Яўген Бясчасны прэзентаваўся ў Мінску (+ФОТА)

Яўген Бясчасны

У прэзентацыі ўзялі ўдзел паэты Георгій Барташ, Уладзімір Глазаў, Алег Гаргун, Алесь Емельянаў-Шыловіч, Вольга Злотнікава, Ірына Карэніна, Ігар Кулікоў, Уладзь Лянкевіч, Антон Рудак, Віталь Рыжкоў, Таня Светашова, Таня Скарынкіна. З дапамогай відэазварота з выхадам кнігі свайго сябра павіншавала Наста Кудасава, а Раман Абрамчук і Андрэй Хадановіч -- з дапамогай песень.

У кнізе Яўгена Бясчаснага -- вершы, сабраныя за шэсць гадоў творчасці. Паэт прызнаўся, што "вершаў нападала як снегу, і сярод іх трэба было расчысціць дарожку". Займацца "снегаўборачнымі работамі" ён папрасіў Андрэя Хадановіча, які з задавальненнем прыйшоў на дапамогу маладому калегу і пагадзіўся быць рэдактарам кнігі “Стой!”.

-- Мы зрабіліся багацейшымі на важную, заўважную, істотную кніжку, якую варта чытаць і перачытваць, -- адзначыў Андрэй Хадановіч. -- Я віншую ўсіх з яе выхадам, і Яўгена ў апошнюю чаргу – бо ён гэтыя вершы ведае, іншым жа чытачам толькі сёння давядзецца адкрыць для сябе гэты скарб. Што датычыцца кнігі – у ёй паэт ужывае не толькі словы і сказы – цэлыя тэкставыя масівы культуры, якой ён жыве і дыхае. Акрамя беларускага светаадчування тут, напрыклад, немагчыма не пабачыць Бродскага. Яго ўплыў настолькі відавочны, што аўтар даводзіць да віртуознасці ўсе гэтыя алюзіі, рэмінісцэнцыі. Але чым сталей станавіўся Яўген, тым больш ён ужываў у творах цытаты беларускіх аўтараў – вы гэта заўважыце, калі будзеце чытаць кнігу.

Рэдактар кнігі "Стой!" успомніў, што 17 сакавіка -- не толькі дзень народзінаў дэбютнага зборніка Яўгена Бясчаснага, але і дзень святога Патрыка. З гэтай нагоды Андрэй Хадановіч назваў Яўгена беларуска-ірландскім паэтам.

Чаму беларуска-ірландскім? Лірычны герой аўтара схільны да бунтарства, п'янства і пакутаў творчасці, аднак па-беларуску сціплы. Уражлівы і выкшталцоны чалавек, які пражывае звычайнае жыццё ў адным са спальных раёнаў горада N. Унутраныя перажыванні яго пазбаўленыя грандыёзнасці, напышлівасці, месца высокіх пачуццяў аўтар вызначае побач з прадметамі побыту, у штодзённай мітусні.

За магчымасць для чытачоў убачыць лірычнага героя і пазнаць у ім сябе Яўген выказаў падзяку Аляксандры Дварэцкай, куратарцы серыі "Пункт адліку", у якой выйшла кніга "Стой!".

-- Мне гэтая кніжка падабаецца тым, што там адчуваецца горад і яго рух -- жыццё, у якім няма заканчэння. Таксама для сябе я знайшла шмат цікавых апісанняў кватэр, пад’ездаў, вуліц, цягнікоў, нейкіх побытавых з’яў, якія мы часцей за ўсё не заўважаем, -- выказалася наконт кнігі Аляксандра.

Аўтар насамрэч надае шмат увагі свету рэчаў і звычайных з'яў, персаніфікуе прадметы, шукае ў іх прыгажосць. Ён кажа чытачу "стой!" і заклікае прыгледзецца да шыльдаў і далёкіх ад паэзіі надпісаў на сценах пад'езда. Прапануе паслухаць, пра што спявае скрыпка колеру гарбаты і прыйсці метадам дэдукцыі да вывадаў пра лёс бутэлькі з-пад вермута, якая валяецца пад лаўкай. Чытаючы кнігу, часам не заўважаеш мяжу, за якой малое пераўтвараецца ў вялікае і назад -- аўтар нядрэнна валодае навыкам плесці з агульнага і прыватнага бясконцую рэкурсію.

Што яшчэ спрабуе спыніць Яўген Бясчасны? Магчыма, час. У кнізе аўтар шмат асэнсоўвае яго -- праз працэс сталення, праз разважанні над словам "назаўсёды". Дзяцінства ён бачыць як светлую пару, пазбаўленую памяці, адказнасці, напоўненую фарбамі і пахамі. Але яно праходзіць, і ўсё мяняецца. Да пэўнага моманту лад жыцця лірычнаму герою дыктуе прастора, у якую ён змешчаны. Забудаваная аднатыпнымі шматпавярхоўкамі, яна заклікае адпавядаць вызначаным патрабаванням і абяцае жорстка пакараць тых, хто адбіўся ад зграі. Аднак у рэшце рэшт герой адбіваецца, выходзіць з рамак і ламае стэрэатыпы -- з гэтага пачынаецца яго пошук сябе.

Ён пазбаўляецца працы, пазбаўляецца пашпарта -- прывязкі да матэрыяльнага свету. І пускаецца ў вольнае плаванне па прасторах нірваны -- але, хутчэй, не будысцкай, а асабістай.

З яе аўтар глядзіць на свет і стварае свой рытм, якога прытрымліваецца пры напісанні вершаў. Ён невялікі прыхільнік эксперыментаў над класічнымі памерамі, але яго радкі парой выбіваюцца з метрыкі, як непаслухмяныя пасмы з прычоскі. Гэта надае кнізе дынамічнасць, гіпнатызуе ў працэсе чытання.

Усе паэты, якія выступілі на вечары, адзначылі, што дэбютны зборнік Яўгена Бясчаснага выйшаў своечасова. І выказалі ўпэўненасць, што ён абавязкова знойдзе свайго чытача і не стане апошнім у біяграфіі аўтара.

Тэкст: Алена Босава, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org