Як напісаць добрую кнігу для дзяцей?

12 кастрычніка ў мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Раў адбыўся семінар, прысвечаны літаратуры для дзяцей. Гэтая сустрэча была арганізаваная ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” для беларускіх аўтараў, якія хочуць пісаць для дзяцей і падлеткаў. Правялі семінар шведскія творцы — Гунар Ардэліюс, Старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў, і Эва Суса, аўтар кніг для дзяцей. Перакладчыкам стала Наста Лабада. Сустрэча складалася з дзвюх лекцый і практычнага задання.

Уверсе: Барыс Пятровіч вітае прысутных, унізе: Эва Суса, Гунар Ардэліюс 

Празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч у прывітальным слове прадставіў гасцей і пажадаў плённай працы ўсім удзельнікам семінара.

Гунар Ардэліюс (Gunnar Ardelius), аўтар кніг для падлеткаў, перакладчык, старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1981 годзе. Гунар дэбютаваў у 24 гады, і яго першая кніга (2006 г.) была намінаваная на прэмію імя Аўгуста Стрынберга, атрымала прэмію дэбютантаў “Рагатка” (Slangbellan). Кнігі Ардэліюса перакладзеныя на некалькі замежных моваў, у тым ліку англійскую, нямецкую, французскую.Спадар Гунар упершыню наведаў Беларусь.

Эва Суса (Eva Susso) — аўтар некалькіх шырока вядомых у Швецыі серый кніг для дзяцей і падлеткаў. Нарадзілася ў 1956 годзе ў Гётэборгу. Першую кнігу для дзяцей выдала ў 1995 годзе. Спадарыня Эва прафесійна займаецца літаратурай 18 гадоў і выдала 28 кніг.

Нядаўна новая кніга Эвы Суса “Снежны чалавек” выйшла па-беларуску ў перакладзе Алесі Башарымавай. Выданне стала першым у дзіцячай серыі “Каляровы ровар”, заснаванай ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Гэтая кніга была двойчы прэзентаваная маленькім чытачам і іх бацькам у мінскіх бібліятэках з удзелам аўтара і перакладчыка. Спадарыня Эва ў Беларусі ўжо другі раз.

Правядзенне пісьменніцкіх семінараў — даўняя і плённая практыка ў Швецыі, і госці прыехалі ў Мінск, каб падзяліцца сваім досведам напісання твораў для дзяцей з беларускімі  калегамі.

— Пісьменніцкая дзейнасць — гэта не вырак адзінокага чалавека, — сцвярджае Гунар Ардэліюс. — Творца заўжды шукае “сабе падобных”. Я сам 4,5 гады свайго жыцця вучыўся на літаратурных курсах, і мая першая кніга выйшла менавіта падчас навучання. Пазней я шмат выкладаў на курсах пісьменніцкага майстэрства.

— Мы гаворым уласна за свой досвед, — дадае Эва Суса. — Мы не бярэм на сябе адказнасць палітыкаў або гісторыкаў, а распавядаем пра тое, як асабіста мы прыйшлі да прафесійнай літаратуры.

Перад пачаткам семінара лектары пазнаёміліся з аўдыторыяй — кожны ўдзельнік расказаў пра сябе і свае мэты наведвання імпрэзы.

 

Эва Суса: Магчымасці дзіцячай кнігі

Спадарыня Эва пачала з таго, што выбар жанраў, у якіх можна напісаць кнігі для дзяцей — найбагацейшы і надзвычай разнастайны. Гэта поле, у межах якога можна шмат чаго вар’іраваць.

Напрыклад, сярод часта ўжываных у сваіх кнігах Эва назвала прыёмы магічнага рэалізму, а таксама гумарыстычныя.

Эва Суса вырасла ў 1960-я гады — якраз тады Швецыя перажывала “выбух”, абнаўленне дзіцячай кнігі. Сталі выходзіць не проста асобныя творы, а цэлыя выданні. З’явілася новае стаўленне да дзіцяці. І першапраходцам у справе гэтай рэформы была Астрыд Ліндгрэн.

Што азначае новае стаўленне? Пісьменнік стаў імкнуцца паказваць свет дзіця не толькі звонку, але і знутры. Імкнуцца мець, што гаворыцца, дзіцячую душу. І яшчэ — Эва Суса сцвярджае, што літаратура не павінна быць адкрыта павучальнай і навязваць чытачу прапісныя ісціны. “Дзіцячая літаратура — не інструмент выхавання!” — упэўненая яна. Калі пісьменніца апісвае дзяцей, яна дае магчымасць маленькім чытачам і пасмяяцца, і паплакаць разам з ёй.

Доўгі час было спрошчанае ўяўленне пра дзіцячую кнігу, але цяпер ясна — гэтая літаратура мае свае ўмовы існавання, і самае цікавае, што жанры і тэмы ў ёй могуць быць такія ж самыя, як і ў літаратуры для дарослых. І быць аўтарам для дзяцей — асаблівы дар, спецыфічная прафесія.

Дэтэктыўны, прыгодніцкі, рамантычны раман, фантастыка, хорар (“жудасцік”) — усё, як у дарослых.

Рэцэпты ад Эвы Суса для напісання твора для дзяцей:

Псіхалагізм (улік узросту чытача і яго асаблівасцей);

Пранікненне ў існасць дзіцячага свету;

Сур’ёзнае ўспрыманне дзіцячых справаў, думак і патрэбаў;

Імкненне глядзець на свет вачыма дзіцяці.

Пры планаванні будучай кнігі неабходна ўлічваць, каб узрост чытача супадаў з узростам персанажаў, а таксама тэхніка аповеду была аптымальнай, так жа, як і фармат кнігі і яе ілюстраванне.

Гунар Ардэліюс: Складаю словы, як Кубік Рубіка

Гунар Ардэліюс піша раманы для дарослых, падлеткаў і моладзі. Пачаў аўтар з кароткай прозы: калі яму было 21, ён стаў наведваць літаратурныя курсы. На той момант, як прызнаецца спадар Гунар, ён не меў паняцця пра тое, пра што і як хоча пісаць. Але з цягам часу творца знайшоў і тэму — часцей за ўсё гэта тэма кахання, і форму. І першы раман складаўся з кароткіх “квадратных” формаў.

— Усё ў свеце катэгарызуецца, але цікавей працаваць з тым, што ніякай класіфікацыі не падлягае. Якраз падлеткі — вельмі зацікаўленыя чытачы, бо многае ў іх жыцці, улічваючы іх фізіялагічнае і псіхалагічнае развіццё, адбываецца ўпершыню, — кажа Гунар.

Менавіта падлеткі пішуць лісты спадару Ардэліюсу, у якіх апісваюць свае ўражанні ад прачытання ягоных кніг.

У Швецыі і Амерыцы маладзёвы раман набывае ўсё большую папулярнасць і становіцца сур’ёзным літаратурным жанрам.

Уменне пісаць дыялогі, на думку пісьменніка, з’яўляецца важным складнікам стварэння добрага маладзёвага рамана. Зрэшты, варта памятаць, што сакрэт поспеху таксама ў тым, каб сумясціць гумарыстычныя, забаўляльныя элементы з пастаноўкай складаных сацыяльных пытанняў. Інакш кажучы, гаварыць пра праблемы моладзі на даступнай для іх мове і даступнымі мастацкімі сродкамі.

Дзіцячыя ўспаміны могуць стаць раманам

Практычная частка семінара заключалася ў тым, каб кожны з удзельнікаў успомніў і запісаў у адвольнай форме адзін або некалькі эпізодаў, звязаных з уласным дзяцінствам. Пасля аўтары былі аб’яднаныя ў групы па двое. Яны мусілі абмеркаваць эпізоды адно аднаго і прыдумаць сюжэты, у якіх можна выкарыстаць гэтыя эпізоды.

Вынік быў адметны: прыдумалі і вершы, і апавяданні, і нават серыю дэтэктыўных раманаў, і праект кніжкі-карцінкі.

Семінар завяршыўся абмеркаваннем дасягнутых удзельнікамі поспехаў. Кожны атрымаў ад Гунара Ардэліюса і Евы Суса канструктыўныя парады.

Тэкст: ВТ

Фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"