Як Пэтсан і Фіндус пачалі размаўляць па-беларуску

Днямі ў серыі «Каляровы ровар» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў з'явілася новая кніга. Гэта пераклад аднаго з найвядомейшых дзіцячых аўтараў Швецыі Свэна Нурдквіста. «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды» – складовая частка цыкла кніжак пра старога жыхара шведскай правінцыі і ягонага ўлюбёнага катка Фіндуса, якая прынесла аўтару чытацкую любоў ва ўсім свеце. 

“Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”, як я разумею, далёка не першая кніга цыклу Свэна Нурдквіста. Для тых, хто ўпершыню чуе імя гэтага аўтара і даведваецца пра ягоных асноўных герояў, можа, варта патлумачыць пра самую гісторыю гэтай серыі папулярных кніжак.

Так, “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды” сапраўды не першая кніга з серыі. І пачынаць серыю па-беларуску планавалася з іншай кнігі, але магчымасць надрукаваць з’явілася бліжэй да Калядаў, то вырашылі распачаць з гэтай каляднай гісторыі. Наогул чытачы ўпершыню пазнаёміліся са старым Пэтсанам і яго коцікам Фіндусам у 1985 годзе ў кнізе “Блінны торт”. Але сама гісторыя пра тое, адкуль у Пэтсана, які жыве адзін на хутары з’явіўся незвычайны коцік Фіндус распавядаецца ў кнізе “Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі”. Таксама з гэтай кнігі можна даведацца трохі больш пра маленькіх істотак, якіх завуць мюклы, і якія жывуць разам з Пэтсанам і прысутнічаюць ва ўсіх кнігах.  

 

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, Юя Вісландэр і Свэн Нурдквіст на кніжным кірмашы ў Гётэборгу, 2015 год. Фота Ан Вікстрэм

Такім чынам, першая кніга пра Пэтсана і Фіндуса выйшла ў Швецыі яшчэ ў 1985 годзе. Наколькі сучаснай шведскі чытач успрымае гэтую кнігу сёння? З тых часоў і ў кніжнай графіцы, і ў сюжэтыцы дзіцячай літаратуры ў Швецыі шмат што змянілася. З’явілася процьма паважаных і прадаваных аўтараў і мастакоў, то ці вытрымлівае Нурдквіст канкурэнцыю з імі?

Кнігі Свэна Нурдквіста ўжо сталіся класікай дзіцячай літаратуры, і нягледзячы на тое, што сапраўды ў Швецыі кожны год друкуецца ўсё больш і больш цікавых кніг для дзяцей і з’яўляюцца новыя таленавітыя ілюстратары, кнігі пра Пэтсана і Фіндуса застаюцца на паліцах у кнігарнях і іх працягваюць любіць і чытаць новыя і новыя пакаленні шведскіх дзетак. Бо Свэн Нурдквіст сапраўды не толькі цудоўны пісьменнік, але і геніяльны мастак. Яго ілюстрацыі можна разглядаць бясконца і кожны раз адкрываць для сябе нешта новае. Пару дзён таму я была ў Стакгольме і як звычайна заходзіла ў кнігарню, дзе прадаюцца дзіцячыя кнігі. Перад Калядамі там штогод ладзяць адмысловы стэнд з кнігамі на калядную тэму. І штогод у цэнтры ляжаць калядныя кнігі Свэна Нурдквіста пра Пэтсана і Фіндуса, пра калядную кашу побач з каляднай кнігай пра Маму Му Юі Вісландэр, каляднай гісторыяй Ульфа Старка, Эвы Суса і іншых. Яшчэ акурат у гэтым годзе Пэтсану і Фіндусу спаўнялася 30 год, і па ўсёй Швецыі ладзіліся розныя мерапрыемствы для дзетак, сустрэчы са Свэнам Нурдквсітам. На кніжным кірмашы ў Гётэборгу я бачыла чэргі дзяцей і бацькоў, якія хацелі ўзяць аўтограф у Свэна Нурдквіста.  

 Аўтограф-сесія Свэна Нурдквіста на стэндзе выдавецтва Opal. Кніжны кірмаш у Гётэборгу 2015 года. Фота Ан Вікстрэм.

Наколькі вам, як перакладчыцы, было цікава (і, можа быць, складана) працаваць з гэтым тэкстам? Ці было ў аповедзе штосьці, што хацелася як мага дакладней перадаць на беларускай мове?

Тэксты Свэна Нурдквіста вельмі цікавыя, бо там шмат гульні словаў і часам складана адрозніць, дзе ён распавядае сур’ёзна, а дзе жартаўліва. Вядома, мне хацелася, каб уся гісторыя гучала па-беларуску як мага больш натуральна і перадавала атмасферу і настрой арыгіналу. Былі моманты, дзе мне вельмі дапамог Дзмітры Плакс, які рэдагаваў пераклад.

Чуў, што калядная кніжка пра Пэтсана і Фіндуса не стане адзінкавым перакладам серыі і займее працяг у наступным годзе. Што яшчэ з дзевяці выпускаў серыі будзе выдадзена па-беларуску?

 ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” мае правы на тры кнігі і, як я ўжо казала, наступнымі плануецца выдаць “Блінны торт” і “Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі”. Але я спадзяюся, што кнігі спадабаюцца беларускім дзеткам і неўзабаве ўся серыя з’явіцца па-беларуску.

Сёлета ў Беларусь прыязджалі дзве вядомыя мастачкі і пісьменніцы Юя Вісландэр і Сара Лундберг. Было нямала імпрэзаў, сустрэчаў з дзецьмі-чытачамі, майстар-класаў, лекцыяў. Ці можа так атрымацца, што налета мы пабачым у Мінску Свэна Нурдквіста?

Я б вельмі хацела, каб Свэн Нурдквіст наведаў Беларусь, хаця ён і не надта любіць удзельнічаць у розных публічных мерапрыемствах. Магчыма, ён будзе адчуваць сябе больш утульна разам з Юяй Вісландэр, чые кнігі пра Маму Му ён ілюстраваў, і было б цудоўна, каб яны прыехалі ў Беларусь разам. Наогул трэба добра падумаць над магчымым фарматам сустрэч з яго ўдзелам, каб усім было максімальна камфортна: і дзеткам, і бацькам, і Свэну Нурдквісту. Насамрэч, мне здаецца, што сустрэча са Свэнам будзе цікавая не толькі маленькім фанатам Пэтсана і Фіндуса, але і беларускім дзіцячым пісьменнікам і пісьменніцам; тым, хто займаецца ілюстрацыяй дзіцячых кніг.

 

Гутарыў Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org