ЯЎГЕНІЙ ЕЎТУШЭНКА І МАДЭЛЬ АД КДБ

ЯЎГЕНІЙ ЕЎТУШЭНКА І МАДЭЛЬ АД КДБ


Рускі паэт Яўгеній Еўтушэнка распавёў на старонках La Stampa аб тым, як за ім сачылі, каб ён не скончыў жыццё самагубствам. Як прызнаўся паэт, штораз, калі ён трапляў у няміласць, з’яўляліся чуткі аб тым, што ён здзейсніў самазабойства. Так адбылося і ў 1963 годзе, калі на старонках савецкіх газет можна было прачытаць вялікую колькасць негатыўных адзнак яго творчасці.

У гэты час Я. Еўтушэнка пазнаёміўся з літоўскай мадэллю Аушрай, з якой у яго пачаўся прыгожы раман. Якое ж было расчараванне паэта, калі ён даведаўся, што цудоўная незнаёмка – спецагент, прыстаўлены, каб сачыць за ягоным маральным духам.
“Маладзіцы з даўжэзнымі нагамі, з вялізнымі вачыма, з доўгімі валасамі, падабаліся мне літаральна ўсе; але асабліва мяне ўразіла іх вядучая мадэль, не занадта высокая, з блакітнымі вачыма і валасамі колеру лёну, выкладзенымі ў фрызуру, як у царыцы маіх дзіцячых сноў, амерыканскай кіназоркі Дыяны Дурбін; яе непаўторная хада была падобная на танец...”.
Маладзіцу, якая заваявала Еўтушэнка, звалі Аушра. “Калі паміж намі адбылося тое “Вялікае штосьці”, – успамінае паэт, – непарыўнае з шумам лістоты над нашымі злітымі целамі, з калыханнем рамонкаў і званочкаў і з мурашкамі, што казыталі нам скуру, я ўбачыў, што вочы Аушры сталі яшчэ больш вялізнымі і глыбокімі ад слёз, якія нечакана пацяклі ў яе з вачэй... Я акунуўся ў гэтыя вочы, я плаваў у іх сцюдзёнай свежасці, уздрыгваючы і забываючы ўсе абразы, якія мне нанеслі дзесьці там, далёка, на зямлі... Я незвычайна добра пачуваўся разам з Аушрай. Яна была першай жанчынай у маім жыцці, якая прынесла мне сняданак у ложак, і я, не хаваю, атрымліваў асалоду ад гэтага. Магчыма, яна была адзінай еўрапейскай жанчынай у маім жыцці, у поўным сэнсе слова”.
Але аднойчы, калі Аушра была на кухні і гатавала каву, Еўтушэнку захацелася курыць, і ён пачаў шукаць цыгарэты ў яе сумачцы. Нечакана паэт убачыў дзіўную тэлеграму на яе імя. Замест літар там былі адны лічбы. “Прыгледзеўшыся ўважлівей, я разгледзеў расшыфроўку па-расійску, падпісаную алоўкам прыгожым почыркам настаўніка каліграфіі: “Працягвайце назіранне за даручаным вам аб’ектам. Паспрабуйце адцягнуць яго ад думак аб самазабойстве. Яго самазабойства можа быць скарыстана нашымі ідэалагічнымі ворагамі. Рабіце ўсё магчымае, каб усяліць у яго аптымізм”. Кароткі подпіс: "Цэнтр"”.
Убачанае, натуральна, моцна знервавала Еўтушэнку. Яшчэ больш паэта здзівіла рэакцыя Аушры. “Яна не кінулася да маіх ног, просячы прабачэння. Яна, падавалася, скамянела, ператварыўшыся ў адну з тых літоўскіх мадонаў, якія стаяць на скрыжаваннях. Потым яна павольна паставіла паднос на начны столік побач з ложкам, і рэзка дастала з сумачкі іншы лісток, цалкам пакрыты літарамі і лічбамі”.
На ім было напісана: “Даручаны мне аб’ект падчас сустрэч з літоўскай інтэлігенцыяй абвяшчаў тосты за руска-літоўскае сяброўства і, у прыватнасці, за здароўе Мікіты Сяргеевіча Хрушчова. У той жа час ён цвёрда асуджаў спробы заходняй прэсы скарыстацца чуткамі аб яго самазабойстве. З Вільнюса ён выляціць у Сібір, каб апець працу будаўнікоў Братскай ГЭС. Я паспяхова выконваю даручанае мне заданне па ўздыме яго духу”.
Тады Аушра распавяла, як яе завербавалі, шантажуючы з-за цёткі, якая збегла ў Канаду.
Еўтушэнка разумеў, што ў нейкім сэнсе каханая жанчына на яго “даносіла”, аднак сваімі “даносамі” яна яму дапамагала. Нягледзячы на гэта, паэт зразумеў, што больш не можа яе кахаць. “Вельмі страшна нечакана даведацца, што рука, якая цябе лашчыла ўначы, раніцай пісала шыфраваныя пасланні аб табе ў нейкі "Цэнтр"”.