Яўген Саляйчук атрымаў польскую прэмію ZAiKS

Яўген нарадзіўся і жыве ў Пінску. Настаўнік паводле адукацыі, ён вырашыў заняцца перакладам з польскай на беларускую, калі пазнаёміўся з расейскай версіяй «Імперыі» Капусьцінскага, рэпартажу пра распад Савецкага Саюзу. Саляўчук вырашыў наблізіць Капусьцінскага да беларускамоўнага чытача, бо дагэтуль на беларускую быў перакладзены толькі «Імператар» Капусьцінскагады ягоныя вершы «Вяртанне».

У 2007–2008 Саляйчук дэбютаваў з перакладам «Імперыі» на старонках літаратурнага часопісу «Дзеяслоў», поўнае выданне якой надрукаваў у 2009 годзе «Логвінаў».

Неўзабаве «Дзеяслоў» апублікаваў Яўгенаў пераклад «Шахіншаха» (рэпартаж пра рэвалюцыі ў Іране), а часопіс «Тэксты» – фрагменты кнігі «Яшчэ дзень жыцця». Поўныя пераклады гэтага рэпартажу пра грамадзянскую вайну ў Анголе, а таксама кніг «Кіргіз злазіць з каня» ды «Футбольная вайна) усцяж чакаюць свайго выдаўца.

Рышард Капусьцінскі – сусветна вядомы рэпартэр, журналіст, паэт ды фатограф. Ён нарадзіўся ў Пінску ў 1932 годзе і на ўсё жыццё захаваў прыхільнасць да Беларусі. Капусьцінскі не раз казаў: «Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск, – у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амерыцы».

Напрыканцы 90-х гадоў родны дом Рышарда Капусьціньскага быў прызначаны пад знос. Але аматарам ягонай творчасці ўдалося яго выратаваць. На сёння дом старанна адрамантаваны і мае статус гістарычнага помніка, а гарадскія ўлады фундавалі памятную дошку з надпісамі па-беларуску і па-польску. З ініцыятывы мясцовага Саюзу палякаў Беларусі яе ўрачыста адкрыла жонка Рышарда Капусьціньскага, Аліцыя, неўзабаве пасля смерці пісьменніка ў 2007 годзе.

Яўген Саляйчук будзе адным з двух перакладчыкаў, якога ZAiKS узнагародзіць сёлета ў намінацыі «За выбітныя дасягненні ў перакладзе польскай літаратуры на замежную мову» (другім стане Ярэма Беляўскі – за тлумачэнні сучаснай польскай драмы на шведскую).

ZAiKS раздае свае ўзнагароды штогод 23 красавіка – у Сусветны дзень кнігі і аўтарскіх правоў.

http://belsat.eu/