Кудасава, Віка Трэнас, Юля Цімафеева і паэт Анатоль Івашчанка прадставілі слухачам уласныя вершы.

Злева направа: Адам Глобус, Альгерд Бахарэвіч, Аляксей Андрэеў, Вітаўтас Бруверыс, Геркус Кунчус

Не абыякавыя да ролі і месца сучаснай Беларусі і Літвы ў гісторыі Еўропы мелі магчымасць паразважаць над гэтымі (і не толькі) пытаннямі разам з удзельнікамі подыумнай дыскусіі “Літва і Беларусь паміж Вялікім Княствам і Вялікай Еўропай” — галоўным рэдактарам часопіса “Монолог” і, па сумяшчальніцтву, мадэратарам дыскусіі Аляксеем Андрэеевым, мастаком і пісьменнікам Адамам Глобусам, пісьменнікам і перакладчыкам Альгердам Бахарэвічам, літоўскім пісьменнікам і былым старшынём літоўскага ПЭН-цэнтра Геркусам Кунчусам і журналістам Вітаўтасам Бруверысам.

Таксама ўпершыню ў Вільні быў прэзентаваны супольны праект дыпламата, Амбасадара Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, літоўскага паэта Эвалдаса Ігнатавічуса і беларускай мастачкі Ганны Балаш – АРТ-кніга “СПРАВА нумар Я”.

Работы Бірутэ Кускайтэ

Увогуле, кожны мог выбраць сабе занятак па ўласным гусце. Тут можна было пад чуйным кіраўніцтвам мастацтвазнаўцы Таццяны Бембель азнаёміцца з экспазіцыямі беларускіх мастакоў і культурніцкіх дзеячоў Аляксея Андрэева, Ганны Балаш, Уладзімера Гераўкера, Адама Глобуса, Максіма Петруля і Уладзіміра Цэслера, а таксама літоўскай мастачкі Бірутэ Кускайтэ, паглядзець фільмы “Божа Мой” і “Свята, якое заўжды” рэжысёркі Галіны Адамовіч, дакументальныя стужкі “Нерэальная рэальнасць. Марк Шагал” і “Гэты дзіўны свет… Чэслаў Немэн” ад сцэнарысткі Веры Савінай і рэжысёркі Зоі Катовіч, паслухаць песні Гервяцкага краю, патанчыць ва ўнутраным двары музея пад гучныя спевы беларускіх гуртоў Pawa і Guda ці выправіцца на другі бераг Віліі ў Teatro Arena і ўволю патанчыць разам з удзельнікамі музычнага фестывалю Belarus 2015 Alternative.

Адным з арганізатараў мерапрыемства выступіла Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.

Прэсавая служба СБП

Дзякуем Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь за прадастаўленыя фота