XV з'езд славістаў адкрываецца ў Мінску

Форум будзе працягвацца да 27 жніўня. У ім прымуць удзел больш за 600 навукоўцаў з Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Беларусі, Балгарыі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Нямеччыны, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Украіны, Японіі і іншых дзяржаў — усяго 35 краін.

Афіцыйнае адкрыццё з'езду адбудзецца 21 жніўня ў канцэртнай зале «Мінск». Асноўная навуковая праграма пройдзе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце з 22 па 26 жніўня. Яна ўключае ў сябе пленарныя і секцыйныя паседжанні, круглыя сталы, паседжанні спецыяльных камісій, акрэдытаваных пры Міжнародным камітэце славістаў.

22 жніўня адкрыецца выстава славістычнай літаратуры, выдадзенай за апошнія пяць гадоў у розных краінах.

Міжнародныя з'езды славістаў — буйныя навуковыя форумы, прысвечаныя праблемам развіцця славянскіх моў, літаратур, культур, фальклёру ў іх узаемадзеянні. Форум праводзіцца з 1929 года кожныя пяць гадоў у славянскіх краінах.

«Гэты з'езд — найбуйнейшы з сучасных навуковых форумаў, на якіх разглядаюцца праблемы развіцця славянскіх моў, літаратур, культур, фальклёру», — паведаміў напярэдадні ягонага адкрыцця старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец.

«На нашым з'ездзе значная ўвага будзе ўдзеленая праблеме сучаснага развіцця славянскіх моў. Феноменам славянскай моўнай прасторы сёння з'яўляецца тое, што яна імкліва пашыраецца. Толькі ў апошнія 20 гадоў на мапе свету ўзніклі новыя славянскія краіны. Акрамя таго, з'явіліся і замацаваліся новыя славянскія літаратурныя мовы»,— зазначыў Аляксандр Лукашанец у інтэрв'ю тэлеканалу СТВ.

svaboda.org