Як застацца пісьменніцай у Беларусі?

Семінар на тэму “Жанчына ў сучасным літаратурным працэсе: праблемы і перспектывы”, арганізаваны ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”,  прайшоў  у суботу 24 сакавіка ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў.

У сваім вітальным слове да ўдзельнікаў семінару, сярод якіх былі не толькі  пісьменніцы, але і пісьменнікі, старшыня СБП Барыс Пятровіч акрэсліў тэму больш канкрэтна:

“У літаратуры вельмі шмат дзяўчат, але другую, трэцюю кнігу мала хто з іх выдае. Як застацца пісьменніцай у Беларусі? Чаму жанчыны, якія пачынаюць як літаратаркі, не застаюцца ў творчасці, з якіх прычын  і куды сыходзяць?”

 

1-шы намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч і старшыня СБП Барыс Пятровіч

 

Спецыяліст са Швецыі Ванья Хермеле крыху расказала пра тэорыю гендэрных пытанняў  у культурнай сферы, растлумачыла, што такое гендэрная сістэма, якая складаецца з гендэрнай роўнасці і гендэрнай перспектывы. Калі гендэрная роўнасьць выяўляецца ў колькасных паказчыках, напрыклад, адсотку жанчын у кіруючых органах рознага роўню, ліку жанчын, якія выдаюць кнігі і г.д., то гендэрнарная перспектыва звязаная з тэмамі, якія закранаюць жанчыны ў сваіх творах.

 

Госці са Швецыі Ан Вікстром і Ванья Хермеле

 

Выступ сп. Хермеле ў вялікай ступені перагукаўся з тым, аб чым казала паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева, якая таксама займаецца гендэрнай праблематыкай. Апроч іншага сп. Вольга  адзначыла, што да самога слова “фемінізм” у Беларусі стаўленне дагэтуль вельмі неадназначнае нават сярод жанчын,  і з гэтым паняткам яшчэ трэба працаваць (гл. відэа).

 

 

Пра тое, як яны патрапляюць спалучаць сямейнае жыццё і літаратуру распавялі творчыя сем’і: Галіна Дубянецкая і Сяргей Сыс, Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. Паэтка Аксана Данільчык паразважала пра спецыфіку творчага жыцця ў сям’і, калі муж не творца. Цікавую гісторыю свайго жыцця расказала Антаніна Хатэнка, выказаліся таксама Вера Буланда, Людміла Паўлікава-Хейдарава.

Яраш Малішэўскі, Аксана Спрынчан, Сяржук Сыс, Галіна Дубянецкая

 

Да гутаркі далучылася і мужчынская частка ўдзельнікаў: Эдуард Акулін, Валер Стралко, Алесь Пашкевіч, Анатоль Івашчанка, агучыўшы самыя розныя меркаванні ад традыцыйна патрыярхальных да “гендэрна чуллівых”.

Каб падвесці вынікі дыскусіі ўдзельнікі семінару выканалі практычнае заданне, паспрабаваўшы даць адказы на пытанне “Што рабіць, каб творчая праца жанчыны была больш плённай”, а потым абмеркавалі іх у групах і паспрабавалі падказаць СБП шляхі вырашэння гэтых праблемаў.

 

Слова бярэ Аляксандра Дынько


Тое, як неабыякава паставіліся ўдзельнікі да тэмы абмеркавання, паказала, што падобныя мерапрыемствы запатрабаваныя. Як адзначыла Аляксандра Дынько, адна з аўтарак канцэпцыі семінару, “Гендэрная роўнасць ― гэта азбука дэмакратыі. Гэта пытанне, якое хвалюе ўсіх, і, пакуль будуць існаваць розныя формы гендэрнай прыналежнасьці, яно будзе ўзнімацца… Паколькі гэта праблема датычыць усіх, усяго грамадства, вельмі важна яго абмяркоўваць з тымі людзьмі, якія ствараюць культуру, асабліва гэта важна ў нашай цяперашняй сітуацыі, паколькі культура ― гэта, можа быць, адзінае, што яднае, ці мае патэнцыял нашага яднання”.

Прэсавая служба СБП