Якія "бліскучыя аксесуары" можна сустрэць у беларускай літаратуры

Здавалася б, адкуль, калі стэрэатыпнае ўяўленне пра яе такое: дзве тэмы  вайна і вёска, галоўны герой  мужык у лапцях, гераіня  ці Ганна Чарнушка, якая жне жыта, ці старая Сцепаніда, якая корміць кабанчыка. Якія ўжо тут брыльянты і жамчужныя пацеркі?

Як і кожны стэрэатып, гэты памылковы. У беларускіх кнігах хапае каштоўных артэфактаў.

Такім чынам, каб убачыць першы, перанясемся ў шаснаццатае стагоддзе.

Ноч. На верхняй пляцоўцы старадаўняй вежы стаіць у доўгім адзенні "доктар лекарскiх навук" Францыск Скарына і вылічае па зорках, калі даваць хвораму лекі, — у той час астралогія была непарыўна звязана з медыцынай.

Зоркі спрыяюць, час! Хворы пан земскі пісар прымае з рук лекара кубак з адварам.

Гэта я пераказваю вам верш Максіма Багдановіча "Безнадзейнасць" — усяго восем радкоў, але вартыя цэлага гістарычнага рамана. Пан пісар выпівае лекі, але:

I ўраз пабачыў ен, што iзумруд
Ў пярсцёнку залатым
на пальцы штось iмглiцца,
Што блеску ў ім няма ... I з болем тут
ен зразумеў, што ўжо
к жыццю не варацiцца.

Вось і з'яўляецца адна з самых яркіх каштоўнасцяў — старадаўні пярсцёнак з ізумрудаў, які належыць пацыенту Францыска Скарыны. Ды не проста пярсцёнак, а з прарочым каменем: тое, што смарагд згас, замгліўся, паказвала на згасанне сіл гаспадара, прадракала яго хуткую смерць.

У рамане Ядвігіна Ш. "Золата", які лічыцца спробай першага беларускага рамана (ён застаўся няскончаным), золата як такога і няма, затое ёсць багацце, якое перашкаджае ўз'яднанню закаханых.

У Яна Баршчэўскага знаходзім і яшчэ адзін характэрны беларускі артэфакт: карону вужынага караля. Калі сустрэць у лесе гэтага паўзучага ўладара, раскласці перад ім белую хустку, ён скіне карону. А той, хто валодае такой, набудзе незвычайныя здольнасці і поспех.

Яшчэ адна каштоўнасць, вакол якой разгортваюцца сюжэты не аднаго твора, — карона Вітаўта Вялікага. Тая самая, якой павінны былі каранаваць вялікага князя літоўскага Вітаўта, а пакуль у чаканні каранацыі шляхта ела валоў і піла дармовае віно, ворагі рассеклі карону на часткі ... Цяпер героі дэтэктыўных гісторый, як у рамане Міраслава Адамчыка і Максіма Клімковіча, тую карону шукаюць. У рамане Леаніда Дайнекі "Назавi сына Канстанцiнам" яе замяняе вянок Палямона — яшчэ аднаго легендарнага персанажа, рымскага арыстакрата, нашчадкамі якога лічыла сябе наша шляхта. Дарэчы, у таго ж Леаніда Дайнекі ёсць фантастычны раман "Чалавек з брыльянтавым сэрцам".

Самай жа кранальнай каштоўнай дробяззю беларускай літаратуры я б назвала прыгожую жамчужыну, вядомую нам як "Слёзы Тубі". Гаворка вядзецца пра аднайменны аповед Янкі Маўра, герой якога, хлопчык Тубі, вымушаны зарабляць на спажытак, ныраючы за жэмчугам. Юнага нырца на вачах скнарных багацеяў з'ядае акула. Але ў апошнім яго ўлове знаходзяць згаданую жамчужыну, з якой у фінале апавядання фарсіць жонка "нафтавага караля" лэдзі Сміт: "У залатой аправе, тонка адшлiфаваная, яна вiсела на грудзях, нiбы жывая. Бледны колер, мяккiя пералiвы святла, аксамiтны выгляд — усё гэта вабiла i цешыла вока. Не хацелася верыць, што гэта толькi камень".

Нельга не ўспомніць яшчэ адну ўнікальную рэч: сярэбраную табакерку з аповесці-казкі Змітрака Бядулі "Сярэбраная табакерка". Менавіта ў гэтым прадмеце героі замкнулі саму Смерць.

Ва Уладзіміра Караткевіча, нашага рамантыка, каштоўнасці не толькі выступаюць у ролі "праклятых скарбаў", як у "Чорным замку Альшанскім", але і як сімвалічныя артэфакты. Героі "Каласоў пад сярпом тваiм" юныя арыстакраты Майка Раўбіч і Алесь Загорскі маюць фамільныя амулеты: у Раўбічаў — жалезны бранзалет з выявай чартапалоху і шыпшыны, у Загорскага — "амулет старога дзьмутага золата, цьмяны i зiхоткi. А на iм Коннiк з дзiцячым, нiбы апухлым, тварам баронiць Авечку ад Льва, Змiя i Арла".

Калі ўжо прыгадваць каштоўнасці рэальныя, то ў беларускай літаратуры не маглі абысці ўвагай Крыж Еўфрасінні Полацкай, шэдэўр ювелірнага мастацтва, выкананы майстрам Лазарам Богшам па замове князёўны-манашкі Еўфрасінні і зніклы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пішуць і пра часы з'яўлення Крыжа — напрыклад, Валянціна Коўтун у рамане "Еўфрасiння", і пра яго сучасныя пошукі.

Наступныя па папулярнасці скарбы — скарб Напалеона, пакінуты французскай арміяй падчас адступлення дзесьці ў Беларусі. Яго шукаюць і героі аповесці Андрэя Федарэнкі "Тры талеры", і героі рамана Уладзіміра Сцяпана і Максіма Клімковіча "Тэолаг".

Затым назавем "скарбы езуітаў" і "скарбы Радзівілаў". Таямнічы ордэн езуітаў валодаў таемнымі ведамі і невымернымі багаццямі, дакладна вядома, што ў Мінску падчас знаходжання ў ім войскаў Пятра I кіраўнікі езуіцкага калегіума схавалі свае каштоўнасці дзесьці ў гарадскіх падзямеллях. Што да скарбаў Радзівілаў, то гэта перш за ўсё дванаццаць залатых апосталаў, якія знаходзіліся ў скарбніцы ў Нясвіжы і былі страчаныя падчас руска-французскай вайны.

Не адзін гістарычны раман і дэтэктыў будуць напісаны вакол беларускіх скарбаў... Але безумоўна адно: бляск твору надае не апісаныя ў ім брыльянты, а талент аўтара.

Рэйтынг скарбаў беларускай літаратуры

1. Крыж Еўфрасінні Полацкай.
2. Скарб у кургане.
3. Карона Вітаўта Вялікага.
4. Карона вужынага караля.
5. Скарбы Напалеона.
6. Залатыя апосталы Радзівілаў.
7. Жамчужына (Янка Маўр, "Слёзы Тубі").
8. Пярсцёнак з ізумрудаў пацыента Скарыны (Максім Багдановіч, "Безнадзейнасць").
9. Залаты медальён князя Алеся Загорскага (Уладзімір Караткевіч, "Каласы пад сярпом тваiм").
10. Сярэбраная табакерка (Змітрок Бядуля, "Сярэбраная табакерка")

Людміла Рублеўская

sb.by