«Як рыбіна аб лёд» – трыццатка беларускіх аўтараў па-ўкраінску

З сучаснай беларускай паэзіяй шчыльна і стала супрацоўнічае толькі тэрнопальскае выдавецтва “Крок”, якое выдала кнігі Сяргея Прылуцкага і Віталя Рыжкова, але – па-беларуску. У нашай мове выйшаў у Тэрнопалі і том перакладаў Сяргея Жадана. З нядаўніх украінамоўных кніг варта адзначыць аднатомнік выбранага Андрэя Хадановіча “Білоруський мужчина”.

Прадстаўнічая анталогія беларускіх аповедаў “Як рыбіна аб лёд” паўстала на прапанову Кіеўскага аддзялення Нацынаяльнага Саюзу пісьменнікаў Украіны і яго старшыні Уладзіміра Даніленкі. Адначасна з анталогіяй была перакладзеная і выдадзеная на ўкраінскай мове кніга Барыса Пятровіча “Спачатку была цемра” (выдавецтва «Украінскі прыярытэт», перакладчык Наталля Куліш).

“Як рыбіна аб лёд” прадстаўляе беларускую малафарматную прозу, апублікаваную ў апошнія 15 гадоў, калі не лічыць апавядання Барыса Пятровіча, якое і дало анталогіі назву: яно было абранае Уладзімірам Даніленкам менавіта дзеля назвы, хоць і крыху выпадала з канцэпцыі зборніка прозы апошніх гадоў, бо было напісанае ў 1990-м годзе.

Анатацыя між іншым сведчыць, што “для сучаснага беларускага апавядання характэрныя высокая культура пісьма, заглыбленасць у людскую прыроду, вытлумачэнне прычын глыбокага палітычнага крызісу ў краіне і яе сувязі з нацыянальным характарам. Гэта еўрапейская культура нацыі, у якой стагоддзямі сціралі памяць, але пры гэтым яна не страціла сваёй чалавечай годнасці і высокіх мастацкіх дасягненняў.” Прыкладна такім чынам бачаць пакліканне беларускай літаратуры ў Кіеве.

Сярод аўтараў анталогіі – літаратары розных пакаленняў; ёсць тут і выдатныя аўтары Васіль Быкаў і Анатоль Кудравец, якія публікаваліся ў 2000-я гады, але адышлі ўжо ў лепшы свет; нямала прадстаўнікоў былога літаб’яднання “Тутэйшыя”; не забытыя і творы беларусаў Беласточчыны – Міхала Андрасюка і Міры Лукшы; увайшлі ў анталогію і маладзейшыя пісьменнікі Адэля Дубавец, Анатоль Івашчанка, Усевалад Сцебурака, Наталка Харытанюк. Аб’ядноўвае аўтараў збольшага тое, што тэксты, уключаныя ў кнігу, спачатку друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў”. Кожны празаік прадстаўлены толькі адным апавяданнем ці навелай, а сама анталогія збудаваная на алфавітным прынцыпе падачы аўтараў.

Выданне анталогіі “Як рыбіна аб лёд” было спраектаванае і здзейсненае ўкраінскімі калегамі вельмі хутка. Ёсць спадзяванне, што знаёмства з 30 беларускімі празаікамі будзе цікавым украінскаму пакупніку і ён запатрабуе ад перакладчыкаў і выдаўцоў працягу.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”