Вялікія князі і князёўны Паэзіі
"Вялікае Княства" сапраўды кожны раз і кожны год паказвае ўласную вялікасць - нязменна шмат выступоўцаў дэманструюць самыя розныя паэтычныя практыкі: ад традыцыйнай лірыкі да авангарднай, перакрыжаваная перастрэлка перакладаў на некалькі моў адразу, агучаная дзвюма ці трыма асобамі са сцэны, розныя літаратурныя пакаленні: ад цяжкавагавікоў-класікаў да зусім маладых і нават дэбютантаў у публічных выступах.

Уладзімір Арлоў

Чытанні старэйшага пакалення паэтаў і паэтак перамяжоўваліся з успамінамі пра патрона фестывалю. Так, паэтка Раіса Баравікова нямала распавяла пра сваё знаёмства з Міхасём Лявонавічам. Зазвычай фестываль адкрываўся ў дзень народзінаў Стральцова, але сёлета імпрэзы падзяліліся, і 14 лютага, у дзень 80-годдзя, у музеі Багдановіча можна будзе паслухаць значна больш успамінаў пра пісьменніка. Раісу ж Баравікову з месца дапаўняла Алена Дзмітрыеўна Стральцова. Размова пазней працягнулася і ў кулуарах.


Антанас Янінас
Нязменны мадэратар Вялікага Княства паэзіі Андрэй Хадановіч прачытаў з новай кнігі выбранага Рыгора Барадуліна верш «Прыбалтыка» і запрасіў на сцэну паэта Антанаса Янінаса, выдатнага і вядомага літоўскага літаратара, перакладчыка «Фаўста» Гётэ, старшыню Літоўскага саюза пісьменнікаў.Антанас Янінас: «Я вельмі рады выступаць на гэтым выдатным фестывалі і рады, што працягваецца гэтая задума – узнаўляць Вялікае Княства паэзіі, якая нарадзілася не без дапамогі літоўскіх паэтаў”.

Дзмітрый Строцаў
Да перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч, якая прачытала беларускія пераклады Дзмітрыя Плакса, далучыўся паэт і перформер Дзмітрый Строцаў, які прачытаў вершы Мары Лундквіст на рускай мове. Яны пазнаёміліся ў Швецыі і мінская сустрэча была прыемнай неспадзяванкай для Дзмітрыя Строцава.
Умка
Упершыню на Стральцоўскім фэсце выступала расійская спявачка, паэтка і перакладчыца Ганна Герасімава (Умка). Сольна і разам з гуртамі “Браневічок”, “Новы склад” яна некалькі дзясяткаў гадоў вядзе маштабную канцэртную дзейнасць, выступаючы як на салідных пляцоўках і фестывалях, так і на стыхійна арганізаваных кватэрніках, дзе з гледачоў не патрабуюць уваходнага квітка.Ганна Герасімава пераклала з англійскай мовы на рускую раманы бітніка Джэка Керуака “Валацугі Дхармы” і “Біг Сур”, але найбольш вядомая як перакладчыца літоўскай паэзіі: у яе перастварэнні выйшлі вершы Гінтараса Патацкаса, Антанаса Янінаса, Генрыкаса Радаўскаса.
Кася Сянкевіч



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", ФОТА: Аляксандр Кісялёў, budzma.by