Яе высокая любоў: Неаніла Тулупава

1 лютага 2013 года ёй споўнілася б толькі 75 гадоў. Здавалася, такой жыццярадаснай і прыгожай, напоўненай светлым аптымізмам жанчыне жыць сабе ды жыць да сотні гадоў. І пісаць свае таленавітыя, арыгінальныя творы. Расціць унучку… Аднак лета 2001 года забрала яе ад нас...

На пачатку сваіх разважанняў-успамінаў пра Анэлю Тулупаву не магу не прывесці самыя характэрныя, вядомыя ўсім, хто цікавіцца паэзіяй, радкі з далёкага 1958 года. Яны лічацца праграмнымі:

Скажыце ўсім,

Што я люблю вас,

Людзі.

І гэта не бравада, не вобраз дзеля дасягнення паэтычнага эфекту. Гэта яе сапраўдная сутнасць, дабрыня, прадвызначэнне, дадзеныя адтуль – з высокага неба, дзе эпіцэнтр Любові, дзе жыве Бог, да якога яна ў канцы зямнога быцця наблізілася максімальна. Не толькі таму, што прыняла сан манахіні і набыла варыянт свайго новага імя Неаніла, а таму што ўсёй сваёй істотай акунулася ў рэлігійны свет хрысціянства, у які падсвядома цягнулася ці не ўсё жыццё...

Эпагеем яе творчасці стала апошняя перадсмяротная публікацыя ў “ЛіМе” 6 красавіка 2001 года. Паэтка ўклала ў нізку ўвесь астатак моцы і эмоцый. Будучы вельмі хворай, папрасіла мяне перадрукаваць рукапіс на машынцы і аднесці ў рэдакцыю, што спешна і зрабіў. Помню, тады спагадліва прыняў творы Мікола Гіль, паўспамінаў прыязна пра талент аўтаркі, пра тое, што ў свой час і яе бацька быў творцам. Паабяцаў не зацягваць з публікацыяй – і слова стрымаў…

Не стала Неанілы 30 ліпеня перад самым-самым жніўнем, у якім закружыліся, апалі пялёсткі задуманых вершаў, абарваліся зямныя мары і надзеі. Адбылося развітанне назаўсёды з любімымі людзьмі, сваякамі, з крывінкамі: дачкой Алесяй і ўнучкай Лерай. У апошняй нядаўна з’явілася першая паэтычная кніжка “След дождя”. Ёсць шэраг публікацый і на беларускай мове. Прычым на конкурсе ў “Звяздзе” яе апавяданне, калі не памыляюся, прызналі лепшым. І іншыя творы сведчаць пра талент маладой дзяўчыны. Хочацца верыць, Валерыя прыстойна прадоўжыць шлях знакамітай бабулі. Яна з цікавасцю і любоўю адшуквае яе нідзе не друкаваныя творы ў дамашнім архіве. Дзякуючы гэтай клапатлівасці з’явіліся цікавыя празаічныя рэчы Анэлі Тулупавай у “Маладосці” і ў “Полымі”, якія не друкаваліся пры жыцці. Пачытанае адразу паўстае ва ўяўленні. Мова сакавітая, сціслая, ёсць свой адметны стыль з яркімі фарбамі і адценнямі.

Мне асабліва спадабалася апавяданне “Калі прачнецца чарапаха”. Твор можна смела назваць маленькай аповесцю. У ім адчуваецца нямала аўтабіяграфічнага. Галоўная гераіня, Гэля (Нэля? – Я.М.) Пятроўна Вераб’ёва, маладая акушэрка, учарашняя студэнтка, максімалістка па характары, паэтычная натура, вясёлая і гарэзлівая, поўная аптымістычнай энергіі, уліваецца ў калектыў невялічкай пасялковай бальніцы і сутыкаецца з першымі цяжкасцямі і праблемамі.

Здзіўляе сюжэт апавядання вялікай колькасцю герояў і падзей. Трэба ж валодаць мастацкім дарам, каб усё складна і цікава ўладкаваць на няпоўных двух дзясятках старонак. Да таго ж яшчэ па-майстэрску разбавіць запамінальнымі, каларытнымі малюнкамі…

Не даў Бог раскрыліцца напоўніцу празаічнаму таленту Анэлі Іванаўны. Разам з паэтычнай плынню ўсё разбілася аб чорна-вострыя жыццёвыя рыфы…

Чалавечы яе лёс, як і літаратурны, напачатку складваўся шчасліва. А потым трагічная страта бацькоў, мужа, блізкай сяброўкі Ганны Рыжковай…

Хаця боль несумненна апаноўваў і раней, як кожнага сапраўднага творцу, з-за недасканаласці зямнога жыцця, з-за сацыяльных праблем і несправядлівасці. Помніцца, упершыню прачытаў паэму “Быццам страла, быстрая ластаўка” на пачатку 80-х, калі ў грамадстве, пранізаным хлуснёй, хваласпевам уладзе і маразматычнасцю, прыхавана наспявала штосьці невядома-значнае. Рэвалюцыйны пафас і філасафічнасць твора ўразілі смеласцю думак. Сюжэт быў пра далёкіх па часе дзекабрыстаў, аднак грамадзянска-мужнае гучанне прарывалася ў сучаснасць, перамяжоўвалася з тутэйшай рэчаічнасцю, акрыляла вольналюбствам:

Чытаю:

“13 ліпеня… цар

Расправіўся з дзекабрыстамі…”

Што такое?

Крык падсвядомасці?

У якой паслядоўнасці?

Верш пра Цётку я песціла.

Абарваўся ён Песцелем.

………………………..

Даганяю цябе,

Алаіза,

па ўзросту,

А паэткай

хаджу

ў маладых.

………………

Не апошняй табе,

Не першай

Абарванаю песняю стаць,

Бо ўзрывала няволі стан,

Як гранатаю – вершам

………………………

Свінцом зацяжарылі строфы,

Чорная ноч даўжэе.

Хвіліны яе адлічаны,

Ліпень яго Галгофы –

Ліпень

Твайго нараджэння

І – паўвека

Між лічбамі.

І ў табе яго ліпень прарос,

Як зерне скрываўленых рос.

Нескаронай душы рака

Б’ецца ў жылах твайго радка.

…………………………

Ліпень.

Белая ноч.

“Фаўст” Феранца Ліста.

Учорашні

дзень каля ног

Лёг каляндарным лістам.

(Зборнік “Сонца ў хату”, 1986 г.)

 

Дабрадзея ідзе да нас з адкрытай душой. Ды ці адчуваем мы яе прыход, калі памяць людская слабне, атручваецца з тэлеэкранаў і вокладак глянцавых выданняў іншымі “каштоўнасцямі” – не тымі, якімі жыла яна...

…Помніцца першая сустрэча і асабістае знаёмства, якое адбылося ў рэдакцыі часопіса “Вожык”. Прывёў мяне ў кабінет Уладзімір Правасуд. За пісьмовым сталом сядзела прыгожая жанчына. Уразіў уважлівы, праніклівы позірк. Здавалася, яна як бы зазірнула ў душу: “А што ж ты за чалавеча такі?”…

Гэта быў харошы і насычаны час. І ўсё дзякуючы яе запрашэнню папрацаваць у вядомым выданні.

Да Анэлі Іванаўны прыходзіла мноства яе сяброў і сябровак. Яна прыцягвала магнітна сваёй чуласцю і дабрынёй. Да таго ж можна было атрымаць карысныя парады. Шмат хто называе яе настаўнікам у творчасці. Гэта і яе харошая сяброўка Галіна Сутула, журналіст і літаратар з Глыбокага, і Зінаіда Сузько, якую яна таксама завабіла папрацаваць у “Вожыку”. Тулупава аніколі не навязвала свой стыль, не лезла са “скальпелем” у чужы тэкст, умела далікатна, тактоўна сказаць пра нейкія хібы, пагрэшнасці, даць магчымасць самому пашукаць лепшыя словы, сінтаксічныя канструкцыі, стылістычныя хады.

Аднойчы паказаў ёй новую літаратурную пародыю, якую лічыў удалай. Канцоўка здавалася смешнай і бездакорнай. Вялікім было маё здзіўленне, калі Анэля Іванаўна пачытала і звярнула ўвагу на заключныя радкі: “Тут нешта не тое…”. Я збянтэжыўся і міжвольна пакрыўдзіўся: “Што ўжо можна лепей прыдумаць?” Выйшаў на калідор, пахадзіў, і тут раптам як азарэнне – знаходзіцца новы варыянт. І, адчуваю, значна лепшы!

Заходжу ў кабінет, чытаю перапрацаваную пародыю Анэлі Іванаўне. Яна імгненна рэагуе: “Тое, што й трэба!”...

Анэля Іванаўна вельмі сябравала з таленавітай артысткай размоўнага жанру, якая ў свой час аб’ездзіла з канцэртамі ўсю Беларусь і былы СССР, Ганнай Рыжковай, прапагандысткай беларускай паэзіі, мовы, гумару і сатыры. Удзячныя гледачы і слухачы называлі яе “каралевай смеху”. І Анэлю Тулупаву можна таксама смела назваць “каралевай смеху” ў літаратурнай творчасці. З-пад яе пяра з’явілася нямала вясёлых, гарэзлівых твораў, у якіх бурліла выдумка і, як напісала аднойчы маладзейшая сяброўка Галіна Сутула, “сакавіта-смачны гумар”.

Многія кампазітары з задавальненнем пісалі музыку да яе напеўных, вобразных вершаў. Гэта: Ю.Семяняка, Б.Фёдараў, І.Кузняцоў, І.Лучанок, Э.Ханок, Э.Зарыцкі, А.Канстанцінава, Н.Мікуліч, В.Сярых, Ул.Буднік, Ул.Прохараў, Ул.Кур’ян, В.Макеева, Л.Шурман, Г.Гарэлава, В.Кузняцоў. Як адзначана ў прадмове да зборніка песень на словы А.Тулупавай “Світальная сініца” (Мінск, 2003), сярод вядомых песень: “Ручаёчак-ручаіна”, “Ліст да маці”, “Чараўніца”, “А я не верыла рабіне”, “Прызнанне”, “Доброта”, “Салаўі Хатыні”, “Як хацелі мяне сватаць”, “Восем дзевак, адзін я”, “Што за людзі”, “Ксеня” і інш.

Некаторыя мелодыі шмат хто лічыць народнымі.

Выдадзены Анэляй Тулупавай у 1987 годзе ў бібліятэчцы “Вожык” зборнік “Як павезлі мяне сватаць” і сатырычны раздзел у кнізе “Скажыце ўсім” сведчылі пра рэдкі дар пісаць смешныя рэчы, што ў жанчын сустракаецца нячаста.

Пасля працы ў “Вожыку” мы працяглы час з Анэляй Тулупавай не сустракаліся. І вось аднойчы лёс звёў зноў. Дзверы кватэры адчыніліся, і я разгублена ўбачыў зусім іншую жанчыну: худзенькую, маленькую, сумную. Хвароба непазнавальна яе змяніла. Але – запамінальны, знаёмы, пранікліва-востры позірк – прама ў душу. І праз долю секунды – дабрыня, таямніча-лагоднае святло скрозь боль і сум. Нейкая нібы вінаватасць. І глыбока-глыбокая прага да жыцця.

Яна распытвала пра літаратурныя падзеі, пра мой асабісты лёс, пра лёсы агульных знаёмых. У час, калі нясцерпны боль крыху сцішвалі ўколы і таблеткі, ужо будучы манахіняй Неанілай, яна цягнулася да мінулага, як надламаная травінка цягнецца да сонца. Да схаладнелага сонца-чарапахі… Мужна яшчэ імкнулася рэалізоўваць дадзены ёй літаратурны талент, данесці да людзей трывогу за зямное.

У апошніх вершах радкі ахінула высокадухоўная філасофія, набытая мудрасць і вечная, простая ісціна жыцця, якую людзі не вельмі хочуць прыняць у штодзённым віравароце падзей і “неадкладных” спраў. За гэтай нашай мітуснёй, мне здаецца, і цяпер нястомная Нэля, Нэлі, Анэля, манахіня Неаніла з трывогай і заклапочанасцю сочыць з вышыні: “Людзі, супакойцеся, любіце іншых, шануйце тое, што вам дадзена ўсяго толькі на імгненне на маленькай планеце ў бясконцай вечнасці. І не забывайце пра маю шчырую любоў да вас!”.

Любоў была сапраўды шчырая. Не магу не прывесці верш, у якім перадаецца паэтычны і чалавечы характар Тулупавай:

 

ПАКАЯННЕ

 

Музе

 

Якое незваротнае жыццё!

Дзе я цяпер – не ведаю, не знаю.

Ды і нашто мне гэтае знаццё?

Я там, дзе вы. Вам крылы развінаю.

Шукаю, не знаходжу гойных слоў,

Тут чарнабыльнік неба раскалоў,

І набрынялі росамі бяды

І вашы крылы і мае сляды.

Я вас прасіла больш не прылятаць,

Вякі вякоў трымаць у схове крылы.

А вы сваё: лілеі ў чаратах

На дыбачках стаяць, як балерыны.

А я кажу: пара мне на спачын,

Ці ж лірыка ўратуе ад навалы?

А вы – бяссоннем да мяне ўначы,

І я іду, бягу я ўслед за вамі.

Паслухаць, як наструніўся мой бор,

У поле – небакраю пакланіцца.

Мне б перавесці дых, ды не дае дакор –

Павінен жа хоць хтосьці павініцца.

 

Янусь Малец

На фота: Нэлі Тулупава, газета "Звязда"