Яўген Вапа і Алег Латышонак узнагароджаны крыжамі Ордэна Адраджэння Польшчы

Штогод, пачынаючы з 1921 году, 3 траўня у дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, адбываецца ўганараванне Кавалерскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы найбольш выбітных асобаў гэтай краіны. Сёлета ўпершыню ў гісторыі ў ліку ардэнаносцаў апынуліся двое беларусаў – старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы, галоўны рэдактар штотыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа і старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак.

 

 Пачэсныя ўзнагароды яны атрымалі ў Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве з рук прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. Абодва лаўрэаты ўзнагароджаны за актыўную дзейнасць у беларускім студэнцкім руху і змаганне за дэмакратыю ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя, а таксама за грамадскую і прафесійную дзейнасць пад час грамадска-палітычных зменаў у Польшчы. (Ордэн Адраджэньня Польшчы (Order Odrodzenia Polski Polonia Restituta) – адна з найвышэйшых польскіх грамадзянскіх адзнакаў, якой узнагароджваюць за дасягненні ў галіне асветы, навукі, культуры, мастацтва, спорту, гаспадаркі, аховы краіны, грамадскай дзейнасці, дзяржаўнай службы, а таксама разьвіцця добрых стасункаў з іншымі краінамі. Быў зацьверджаны 4 лютага 1921 года.   У 1944 годзе Ордэн Адраджэння Польшчы быў прызнаны найвышэйшай грамадзянскай адзнакай краіны.)

Наш кар.