Вялікія надзеі, альбо Назад у дзевяностыя

Толькі цяпер гэты неспакойны дух займеў увасабленне: паўтысячы старонак публіцыстыкі і прозы “Пад сузор’ем сярпа і молата”.

Яна мелася стаць своеасаблівай “бомбай”. Барыс Сачанка ледзве не ў кожным творы (а што да публіцыстыкі, дык тут без ніякіх выняткаў) звяртаецца да найвастрэйшых беларускіх тэм: Вялікая Айчынная з усімі яе цёмнымі кутамі, Чарнобыльская катастрофа, беларуская эміграцыя, расстраляная літаратура і пытанне мовы... Нават аповесць “Засталіся толькі ўспаміны”, аўтабіяграфічная, асабістая, з камернага гучання часам пераходзіць на публіцыстычнае: героі быццам становяцца за нябачную трыбуну і выказваюць набалелае за дзесяцігоддзі, пражытыя пад тым самым сузор’ем. Гэтую аповесць Барыс Сачанка прысвяціў маці, Веры Міхайлаўне, аднак на першым плане ўвесь час застаецца бацька Іван. Яго прысутнасць адчувальная нязменна. Ад яго, відаць, аўтар пераняў нязломнасць у пытанні чалавечае годнасці, добрую ўпартасць. І яму пісьменнік даверыў важныя словы: “І дакуль над чалавекам быццам з бізунамі стаяць будуць, загадваць, патрабаваць, проста са свету зжываць. Бальшавікі, немцы, паліцаі, партызаны… Быццам насланнё якое… І ўсе пагражаюць, страшаць… Ідзі туды, рабі тое… І кеб жа гуляў я, ані нічога не рабіў! А то ж свету божага з-за работы не бачу”.

І тут, услед за Купалам, якога цытуе Сачанка ў адным з эсэ, можна запытацца: “Што было пятнаццаць год таму і што мы бачым цяпер?”

Вядома ж, сумна, калі аўтару так і не даводзіцца пабачыць сваю кнігу – тым больш ім самім падрыхтаваную, укладзеную, даведзеную да апошняй кропкі (тут ― красамоўнага клічніка). Але тыя дваццаць гадоў, што размежавалі стварэнне і выхад кнігі, дазваляюць на старыя пытанні паглядзець з новага ракурсу.

“Пад сузор’ем сярпа і молата” чытаецца адразу як бы ў двух вымярэннях, з пазіцый сучаснасці і часоў напісання (найпазнейшыя тэксты пазначаныя 1993 годам, за два гады да смерці пісьменніка). Ёсць магчымасць супаставіць вялікія надзеі аўтара з тым, што мы сёння маем. І супаставіўшы, зразумець, што нават вялікага Сачанкавага аптымізму наўрад ці б хапіла на гэтыя дваццаць гадоў.

Пісьменнік не раз звяртаўся да чарнобыльскай тэмы. “Пад сузор’ем…” не выключэнне: ёй прысвечаныя старонкі ў аповесці-ўспамінах, апавяданне “Гарадок на Палессі”, паасобныя згадкі ў публіцыстыцы. Зазвычай Сачанка вельмі стрыманы, стыль яго канстатацыйны, але і пры такіх умовах адчувальна, што боль аўтара не адцягнена-тэарэтычны: гэта боль чалавека, які двойчы згубіў радзіму – родная вёска пісьменніка Вялікі Бор была вынішчаная ў час вайны, затым — адмежаваныя ад жыцця катастрофай на АЭС. Ставячы крыж на малой радзіме, ён спадзяецца на лепшае для Радзімы большай.

І што б ён убачыў сёння? Будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Сачанка з вялікім энтузіязмам казаў пра будучыню беларускай культуры. У публіцыстычных матэрыялах, інтэрв’ю, што таксама ўвашлі ў зборнік і дапоўнілі, працягнулі шматлікія яго эсэ, ён абараняе нацыянальныя сімвалы – прынятыя на той час герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг. Зацята змагаецца з цемрашальствам чыноўнікаў, каб “Закон аб мовах у Беларускай ССР” займеў рэальнае ўвасабленне і працаваў. Нават завёў палеміку з галоўным пракурорам краіны (фантастыка!). Так, кажа пісьменнік, яшчэ шмат працы, але ўсё будзе, будзе!..

І што б ён ўбачыў сёння? Тыя ж лебедзь, рак ды шчупак дасюль не могуць паразумецца з моўнымі нормамі, пра што Сачанка дваццаць гадоў таму казаў: “На маім Палессі ніхто не прымусіць чалавека веласіпед называць “роварам”, ніхто не будзе “жагнацца”, а будуць хрысціцца, ставіць снапы ў бабкі, а не ў “мэндлі”… Не будуць, як таго каму і хочацца, — я ў гэтым перакананы! — гаварыць і “глёбус”, “кляс”, “філязоф” і г.д. Не навязваць трэба народу, як яму гаварыць, а вучыцца мове ў народа”.

Зведаўшы на ўласнай скуры недавер да остарбайтараў, пераслед за літаратурную дзейнасць, Барыс Сачанка ў эсэ, прысвечаных беларускай эміграцыі і рэпрэсаваным літаратарам, не спяшаецца ні абвінавачваць, ні апраўдваць. У выніку атрымліваем партрэты неадназначныя, супярэчлівыя, ад якіх не патыхае ані бронзай, ані цвіллю. Узяць Кандрата Крапіву, які “ў самы разгар рэпрэсій напісаў “Хто смяецца апошнім””, склаў задзірыстыя прыпеўкі “Нэпія” ў 1924-м — і ён жа ў 1931-м утрапёна выкрываў памылкі сваіх жа “ўзвышэнцаў”. І такіх партрэтаў – цэлая галерэя.

Факты, якіх так багата ў апошняй кнізе Барыса Сачанкі, збіраліся ўпотайку, па прыватных бібліятэках, з дапамогай навукоўцаў. Так, сёння імёны беларускіх творцаў-эмігрантаў і рэпрэсаваных пісьменнікаў вядомыя, як і іх творчасць, — дзякуючы людзям, якія аддалі на гэтае вяртанне процьму сіл і часу. Адным з першых такіх “адраджэнцаў” быў Барыс Сачанка. Прыкладам, факсіміле “Матчынага дару” Алеся Гаруна зробленае з асобніка, які Сачанка “набыў і захоўваў употайкі, за гэта тады восем год давалі”.

Факталагічную частку кнігі належным чынам ацэняць гісторыкі і літаратуразнаўцы. Я ж адзначу нязменную павагу аўтара да асобы, якая не дазваляла яму пускацца ў кпіны і з’едлівую іронію датычна тых, хто, быць можа, заслугоўваў і горшага. Цікава, што гэтая інтэлігентнасць, як і жаданне трымацца праўды, выйшлі пісьменніку бокам: адныя абвінавачвалі яго ў “абяленні” ворагаў, іншыя — у “ачарненні” змагароў за беларушчыну.

А пра сябе Сачанка гаворыць мала. Нават успаміны дзяцінства звернутыя збольшага да родных, аднавяскоўцаў, побыту. Такая адасобленасць ад свайго “я”, засяроджанасць на знешнім, погляд, скіраваны на пэўны прадмет, лішні раз сведчаць пра публіцыстычнае адценне таленту, што адбіваецца і ў мастацкай прозе (якой не так і шмат у новай кнізе). Апісання дзеля апісання, дзеля “краснага слоўца” ў Сачанкі не знойдзеш. Ён лаканічны ― але гэта не замінае яму быць пераканаўчым.

Наста Грышчук, для lit-bel.org