Ян Камінскі ды Ігнат Карповіч атрымалі прэмію імя Веслава Казанэцкага

Ігнат Карповіч, польскі пісьменнік беларускага паходжання.

Прэмію за найлепшыя кніжкі звязаныя з Беластокам, выдадзеныя за мінулы год, уручылі ў беластоцкім Цэнтры імя Людвіка Заменгофа. Ігнату Карповічу журы прысудзіла прэмію за раман „Осці”.

Гэта, бадай, найменш „беластоцкая” кніга пісьменніка родам са Случанкі, што ў Гарадоцкай гміне:

- Трэба ацэньваць, што на самай справе важна, не мысліць у катэгорыях нацыянальных, моўных, каталік ты ці не… галоўнае – які ты чалавек.

У траўні пабачыць свет новая кніжка Ігната Карповіча, „Сонька”. Як абяцае аўтар, гарадоцкага і беларускага будзе ў ёй вельмі шмат.

Літаратурная прэмія імя Веслава Казанэцкага была ўручаная ўжо ў 23-ці раз. У кароткі спіс намінантаў за 2013 год увайшлі Кацярына Дрога за кніжку „Пакаленні. Век дажджу, век сонца”, Ян Камінскі за „Час Будзіка” і Ігнат Карповіч за „Осці”. Прэмія прысуджаецца аўтарам, якія звязаны з Беласточчынай або чые кнігі былі апублікаваныя ў Беластоку.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя