XVI З’езд ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” адбыўся

XVI справаздачна-выбарчы З’езд ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” прайшоў 10 снежня ў Палацы Мастацтваў у Мінску.

 

Вітальным словам З’езд адкрыў Генадзь Бураўкін. Эдуард Акулін зачытаў прывітаньні Народных паэтаў Беларусі Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна. У сваім звароце да калегаў па пяры Рыгор Барадулін назваў чатырох кітоў, на якіх, на яго думку, трымаецца беларуская літаратура: Коласа, Купалу, Быкава і Караткевіча.

Добрыя зычанні ўдзельнікам З’езда перадалі і міжнародныя пісьменніцкія арганізацыі, а таксама Саюзы пісьменнікаў Германіі, Швецыі, Расіі (Масквы) ды інш. Удзельнікаў З’езда вітаў і Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Каралеўства Швецыя ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

У адпаведнасці з парадкам дня ўдзельнікі З’езда заслухалі справаздачны даклад старшыні Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменьнікаў” Алеся Пашкевіча.

У спрэчках па дакладзе выступілі сябры арганізацыі: Анатоль Бароўскі, Віктар Казько, Анатоль Вярцінскі, Ала Сямёнава, Іван Мельнічук, Кастусь Цвірка, Аляксандр Фядута, Эрнест Ялугін ды іншыя.

На З’ездзе быў абраны новы старшыня Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” ― Барыс Пятровіч (Сачанка), а таксама новы склад кіраўнічых органаў арганізацыі: Рады ў складзе 35 чалавек і Рэвізійнай камісіі ў складзе 5 чалавек.

Барыс Пятровіч

Удзельнікі з’езда прынялі рэзалюцыю і тры заявы, прысвечаныя надзённым пытанням. Больш падрабязная справаздача з XVI справаздачна-выбарчага З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і дакументы, прынятыя на ім, будуць надрукаваныя ў бліжэйшым часе.

Апошняе фота -- svaboda.org

Прэсавая служба СБП