Вясновыя сустрэчы на Магілёўшчыне

Сяргей Украінка і Вольга Лунькова

Амаль 100 вучняў магілёўскай сярэдняй школы № 45 прыйшлі 21 лютага на сустрэчу з паэтам, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Сяргеем Украінкам. Адбылася размова пра мову, літаратуру і ўвогуле пра жыццё. Госць чытаў свае вершы і празаічныя мініяцюры. Арганізавала сустрэчу настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Лунькова.

Стас Лукоўскі, Андрэй Шарахоўскі, Тамара Аўсяннікава, Насця Падрабінкіна. Фота з сацыяльных сетак

У той жа дзень у Магілёве ў моладзевым кафэ "Неба" адбылася паэтычная вечарына "Пульс кахання", на якой свае вершы чыталі маладыя паэты Вольга Бялова, Дзяніс Пылыпіў, Кацярына Хадасоўская, Іван Глякаў, Насця Падрабінкіна, Андрэй Шарахоўскі, Таццяна Асмалоўская, Андрэй Варапаеў і Стас Лукоўскі. Некаторыя з іх з'яўляюцца выхаванцамі гарадскога літаратурнага клуба "Святліца", якім кіруе сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Тамара Аўсяннікава. Спадарыня Тамара таксама была запрошана на гэтую вечарыну, дзе змагла даць ацэнку паэтычнаму майстэрству сваіх вучняў.

24 лютага ў магілёўскім грамадскім цэнтры "Кола" Міхась Скобла прадставіў кнігу ўспамінаў, лістоў і архіўных знаходак "Выгнаны патрыцый", прысвечаную Міхасю Стральцову. Выданне ўбачыла свет напярэдадні 80-годдзя выдатнага беларускага паэта. Міхась Скобла адзначыў, што выконвае сваё абяцанне, якое даў слаўгарадскім землякам Міхася Стральцова.

Алена Стральцова і Таня Турандзіна. Фота з Фэйсбука Міхася Скоблы

Сваімі ўспамінамі падзялілася ўдава паэта -- Алена Дзмітрыеўна Стральцова. Пісьменнік і музыкант Юры Несцярэнка прапанаваў слухачам новую песню. Аздобіла вечарыну сваімі песнямі і Таццяна Грыневіч. А вучаніца беларускамоўнага класа магілёўскай сярэдняй школы № 34 Таня Турандзіна чытала на памяць вершы Стральцова.

Да 60-годдзя з Дня нараджэння паэта, ураджэнца Магілёўшчыны Алеся Пісьмянкова было праведзена некалькі тэматычных сустрэч.

27 лютага ў Магілёўскай абласной бібліятэцы адбылася вечарына "Белы бусел над Бесяддзю". Супрацоўнікі аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры бібліятэкі падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю аб жыцці і творчасці паэта. Сваімі ўспамінамі аб сяброўстве і сустрэчах з Алесем расказалі магілёўскія літаратары Сяргей Украінка, Віктар Кунцэвіч і Мікола Яцкоў. Спадар Яцкоў выканаў таксама некалькі сваіх песень на вершы Алеся Пісьмянкова.

Выступае Мікола Яцкоў

20 сакавіка ў Магілёўскую абласную бібліятэку на сустрэчу з творчасцю Алеся Пісьмянкова завіталі вайскоўцы магілёўскай вайсковай часткі 5523 Унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Госці з вялікай цікавасцю слухалі вядучых імпрэзы, бібліятэкараў Вольгу Бязмен і Кацярыну Прохараву, якія распавялі пра жыццёвы і творчы шлях славутага паэта Магілёўшчыны. Таксама была падрыхтавана відэапрэзентацыя, якую дэманстравала загадчыца аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры Тамара Калініна.

Аб сустрэчах і сяброўстве з Алесем Пісьмянковым распавёў літаратар і кампазітар Мікола Яцкоў. Ён расказаў пра тое, як ствараліся песні на вершы Пісьмянкова, якую станоўчую ролю яны адыгрываюць і сёння на Касцюковіцкай зямлі, і выканаў некаторыя з іх.

Літаратуразнаўца Яраслаў Клімуць прадставіў свае ўспаміны, дзе вялікае месца займае знаёмства з Алесем Пісьмянковым, які пайшоў заўчасна з жыцця, але пакінуў пасля сябе вялікую і ўдзячную памяць.

Выстава, прысвечаная творчасці Алеся Пісьмянкова

“Горкі – адзін з маіх самых любімых гарадоў. Ёсць там нейкая своеасаблівая аўра, светлая і чыстая. Можа, таму, што ў гэтым горадзе шмат прыгожых інтэлігентных людзей з адухоўленымі тварамі і яснымі вачыма, можа, таму, што ягонымі вуліцамі хадзілі і думалі волаты беларускага духу браты Гарэцкія, а магчыма, проста сваю высакародную справу робіць слаўная спадарыня Гісторыя…” – пісаў Алесь Пісьмянкоў у адным з сваіх артыкулаў.

“Любіць прызначана мне лёсам…” – гэтыя лірычныя радкі паэта ляглі ў аснову вечарыны, прысвечанай памяці Алеся Пісьмянкова, падрыхтаванай супрацоўнікамі Цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага і Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, якая ў сценах гэтага музея і адбылася 28 лютага.

Лідзія Андрэева са сваёй новай кнігай. Фота Міхаіла Ляўцова

20 сакавіка ў Горацкай раённай бібліятэцы імя М. Гарэцкага адбылася прэзентацыя новага зборніка сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, удзельніцы народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Лідзіі Андрэевай — «Ніці». Павіншаваць вядомую мясцовую паэтку з выхадам дзявятай кніжкі сабраліся сябры, калегі ды проста зацікаўленыя яе творчасцю людзі.

П. Сініцына, А. Шынялёва, Г. Папікян, Т. Аўсяннікава, В. Шпакоўская. Фота Крысціны Башарымавай

А ў Сусветны дзень пісьменніка гарадскі літаратурны клуб “Святліца” завітаў да студэнтаў факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства МДУ імя А. А. Куляшова. Іх сустрэлі намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай працы Ірына Батура і выкладчык кафедры псіхалогіі Арсеній Джанашыа.

Кіраўніца клуба, пісьменніца, сябра СБП Тамара Аўсяннікава расказала аб гісторыі заснавання гэтага свята, узгадала пісьменніцкія грамадскія аб’яднанні і перыядычныя выданні, якія існуюць у Беларусі. Спадарыня Тамара пазнаёміла са сваёй творчасцю, прачытала некалькі вершаў і прадставіла удзельнікаў клуба -- Крысціну Башарымаву, Ганну Папікян, Вольгу Шпакоўскую і Паліну Сініцыну. На памяць аб сустрэчы Т. Аўсяннікава падарыла І. Батура сваю кніжку вершаў “Скрыжалі” , а А. Джанашыа – літаратурны альманах “Брама”.

Напрыканцы сустрэчы выступоўцам падарылі жоўтыя цюльпаны.

Паводле матэрыялаў, дасланых Магілёўскім абласным аддзяленнем СБП