«Вяртанне на Радзіму» – выйшла кніга Анатоля Санаценкі

«Вяртанне на Радзіму» – першая кніга Анатоля Санаценкі на беларускай мове. Як паведамляе аўтар, "кніга ўяўляе сабой – у паэтычнай яе частцы – «мадэль» беларускай літаратуры 20-га – пачатку 21-га стагоддзяў. Паколькі ў ёй вершы ад «рамантызму» да цалкам сучасных, мадэрнісцкіх, быць можа, нават – не пабаімся гэтага слова! – постмадэрнісцкіх – месцамі – тэкстаў. У кнізе – пра «Радзіму, жанчыну, каханне»; пра шлях аўтара да беларушчыны; пераклад  з Гіёма Апалінэра, дзед і маці якога былі з Беларусі...".

Санаценка Анатоль Казіміравіч, нар. 2.10.1969 г. у Бабруйску. У 1985-1989 гг вучыўся ў Мастацкай вучэльні, з 1992 г. працуе ў журналістыцы, на цяперашні час выдавец і галоўны рэдактар газеты “Бабруйскі кур’ер”. Аўтар кніг вершаў “Пранізлівае быццё” (2001), “Праклятыя вершы” (2007), "Постскрыптум" (2013). Як паэт, празаік і драматург публікаваўся ў мясцовым, рэспубліканскім, а таксама расійскім друку. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-Цэнтру.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"