Якуб Колас на Пінскім Палессі. Цікавыя гісторыі

Пінскія знаёмствы: ад агента нямецкай выведкі да начальніка партызанскай выведкі

Рэдактар навукова-папулярнага часопіса “Гістарычная Брама” Аляксандр Ільін, які займаецца даследаваннем пінскага перыяду Якуба Коласа (1912-1914 гады), адзначае, што менавіта з яго пачынаецца беларуская старонка на Піншчыне. Жыццё Коласа на Пінскім Палессі захоўвае шмат таямніцаў. У Пінску, недалёка ад дома фельчара чыгуначнай станцыі Арсенія Балевіча, дзе кватараваў Якуб Колас, жыў Эдмунд Зуземіль. Гэты дзеяч беларускай культуры, па ўспамінах шэрагу сучаснікаў, з’яўляўся агентам нямецкай выведкі. Зуземіль займеў знаёмства з Коласам, які на той момант ужо быў добра вядомы ў беларускіх колах. Толькі за 1912 год ім надрукаваныя ў зборніках “Наша ніва” і “Маладая Беларусь” вядомыя апавяданні “Батрак”, “Дзеравеншчына”, “Недаступны”, “Старасць не радасць”, урыўкі з паэмы “Новая зямля” і шмат іншых твораў.

Ці сапраўды таварыш Коласа быў агентам нямецкай выведкі, невядома, але прынамсі ў 1918 годзе Эдмунд Зуземіль курыраваў беларускае пытанне пры штабе кайзераўскіх акупацыйных войскаў. Верагодна, што Зуземіль меў заданне знаходзіцца ў беларускім асяродку, аналізаваць настроі ў беларускім руху.

З 1912 па 1914 год Колас працаваў настаўнікам у прыхадскім вучылішчы, будынак дайшоў да нашага часу па адрасе вул. Чыгуначная, 7. У вучылішчы ён пасябраваў з Адамам Абадоўскім, а пасля ягонай смерці падтрымліваў кантакт з сынам Мікалаем, апошняя перапіска датавана 1940 годам. Дарэчы, Мікалай Абадоўскі ў красавіку 1944 года ўдзельнічаў у аперацыі па перапраўцы праз фронт лідараў польскага супраціву на перамовы ў Крэмль да Сталіна.

Дык у якой царкве браў шлюб Якуб Колас?

Пэўна, галоўная падзея пінскага перыяду – стварэнне сям’і і нараджэнне сына. Вяселле з настаўніцай Марыяй Каменскай згулялі ў доме Балевічаў у чэрвені 1913 года, а дзе ж адбылося царкоўнае блаславенне шлюбу? Сёлета на званіцы Свята-Варварынскай царквы з’явілася мемарыяльная дошка з надпісам: “У памяць аб вянчанні Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Я. Колас) і Марыі Дзмітрыеўны Каменскай у г. Пінску 16(3) чэрвеня 1913 года”. Надпіс на мемарыяльнай шыльдзе аніяк не пацвярджае таго факту, што менавіта ў гэтай царкве адбыўся шлюб. Надпіс, калі можна так казаць, дыпламатычны. Супрацоўнікі Музея Беларускага Палесся, як і некаторыя краязнаўцы, мяркуюць, што таінства мела месца ў царкве “чыгуначнікаў”. Святыня знаходзілася каля чыгуначнага вакзала і была пабудавана за грошы чыгуначнікаў. Іншая справа, што царква магла быць прыпісной да Свята-Варварынскага храма.

У верасні 1914 года нарадзіўся сын Даніла. Старэйшы сын Коласа неаднаразова наведваў Пінск. Кажуць, што Данііл Канстанцінавіч загадаў, каб пасля ягонай смерці прах развеялі над тымі мясцінамі, дзе працаваў бацька. Дык вось, ці то байка, ці то сапраўды, але калі прах прывезлі ў Пінск, то вырашылі без прыцягвання ўвагі сімвалічна пасыпаць прах каля дома Балевіча. У момант “рытуалу” ўсё заўважылі гаспадары, якія палічылі, нібы гэта злодзеі кідаюць у гарод атруту альбо ўвогуле робяць чары. Гаспадары выбеглі з кіямі, але, дзякуй Богу, усё абышлося без сутычкі, з паразуменнем.

Ці развейвалі прах старэйшага сына ў Пінкавічах, дзе Якуб Колас працаваў у 1904-1906 гадах, невядома, але затое захаваліся іншыя гісторыі.

Якуб Колас у Пінкавічах: лідар сялянскага супраціву?!

Малады настаўнік палюбіў вёску на ўзбярэжжы Піны, казаў, што тут у яго былі “царскія ўмовы” для жыцця. Хутка знайшоў агульную мову з сялянамі, але ж чаму пінкавіцкі перыяд аказаўся такі малы?

Доўгі час лічылася, што Колас быў адным з арганізатараў сялянскага бунту, але ці так гэта, ці быў увогуле той бунт? Такая версія карысталася попытам за савецкім часам, і зразумела, чаму -- бальшавікі шмат каго з беларускіх дзеячаў рабілі “народнымі пакутнікамі”, так бы мовіць, набліжалі да сацыялізму.

Дакументы кажуць:

«12 снежня 1905 г. Губернатар Павел Курлаў. З прычыны атрыманых звестак аб узбуджэнні настаўнікам с. Пінкавічы Міцкевічам сялян таго ж сяла супраць памешчыкаў ды прад’яўлення імі незаконных патрабаванняў, а пры незадавальненні такіх — гвалтоўнага захопу маёмасці, прадпісваецца старанна праверыць атрыманыя звесткі і ў выпадку іх пацверджання неадкладна арыштаваць названую асобу. Аб выніках данесці».

«9 лютага 1906 года. Рапарт мінскаму губернатару. У выкананне прадпісання за №1347 паведамляю, што па праверцы звестак аб узбуджэнні настаўнікам с. Пінкавічы Міцкевічам сялян таго ж сяла супраць памешчыкаў ды прад’яўлення імі незаконных патрабаванняў, а пры незадавальненьні такіх — гвалтоўнага захопу маёмасці, аказалася, што настаўнік Міцкевіч нікога з сялян не падбухторваў, а толькі 23 лістапада 1905 года, па просьбе сялян с. Пінкавічы, ад іх імя, напісаў прашэнне ўладальніку м. Альбрэхтова Сігізмунду Скірмунту з патрабаваннем: 1) аддаць у поўнае карыстанне азёры і балоты, з прадстаўленнем права лоўлі рыбы, збору чароту, і г.д .; 2) вярнуць для бескаштоўнага карыстання пашу ва ўрочышчы Гусак; 3) пры задавальненні азначаных патрабаванняў выдаць ім належны дакумент … Пры гэтым дакладваю, што настаўнік Міцкевіч за прыняцце ўдзелу — складанне згаданай вышэй просьбы — незаконна прад’яўленай сялянамі с. Пінкавічы да памешчыка Скірмунта, дырэкцыяй народных вучэльняў пераведзены ў выглядзе пакарання з Пінкавіцкага ў Верхменскае вучылішча Ігуменскага у., куды выбыў ў першых днях студзеня месяца г.г. ».

У Пінкавічах доўга казалі, што настаўніка “здаў” мясцовы святар. Нібы паміж ім і Коласам падчас хрэсьбін узнікла спрэчка. Малады настаўнік перамог у палеміцы, але святар захаваў крыўду. Хутчэй за ўсё, гэта не больш, чым вясковы міф, але зацікавіў факт хрэсьбін.

Якуб Колас у 1905 годзе не проста, як ганаровы госць, прымаў удзел у важнай падзеі для сям’і Аляксандра і Людмілы Лояў. Ён стаў хросным бацькам іх сына Мікалая. Гады два-тры таму ў сеціве з’явілася інфармацыя: “Якуб Колас стаў кумам царкоўнага старасты і хрышчоным бацькам самаахоўніка”. Сапраўды Аляксандр Лой быў царкоўным старастай, але наконт Мікалая Лоя інфармацыя не дакладная. Хрэснік Коласа не служыў нацыстам. Архіўныя матэрыялы сведчаць: чырвонаармеец Мікалай Аляксандравіч Лой загінуў у 1945 годзе. Чаму ж з’явілася зусім супрацьлеглая інфармацыя? Звычайная блытаніна. Справа ў тым, што ў Пінкавічах жылі некалькі карэнных сем’яў, вядомых яшчэ па перапісу ўладанняў Скірмунтаў за 1764-1767 гады, частка жыве дагэтуль. Дык вось, многія сваякі былі поўнымі цёзкамі. Сапраўды некаторыя жыхары сяла неслі службу пры акупантах, а некаторыя трапілі ў Чырвоную Армію.

Да нашых дзён захаваўся ліст 1946 года (арфаграфія захавана) кумы Людмілы Кандрацьеўны Лой да кума Народнага паэта, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча):

«14 ліпеня. Прывет з Пінкавіч! Пісьмо ад Лой Людмілы Кандратьеўны кумы, ў якой вы хрысцілі сына Нікалая Александравіча 1905 года, якога забілі на вайне. У мяне 10 дзяцей. Парадце, як жыць цяпер, я жыву адна. Абкладаюць падаткамі. Муж памёр у 1945 г. Сыны ў арміі. Прывет ад усіх сыноў і дачок. Парадце як жыць. З прыветам Людміла».

Як бачым, кума скардзіцца куму на невыноснае жыццё. З пісьма таксама вынікае, што хрэснік Песняра загінуў на вайне. За што абкладалі падаткамі? Гэты лёс нападкаў амаль усіх жыхароў Пінкавіч, бо людзі тут былі заможныя, гаспадары, а для саветаў “кулакі”. Акрамя таго кум Коласа Аляксандр Лой быў царкоўным старастам. Паборы скончацца са смерцю “бацькі народаў” таварыша Сталіна.

Якуб Колас узгадваў і Пінск і Пінкавічы. Жыццё на Пінскім Палессі стала яркай старонкай у лёсе Народнага Песняра.

 

Беларускае Радыё Рацыя