Вясна разумее па-ўкраінску!

Калі зіма ідзе да нас з поўначы, то вясна – з поўдня, а таму цалкам натуральна, што беларускія перакладчыкі вырашылі паклікаць вясну, чытаючы пераклады з літаратуры нашай паўднёвай суседкі – Украіны. Вечарына прайшла 3 сакавіка ў кнігарні “логвінаЎ” пры падтрымцы агульнанацыянальнай грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі!” – і, мяркуючы па сённяшнім надвор’і, была вельмі паспяховай.

Вядоўца вечарыны Андрэй Хадановіч, аднак, параіў гасцям не надта спадзявацца на тое, што зараз іх пачнуць частаваць традыцыйнымі блінамі (хаця гасцей гэта не напалохала, і шэрагі аматараў украінскае літаратуры засталіся такімі ж шчыльнымі, як і былі), а таксама нагадаў, што 3 сакавіка – гэта яшчэ і Міжнародны дзень пісьменніка, а таксама дзень бітвы на Нямізе і, адпаведна, дата першай згадкі пра Менск у летапісе. Пасля кароткай гістарычнай даведкі вядоўца вырашыў больш не паглыбляцца ў перыпетыі гісторыі сталіцы і адкрыў вечарыну.

Першым выступаў Валеры Стралко – перакладчык украінскай літаратуры (пераважна паэзіі) на беларускую мову і беларускай – на ўкраінскую. Ён прачытаў свае пераклады з Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі (верш, напісаны пісьменніцай ва ўзросце 9 гадоў), а потым звярнуўся да беларускай паэзіі і прачытаў вершы Рыгора Барадуліна, Ніны Мацяш, Уладзіміра Някляева, Зянона Пазняка, Анатоля Сыса, Сержука Сыса і Леаніда Дайнекі ў сваім перакладзе на ўкраінскую.

Кацярына Маціеўская прачытала тры вершы Багдана-Ігара Антоныча: “Рамантызм”, “Песня пра вечнасць матэрыі” і “Апакаліпсіс”.


Уладзімір Арлоў пачаў свой выступ, павіншаваўшы ўсіх прысутных з Днём пісьменніка ад імя Уладзіміра Някляева, а таксама згадаўшы пра нядаўні Дзень роднай мовы, і прачытаў свае пераклады з Марыны Саўкі і Аляксандра Ірванца, у тым ліку пераклад яго нядаўняга ліста вязням КДБ.

Вера Бурлак вырашыла выступіць супраць усіх магчымых вясновых стрэсаў і дэпрэсіяў, агучыўшы некалькі вясёлых вершаў Галіны Петрасаняк і Аляксандра Ірванца, які такім чынам зрабіўся самым чытаным, пасля Сяргія Жадана, аўтарам вечарыны.

Урыўкі з жаданоўскага апавядання з правакацыйнай назвай “Порна” і не менш правакацыйным зместам зачытаў Андрэй Адамовіч. Тыя, каго зацікавіў гэты твор, могуць дачытаць яго на старонках часопіса “ПрайдзіСвет”.

Пасля выступу Андрэя Адамовіча арт-дырэктар кнігарні Павал Касцюкевіч разыграў некалькі прызоў ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, змусіўшы гледачоў перакладаць на ўкраінскую словы “спортпляцоўка” і “муж з жонкай”, а потым раздаўшы ўсім прысутным раздрукоўку з кароткім украінска-беларускім слоўнікам – мабыць, спадзеючыся, што пасля гуканняў вясны перакладчыкі-ўкраіністы (колькасць якіх пасля чытання слоўнічка значна павялічыцца) захочуць пагукаць яшчэ і лета.

Калі ўсе раздрукоўкі былі раздадзеныя, вядоўца са спакойнай душой абвясціў пачатак украінскамоўнай відэачасткі вечарыны – бо цяпер кожны меў дзе падгледзець незразумелае слова, і група тэхнічнай падтрымкі прадэманстравала тэлесюжэты, у якіх маладыя ўкраінскія паэты (Алег Коцараў, Кацярына Бабкіна, Дзмітро Лазуткін, Паўло Карабчук) чыталі свае вершы. Віртуальна на вечарыне папрысутнічаў таксама Сяргей Прылуцкі, прачытаўшы два свае пераклады.

Пасля віртуальных візітаў выступіла Таццяна Урублеўская з перакладам апавядання Юрыя Вінічука “Манная каша”, якое з ласкавай згоды перакладчыцы мы змяшчаем на сайце, а таксама эсэ Тараса Прахаські “А лес расце”.

Віталь Рыжкоў прачытаў пераклады вершаў Сяргія Жадана, надрукаваныя ў яго зусім новай кнізе “Дзверы, замкнёныя на ключы”. Новая кніга была прадэманстраваная публіцы, праўда, патрымаць яе нікому не далі.

Апавяданне Тані Малярчук “Love animals” прачытала Марыя Мартысевіч.

Закрываў вечарыну Андрэй Хадановіч у кампаніі з Юрыем Андруховічам, Андрыем Бондарам і Сяргіем Жаданом. Калі б пасля гэтага вясна так і не прыйшла, ёй напраўду не было б ніякага даравання.

prajdzisvet.org