"Вясна жыццядайная": 7 красавіка – Дзень памяці Ларысы Геніюш

Ларыса Геніюш

***

А вясна жыццядайная, дружная.

Засмяялася сонца ўгары.

Белы снег, як палотнішча кужалю,

у сувой згартаюць вятры.

Птушкі з выраю.

Ты не са мною,

і дарма цябе ў хату чакаць.

I душы маёй не загоіць

распагоджаны спеў жаўрука

Ларыса Геніюш

Арлы не пакідаюць гнёзд

 

Кінулі мы ветру сцежкі-межанькі.

Пасумнела на старых кутах.

Зіхаціць з канца ў канец аб’езджаны,

выліты асфальтам шлях.

 

Кліча да вандровак, смелых вылетаў,

вырывае птушанят з гнязда,

каб з вясняным, самым першым выраем

з жураўлямі іх вярнуць назад.

 

Кліча дом сцяжынкаю пратоптанай.

Маці стомлена дамоў пайшла.

Зноў трывожаць сэрца тыя клопаты

з наднямонскага радзімага сяла.

 

Здаецца, ступіш – і зямля загутарыць,

загамоняць спеўна каласы,

сцежкі зноў зазелянеюць рутаю,

птушкі мераюць завоблачную сінь.

 

Бацькаў зруб, акраец жытні хлеба,

цішыня, ахвочай працы час.

I дымок над хатамі да неба,

і руплівасць матчына аб нас.

 

Сэрца, нібы яблык, налілося

буйным сокам роднае зямлі.

Сонца ўсюды. Кос вярбовых россып.

Хлеб з прыполу роднае зямлі.

 

Восень зноў. I жураўлі цыбатыя

Адлятуць у край чужы наўпрост.

Толькі мы душой з сваімі хатамі.

Бо арлы не пакідаюць гнёзд.

Ларыса Геніюш

nn.by