Яе постмадэрнісцкая чуллівасць

Вызначальным для другой кнігі Юлі Цімафеевай застаецца пошук. Зазвычай гэтая рыса пераважае ў дэбютных зборніках. Па ўсім відаць, “Кніга памылак” не дала ўсіх адказаў на творчыя запыты аўтара, і працэс самавызначэння працягваецца.

Гэтая акалічнасць непазбежна ўплывае на партрэт гераіні. Жанчына-падлетак, якая ўсё яшчэ вагаецца паміж складнікамі азначэння. Ад першага ― чуллівасць, увага да колераў, тонкіх штрыхоў, а галоўнае – прага знайсці баланс, лагоднае заспакаенне. Ад другога ― бунтарства, “зубатасць”, якая расшыфроўваецца ў адным з вершаў зборніка, жаданне зруйнаваць свет, каб на яго руінах збудаваць сябе сапраўдную. Як бачым, памкненні даволі супярэчлівыя, і ўражанні ад зборніка, адпаведна, неадназначныя.

Сцэнар класічны: сутыкаюцца паняткі “павінна” і “хачу”. Гэта выдатна бачна ўжо ў першым вершы зборніка “Цырк” ― аднайменным кнізе, дзе насуперак усяму паміж пустак-балот беларускай зямлі нараджаецца яркі шумны цырк. Але: ці сапраўды насуперак?.. Аўтарка ўпэўненая, што шэрая будзённасць з яе традыцыямі, каларадскімі жукамі ды народнымі прыкметамі заганяе вясёлы цырк у метафарычнае гета. Гэтаксама аўтарка/гераіня сцвярджае (ускосна): замкнёная сістэма грамадства з яго законамі душаць асобу, і чалавек у выніку робіцца падобны да абкарнанага дрэва, звыродлівага, пазбаўленага індывідуальнасці.

Вершы, насуперак сваёй стваральніцы, сцвярджаюць іншае: паэтка змагаецца не з грамадствам і навязанымі правіламі ― з самою сабой. Здагадка з’яўляецца, калі ў тэкстах, апроч арыгінальнасці, заўважаеш уласна памкненне да яе. Калі замест адкрыцця бачыш пошук: старанны, якасны, пад почырк строгай выдатніцы.

Радок за радком намацваецца праблема: паэтка прагне разняволенасці, свабоды, і ў адсутнасці іхняй абвінавачвае знешні свет, у той час як вершы ўказваюць на праблему ўласнага Я. Межы існуюць не вакол аўтаркі/гераіні ― у ёй самой. Адчуванне іх прыводзіць да бунту, да абароны свайго маленькага, адчайнага цырку. Словам, хораша быць сабой, але сябе яшчэ трэба знайсці. Нездарма Алена Карп звярнула ўвагу на вокладку зборніка: дзяўчына выглядвае з-за масіўных літар, партрэт яе фрагментарны, няпоўны. Гэтаксама гераіня выглядвае з-за абавязкаў, стэрэатыпаў, непад’ёмнага “павінна”, а галоўнае ― ілюзорных уяўленняў пра самую сябе.

Часам гераіня быццам бы просіць некага старонняга вызваліць яе з палону. Яна пачуваецца стомленай, часам нават знясіленай, і адчуванне гэтае змушае абараняцца. “Зубатыя кветкі прарастаюць з гэтага семя.” Але “зубы ў кветак нявострыя, зубы ў кветак нязлыя”. Гераіня не ёсць бунтаркай ад нараджэння: да гэтага змушаюць акалічнасці. Не вырасціш зубкі ― цябе самую з’ядуць жыўцом, нібы тую Насцю з апавядання Сарокіна. Варта памятаць таксама, што цырк – не толькі радасць і захапленне. Гэта яшчэ й дрэсіроўка, траўмы, боль і слёзы, страх і яго пераадоленне.

Паэзія Юлі Цімафеевай хоча быць смелай і здзіўляючай, але ў ёй усё адно прарываюцца спрадвечныя палі, бабскія хусткі, гумовыя боты. Узнікаюць адчуванне непазбежнасці, фаталістычныя ноткі:

Куды я выпаўзу

З-пад гэтых цёмных неахопных грудзей,

З-пад гэтага цяжкага чэрава,

З-пад гэтых урадлівых угноеных сцёгнаў...

Сэнс радкоў глыбейшы, чым можа падацца на першы погляд. Справа не толькі ў тым, што аграрная культура – падаснова ўсяго беларускага (усе памруць ― дажынкі застануцца). Справа ў іншым: гэтая зямля жыве ў кожным, з яе мы прарастем. Пастаў драбіны хоць да неба ― трымацца яны будуць на глебе, на тым самым угноеным полі. І пад заслону гераіня робіць смяротны нумар – прызнае малапрыемную ісціну:

Жвір і пясок.

на якім мы выраслі,

не вытрасці

з-пад уласнай скуры,

не заглушыць іх скрыгат.

Жвір ды дробныя каменьчыкі, насыпаныя ў крышталёвы пантофлік, змушаюць папялушку бегчы ад сябе, ад прынца, у Парыж, у свет кніг і філасофіі ― насамрэч, неістотна, куды. Зямля з’яўляецца ў вершах Юлі Цімафеевай вельмі часта. Не як родны куток, дзякуй богу, але як сімвал плоцевага, у якім адначасова – нараджэнне і смерць, нізкае і высокае, прагнае і бясконцае. Сябе паэтка таксама адчувае часткай зямлі (верш “Зіма не хутка скончыцца” ― выдатная ілюстрацыя). Гэтаксама красамоўны верш “Selfie”:

прарастаць з уласнага гною наноў.

паўтарацца, не паўтараючы.

Натуралістычныя штрыхі надзвычай пасуюць творам Цімафеевай. Яны разбаўляюць высокую, натхнёную стылістыку, ажыўляюць карціну за кошт кантрасту:

На вуліцы цёплыя ветры

І бляклыя фарбы.

Рака, белы бераг,

Качыны памёт.

Крок у сумёт,

Нага саслізнула

І лёгка прабіла

Нястрыманы лёд.

Пік такога натуралізму прыходзіцца на верш “Сэрца-Камароўка” ― мініяцюра а-ля Заля.

Цікава: адухаўляючы свет, паэтка надае яму жаночыя рысы ― і хаце, і саду, і Парыжу, і Камароўцы. З’ява неабходная ў збольшага маскуліннай паэзіі Беларусі (якая таксама “жанчына”, заўважым).

Пазнавальная рыса вершаў Юлі Цімафеевай – скразная метафара, на якой будуецца твор. Адзін цэнтральны вобраз, ад якога разгаліноўваюцца алюзіі.

У Парыжы столькі вуліц, мая Марта,

колькі ў цябе сівых валасоў.

Вуліц прамых і кучаравых,

часам сабраных адным пучком

на скрыжаванні,

часам распусных, даўгіх

і нястрымных.

З іншага верша:

Старая хата лысее,

катаракты на ўсіх чатырох вокнах,

косці бярвёнаў рыпяць

і зубы дзвярных зашчэпак

гайдаюцца ад ветру...

Аднак у прыёма гэтага ёсць зваротны бок: яго сістэматычны паўтор указвае на вершаскладанне, а не вершастварэнне, робіць твор прадказальным. Не заўжды арыгінальны вобраз тоесны паэзіі.

Калі паэтка давярае інтуіцыі, адкідае логіку як метад стварэння вобраза, з’яўляюцца непаўторныя сугуччы кшталту “Мая Марта” і “на Манмартры”, выдатныя тэксты ― “Альгерд і яго шахматная фігура”, “Зіма не хутка скончыцца”, “***у горадзе свята”, “***думаю пра свае апошнія дні”, “***Каму належыць маё імя?”, “Блышыны рынак”. У іх ёсць невытлумачальнае. І ўсё ж, нягледзячы на відавочную ўстаноўку на смеласць, аўтарка ўсё яшчэ заціснутая. Літтрадыцыяй? Патрабаваннямі да сябе? Прадчуваннем чытацкай рэакцыі?

Многа больш даюць кароткія, глыбокія азначэнні, дадзеныя звыклым прадметам. У высновах на тры радкі хараства ― як у вялікай паэме:

Голас месца,

адкуль мы ідзем,

мацнейшы за нас.

І гэтага было б дастаткова, але нешта змушае аўтарку дадаць яшчэ некалькі вялікіх строфаў.

Вершы інтэлектуальныя, удумлівыя складаюць каштоўнасць зборніка “Цырк”. Прыпыніўшы позірк на адным прадмеце, дабрацца да яго сутнасці; пошук сэнсу, засмечанага інфармацыйным шумам, дакрананне дакладным словам да сутнасці з’явы – вось паэзія Юлі Цімафеевай.

Наста Грышчук, для lit-bel.org