Як «Рома едзе». У Мінску прэзентавалі кнігу Ромы Свечнікава

Скайп з-пад панамскіх пальмаў — у квадрацікі, як могуць засведчыць усе тыя, хто быў 10 траўня на прэзентацыі кнігі «Рома едзе» ў галерэі "Ў". Гэтая кніга — кішэнны жыццяпіс былога мінскага студэнта Рамана Свечнікава.

Раман кінуў БДУІР, у якім адчуваў, як яго заварочваюць «у пыльны савецкі дыван», сабраў 23-кілаграмовы заплечнік і выправіўся ў безтэрміновую кругасветку, адчуваючы, што імкнецца паспець у вароты, якія зачыняюцца проста перад ім. За больш чым 700 дзён заплечнік стаў важыць кілаграмаў 10, а з менскай вопраткі засталася адзіная цішотка, падораная сябрам.

«Так шмат засталося ззаду, што я ўжо не магу згадаць, кім быў той чалавек, які сямсот дзён таму выйшаў з дому. Але ёсць гэтая кніга, праз якую я магу выйсці да пачатку, — піша Раман, прэзентуючы кнігу ў сацыяльных сетках. — Калі ты калі-небудзь набудзеш яе ў краме, то прашу, найперш закрэслі імя аўтара — яно не азначае роўна нічога. Няхай гэта гісторыя будзе тваёй».

roma_Edze 10 5 141

Падчас сустрэчы, на якую сабралася паўнюткая заля галерэі — больш за кола сяброў, якога чакаў аўтар — гучала шмат пытанняў пра вандроўкі і іх акалічнасці. У прыватнасці пра тое, як рэагавалі бацькі.

Адказвае маці Ромы Наталля Іванаўна:

«Пакуль Рома едзе, мама яго цярпліва чакае… Я чытаю мінімум тэкстаў. Астатняе — калі вернецца».

Бацькі Волі, спадарожніцы ў вандроўцы і журналісткі 34mag, паставіліся надзіва па-філасофску:

«Мой бацька не сочыць за праектам, таму яго пытанні тычацца таго, дзе я, што ем, ці сплю і якое надвор’е. А маці сочыць… Мы з бацькамі аднойчы вырашылі, што самае важнае, што яны могуць даць — карані і крылы. Таму працую я на Трактарным заводзе ці пераварочваю пінгвінаў у Антарктыдзе — пытанні пачынаюцца з таго, ці добра мне».

Адно з самых папулярных пытанняў, што задаюць падарожніку — пра візы. Як атрымаць, ці цяжка і г. д. На што Рома ўпэўнена адказвае: трэба сабраць паперы, апрануць самыя чыстыя майку і шорты ды ісці ў амбасаду.

roma edze_2

«Віза — гэта такая штука, якой прынята пужаць людзей. У іх няма нічога страшнага і няма ніякай праблемы. Бюракраты харчуюцца паперкамі. Усе, хто думае, што складана атрымаць візу ў Еўро-о-пу — гэта ўсё байкі, каб вы сядзелі дома і нікуды не з’язджалі».

Аўтаспыншчыку, які жадае з’ехаць далёка і надоўга, з акенца скайпа тут параілі «памятаць, што самае складанае ў вандроўцы аўтаспынам — выйсці з хаты».

SONY DSC

Дзеліцца сваімі ўражаннямі пасля чытання кнігі Максім Жбанкоў, беларускі культуролаг:

«Да Ромы былі такія чэхаславацкія вандроўнікі 60-х як Іжы Газэлка і Міраслаў Зігмунт. Яны звалілі з сацыялістычнага лагеру, аб’ехалі палову свету і давалі прыклад такой пазасістэмнай вандроўкі. Людзі з захапленнем чыталі гэтыя кніжкі, бо ведалі, што ім у грамадстве стабільнасці такімі мабільнымі ніколі ня быць.

Рома — узорны прыклад пазасістэмнага героя. Гэта наш нацыянальны авантурыст. Рома яшчэ і аўтар.

Шмат хто ездзіць, але так зрабіць тэкст — з драйвам і пашырэннем слоўніка беларускамоўных вандровак — гэта болей за журналістыку. Пагадзіцеся, што большасць беларусаў ездзіць за мяжу няправільна. У нас два асноўныя фарматы: эміграцыя альбо шопінг. Беларусы звычайна валяць за мяжу напружана і сур’ёзна, а Рома едзе весела. Гэта той самы фармат, якіх фатальна не хапае ў нашай краіне. Гэтая вандроўка — нацыянальнае засваенне сусвету».

SONY DSC

«Гэта не турыстычны даведнік накшталт што паглядзець, — кажа Кацярына Пікірэня, прадстаўніца выдавецтва „Логвінаў“. — Гэта кніга-лайфхак, якім чынам прайсці праз усе пласты рэчаіснасці, праз грамадства ў розных краінах у розны час».

Электронная версія выкладзеная на 34mag, а папяровую (кішэнную, каляровую і чорна-белую, на беларускай і на рускай мовах робіць выдавецтва «Логвінаў»). Іх можна набыць у кнігарні «логвінаЎ».

Ганна Валынец, Арт-Сядзіба