Янка Купала. Нараджэнне і смерць паэта - эсэ Сяргея Дубаўца

Янка Купала. Нараджэнне і смерць паэта

Чалавечы вобраз Янкі Купалы не прамалёўваецца, не намацваецца, не паддаецца разуменню. Ці хтосьці ведаў гэтага чалавека? Ці хтосьці яго любіў? Ці хтосьці гэтага чалавека запомніў? Які ён, Янка Купала ўцелаўлёны — грамадзянін з даведкай, пацыент лекара, лавелас? выпівоха? чыйсьці сябра, муж, бацька… Ніякі.

Назваўшыся імем бога, Ян Луцэвіч адмовіўся ад біяграфіі, факты якой хоць нешта б значылі ў ягоным жыцці і творчасці, і ад чалавечага характару, рысы якога сёння складаліся б у адно з успамінаў сучаснікаў.

Ён стаў правадніком тае духовае стыхіі, што сыходзіла аднекуль з вышыняў, з Алімпу ці з гімнаў Рыгведы. Усё матэрыяльна прадметнае — Бяларучы, вучоба ў Піцеры, праца ў Вільні, жыццё ў Мінску, а ўрэшце пагібель у Маскве — выглядае бездапаможна і непераканаўча побач з яснай і магутнай метафізыкай ягонае паэзіі. Назваўшыся Купалам, Луцэвіч памёр. 15 мая 1905 года ў ягонае цела грамадзяніна з даведкай усяліўся персанаж зусім іншага, незямнога жыцця.

* * *

Даследнікі выводзяць імя паганскага бога Купалы ад старажытнагрэцкага Апалона і індыйскага Крышны Гапалы — адтуль, адкуль, нібыта, прыйшла наша цывілізацыя. У сваіх, беларускіх абставінах паэт вызначыў сабе месца ў пантэоне паганскіх багоў (на Алімпе беларускай літаратуры) наступным чынам:



О, богі рэк, лясоў і ніваў!
Дажбог, багамі свету дан,
Пярун блыскотны і грымлівы,
І ты, Купала, светач тайн…
Урывак з паэмы», 1910 (1)

Лічыцца, што Ян Луцэвіч назваўся Купалам, бо нарадзіўся на Купалле. Ці абраў бы ён сабе іншае паэтычнае імя, калі б з’явіўся на свет на Дзяды, на Каляды або ў іншы час? Напэўна, калі б такое здарылася, гэта быў бы зусім іншы творца, бо каляндарнае супадзенне і пакліканы ім выбар імя цалкам прадвызначылі асноўны матыў творчасці Янкі Купалы.

 

Купалле — гэта не толькі абрад, калі дзяўчаты пускаюць вянкі на ваду, а хлопцы — агнявыя колы з гары.

Гэта найперш — калі апоўначы закрасуе кветка папараць, што прыносіць шчасце. Пасулы кветкі зусім не абстрактныя. Пад купальскай папараццю схаваны скарб. Прычым красуе тая кветка не ў цёмным лесе. Яна красуе на кургане. (2)

Між іншым, пра тое, што курганныя скарбы раскрываюцца на Купалле, этымолаг Даль піша ў артыкуле «Купа», чым разбурае звыклае ўяўленне, быццам Купалле — ад купання.

 

Купалле — гэта калі красуюць папараць кветкамі купы курганы. А паміж гэтага красавання царуе мадэратар Купала, курганнік, скарбашукальнік, светач тайн. Ён раскрывае скарбы, схаваныя ў старажытных магілах, і перад намі паўстаюць жывыя карціны прадаўняга жыцця. Містэрыя!

 

Дзеля аналогіі першым згадваецца Мікалай Гогаль. Ягонае апавяданне «Вечар напярэдадні Івана Купалы» прысвечанае скарбашукальніцтву і распавядаецца ў ім, як бедны работнік Пётар Бязродны (!) знаходзіць скарб з дапамогай нячыстай сілы. Тут і кветка папараці. У іншым апавяданні Гогаля — «Зачараваным месцы» (3) — называецца асаблівая прыкмета, паводле якой шукаюць скарб — свечка на магіле.

Ян Луцэвіч ведаў пра гэтыя творы са школы. Схаваны скарб абуджаў фантазію, быў зразумелы для ўсіх, жаданы (бо як яшчэ фантастычным чынам можна палепшыць уласнае жыццё?) і асацыяваўся найчасцей з магілай. У адрозненне ад Гогаля, у Купалы скарбашукальніцтва набывае выгляд буджэння нацыі.

* * *

Адкрыццё цуду паэзіі бясконцае, патаемнае і нязводнае.

Творца пачуваецца чараўніком, праз якога струменіць магічная энергія. Нішто ў жыцці не дараўнае гэткаму перажыванню, не перавысіць гэткага сэнсу і гэткага задавальнення, бо гаворка ідзе пра абсалютнае. Ты — чараўнік. І ў цябе ёсць місія — будзіць уласны народ.

Той самы, які жыве сабе і жыве, не ведаючы, хто ён такі і адкуль узяўся. Ты раскажаш яму ўсю Праўду. Не зацікавіцца? А ты зрабі неверагоднае — цуд. Падумай, у што ён такое бясконцае, патаемнае і нязводнае па сапраўднаму верыць. Рацыя, верыць ён у чарадзейства, пра што і пяе сам сабе свае песні казкі. І ты, чараўнік, складзі яму такую казку, такую містэрыю, такое кіно пакажы, каб ажно дух заняло і адкрыцці сталіся явай.

Купала стварае шаблонныя вобразы і карціны, выкарыстоўваючы максімальна даступныя ягонай аўдыторыі сродкі — яркія, блёсткія і пры тым наўздзіў свае. Найперш — гэта свая, не надта яшчэ літаратурная мова.

Купала прэтэндуе на ахоп усяго народу. А што можа быць больш масавым, чым містэрыя ажыўленай мінуўшчыны, якая спіць у кургане…

 

Адкрыццё паэзіі і адкрыццё Беларусі падобныя сілаю пачуцця. Як скажа пра гэта першы стрэчны — быццам знаходзіш скарб.

Хто ж не хацеў бы знянацку падняць з зямлі залатую завушніцу. А калі натрапіць на таемны план закапаных багаццяў?..

І вось купальская ноч, калі курганы адкрываюць свае скарбы… Ды ў нас гэтыя курганы ў кожнай вёсцы. Што там за скарбы? Ну, усялякая старасвеччына — зброя, посуд залаты і срэбны, аздобы смарагдавыя… князі ўсемагутныя, ганцы бліскавічныя, дзяўчаты прыгожыя, сталы ломяцца ад страваў і мёду… Прыгожа.

 

Купала не зрабіў бы цуду, каб адно заклікаў людзьмі звацца ці, скажам, апісваў архітэктурныя помнікі краіны. Гэтым проста да сэрца не прамовіш.

А вось зірнуць на Беларусь як на зямлю курганоў, у кожным з якіх цепліцца свая гісторыя пра Гусляра ці Машэку, а яшчэ і гэтую гісторыю паказаць нібы на шырокім экране — ва ўсім багацці дэкарацыяў… Зрэшты, вы і самі можаце яе падгледзець, падслухаць або прысніць. Асабліва, калі вы паэт, пясняр. Вось вам парада:

… Прагледзь нябесныя ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам Бог!
……………………………
Падслухай шэпты зямлі маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь…
«Песняру беларусу», 1909

 

Хіба гэта не поўны комплекс маскультурных прынадаў — ад інтрыгі скарбашукальніцтва да касцюмаванае меладрамы?

Вы і не заўважыце, як, захопленыя, апынецеся ў полі гістарычнай ды нацыянальнай свядомасці. Купалава задача — запаліць у людзях агонь цікавасці, а тады яны возьмуць у рукі і іншыя кніжкі.

 

Больш моцнага звышматыву, каб перабіць татальную шэрасць, цемень і русіфікацыю, нельга было і прыдумаць. І Купала сам стаў гэтым матывам. Калі з ягонае творчасці выбраць усе сонна курганна скарба чарадзейныя творы, застанецца Купала эклектычны, нібы расколаты звон,

аскялёпкі якога не складаюць цэлага. Тым часам выбранае і будзе — сам Купала.

А што там, дарэчы, з іншага? Любоўная лірыка — розная. Сацыяльныя матывы — мода. Паэта спаміж модных нараканняў не дый прарывала ў пазітыў (4) або — прызнанне, што самі вінаватыя ў такой сваёй долі (5). Бытавыя гісторыі — сумныя і смешныя — можна было чытаць і ў іншых паэтаў. Заклікі: устань, ідзі, будзь… Што тыя заклікі.

Пісалі вершы тады ўжо многія і пісалі падобна, а вылучыцца з многіх, прагучаць адметна можна было толькі праз свой адметны вынайдзены цуд.

Краявід таксама не даваў звышвыніку. А хацелася хуткага і максімальнага эфекту, які проста азарыў бы цемру.

* * *

У грамадзянскай лірыцы паэта шмат кан’юнктурных твораў — ці то на злобу дня, для газеты, як было ў нашаніўскія часы, ці то змушаная пахвальба камуністычнага рэжыму — за саветамі. Такія творы ўспрымаеш з аглядкай на час і абставіны. Але ёсць і Купала зусім некан’юнктурны, той, які гаворыць пра пошукі нацыянальнага скарбу. Скарб — у кургане, у магіле. Гэта прадзедавы косці, якія паэт чараўнік здольны ажывіць і скласці ў жывыя карціны былога.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора…
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой…
Курганы шмат чаго нам гавораць.

Гэта з паэмы «Курган», 1910 год. Паводле Купалы, курганы, такія вось масавыя пахаванні, трэба ўважліва слухаць — прычым душою. І тады адкрыецца сапраўдная відзежа. Як у паэме «На Куццю» (6), 1911 год:

Заныла ўсё, замёрла ўсё, —
Ня спіць адвечнае замчышча (7):
Там пачынаецца жыццё
Ў агнёх старога папялішча.
Іскрыстым, бліскатным святлом
Заліты княскія святліцы,
Дружына вольная кругом
Сталоў дубовых варушыцца.
Залататканы абрусы
З сталоў звісаюць дыванамі,
На абрусох чысцей расы
Віно красуецца каўшамі.
………………………..
На беласнежны на пасад
Усходзіць князь, усходзіць княжна;
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць задумліва, суважна.
Агні брыльянтаў, як зарніц,
Зіяюць з княжацкай кароны, —
Краса б’е з князеўных зраніц,
Як бліск маланак развуглёных…

Пачынаецца містэрыя…

Цяпер вы разумееце, ШТО тоіцца ў вашых курганах, ШТО ў гэтай нішчымнай і шэрай, як ваша доля, зямлі, ШТО ў вас пад нагамі?

 

* * *

Першую згадку курганнае тэмы знаходзім у самым пачатку творчасці паэта, яшчэ ў 1906 м годзе, у вершы «Над сваёй айчызнай″: (8)

Божа! гэткі свет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе мой люд?
Дзе айчызна мая?
Дзе той час, у яком
Тут кіпела жыццё?
Свой народ быў кругом
І любіў сваё ўсё?
………………………
Знікла ўсё, як імгла,
Няма славы тваей;
Злая доля змагла
І мой край, і людзей!
Адны ў шар курганы —
Сведкі бітваў — стаяць;
Косці к ім груганы
Прылятаюць збіраць.

Да пачатку масавых рэпрэсіяў у Беларусі застаецца 30 гадоў.

Купала піша пра адцягненае і даўнейшае, але з гледзішча нашага часу гэтыя радкі гучаць як папярэджанне. І з кожным годам тое папярэджанне чуваць у творчасці паэта ўсё мацней.

Купала пачынае «спаць на курганах», прыпадаць да іх слыхам і занатоўваць падгледжанае ды падслуханае радкамі паэзіі. Верш «Сон» (9), 1907

Я змогся. Ногі больш служыці
Мне не хацелі, чуць цягнуў.
І ўсеўся на курган спачыці,
І на кургане я заснуў.
…………………………..
Я сніў. А ўсё як бы наяве
Кругом мяне жыло жыццём:
Той абымаў, той нож крывавіў,
Той спаў летаргу зводным сном.
Збуджэння дух махаў крыламі,
Няпамяць свой скідала пыл,
Вякі пражыты за вякамі
Ўставалі з попелу магіл.

І вось тут — увага.

На момант забытыя князі і мінуўшчына, уся, так бы мовіць, экзотыка. У 1907-м годзе Янка Купала бачыць відзежу будучых крывавых часоў сталінскага генацыду:

 

Спіхала ў долы праўду здрада,
За быт, за шчасце йшла вайна,
Парад цягнуўся за парадам,
Жыла, ўмірала старана.

 

Тут — і будучыя даносчыкі здраднікі, і «вайна за шчасце» — рэвалюцыя разам з чырвоным тэрорам, і парады — фасадная радасць савецкіх фізкультурнікаў, і ўрэшце гэты вось кантраст: жыла — умірала старана. Размах камуністычнага аптымізму і масавыя рэпрэсіі пры гэтым. Пройдзе два тры дзясяткі гадоў і Купала сам патрапіць у палон гэтага кантрасту, толькі тады ўжо нічога сказаць не зможа.

… Пакуль жа ён гаворыць прарочым голасам, ён усю Беларусь параўноўвае з магілай. У вершы «З песень аб сваёй старонцы» (1905–1907), тым самым, дзе «Невясёлая старонка // Наша Беларусь: // Людзі — Янка ды Сымонка, // Птушкі — дрозд ды гусь», у Купалы вырываецца прызнанне:

Так няміла, як магілай,
Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
Ды люблю ж яе…

 

Седзячы на курапацкіх пахаваннях, нашыя сучаснікі — абаронцы мемарыялу ў 2002 годзе таксама неаднойчы прызнаваліся, што ўспрымаюць гэтыя магілы, як саму Беларусь, што менавіта на гэтых магілах нараджаецца будучыня краіны.

 

Беларускую традыцыю ўяўляць могілкі як населеныя продкамі гарады, Купала развівае да таго, што самыя курганы ў яго становяцца жывымі істотамі. Верш «Курганы», 1909:

Як хмуран пагляд туманны,
Як заўцы званы.
На нецвіўшыя паляны
Леглі курганы.

Курганы дрэмлюць, яны сумныя, іх нельга чапаць, бо

Хто зачэпіцца іх межаў,
Хто чапне іх сны,
Як званы на цёмнай вежы,
Стогнуць курганы.

Хіба не пра бульдозеры і экскаватары з Мbнскай кальцавой дарогі кажа тут пясняр, хіба не пра той шум, які ўзняўся ў сродках масавай інфармацыі, калі кальцавая пайшла на магілы?

У тым самым 1909-м годзе пішацца этапны верш курганнае тэмы, «З мінуўшых дзён» (10):

Перайшло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула,
Зеллем зарасло.

З гэтага часу курган становіцца амаль абавязковым у кожным вершы паэта.

Паліліся мае слёзы
На гасцінцы, перавозы,
На крывавыя паляны,
На забытыя курганы.
«Паліліся мае слёзы», 1909

Залягла, як пасцель,
Лебядзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на смех:
Гэта снег, толькі снег…
«Снег″, 1909

Мой дом — узмежных зёлак восці,
З сухой асінаю курган,
Дзе тлеюць прадзедавы косці,
Дзе плача ночка ды туман.
«Мой дом», 1910

Купала быццам рыхтуе чытача да сваіх вялікіх містэрыяў. Каб жывей уяўляць тыя фантазіі, якія чараўнік пакажа, ажыўляючы курганы, чытач павінен прыгледзецца да ўласнага наваколля, пабачыць свае, блізкія да сябе курганы, якія ёсць і за вёскай і пад лесам і во — каля самага дому.

Яшчэ адзін спосаб абудзіць цікавасць да курганоў, у якіх схаваны скарб Беларусі, — праз антытэзу, праз горычнае «Гэй, маўляў, хавайце» (11).

Гэй, капайце, далакопы,
Яміну магілу, —
А шырока, а глыбока,
Колькі хваціць сілы
Так капайце днём і ночай,
Помачу склікайце, —
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.
1910

Такім чынам, ланцуг вобразаў замыкаецца: Беларусь — магіла — курган — скарб — крэпасць — Беларусь.

На кургане на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў дудар, сагнуўшы плечы,
З пасівелай галавой.
«Дудар», 1910

Спавітыя плесняю вёскі
Між пустак заселі бяссільна,
Ўтуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.
……………………
Ты спіш, ты жывеш мімаходам,
Мой край, як сцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай і сілай.
«Мой край″, 1910

А гэта, між іншым, 1910 год. Самы росквіт «Нашае Нівы» і самы росквіт Купалавай творчасці. У царскай Расеі —сякая-такая лібералізацыя. Да першай сусветнай вайны яшчэ чатыры гады.

Што такога масава знішчальнага з нядаўніх падзеяў магло даць Купалу падставы параўноўваць свой край з магілай? Ды і ў тагачаснай «Нашай Ніве» не знойдзеш інфармацыйнае нагоды для такога параўнання. Значыць, Купала піша пра будучыню?

 

І не толькі Беларусь у яго — магіла, але і народ беларускі — магіла:

Бяссільна народ свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
— За што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?
«Пад крыжам» (1912)

* * *

Купалаў «Сон на кургане» стаў спосабам здабывання (выснення) нацыянальнае ідэі (12), за што паэта і назвалі ідэолагам адраджэння. Наступныя буйныя творы містэрыі «Курган», «На Куццю», «Гарыслава», «На Дзяды», «Бандароўна», «Магіла льва», «Сон на кургане» — адным сцягам ажыўляюць схаваныя ў курганах таямніцы мінуўшчыны, становяцца асноўнай тэмай і складаюцца ў найбольш плённы перыяд творчасці паэта.

 

Светач тайн — гэта місія Купалы і як ідэолага. Паэт выступае павадыром свайго цёмнага народу ва ўласную мінуўшчыну.

Ён кажа — глядзіце: у курганах вашых — сапраўднае золата, якое сведчыць пра вашу супольную спадчыну, а гэта значыць, пра тое, што вы і ёсць супольнасць, народ, і нічым не горшы за тых расейцаў або палякаў ці іншых.

Раскрытыя прарокам сведчанні гісторыі даюць народу абгрунтаванае права на існаванне — на незалежнасць, сваю культуру, мову, на сваю нацыянальную годнасць. Купала клікаў «цёмнага мужыка» да асветы і, разам з тым, захапляўся прыгоствам сваёй краіны і яе людзей, паказваючы і тут на адметнасць народу.

Што здарылася з гэтай тэмай і самым паэтам далей?

* * *

Курганная тэма пануе ў Купалы аж да першай сусветнай вайны. У 1916-м і 17-м паэт маўчыць, а

ў 18-м годзе ягоная містэрыя — ажыўленне курганнага скарбу — рэзка палітызуецца. Пазней гэтыя вершы будуць забароненыя:

 

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!
«Свайму народу», (1918)

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!
Аб вечным катаванні, здзеку далажы
І пакажы на курганы і на крыжы.
«На сход!» (1918)

Таксама ў 1918-м годзе ў вядомай усім са школы «Спадчыне» — гэта дзе «Ад прадзедаў спакон вякоў // Мне засталася спадчына…» — прагучаць яшчэ «казкі сны» і тая страфа, якую выдалялі з савецкіх выданняў:

І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены…

… і ўсё. Асноўны матыў творчасці Янкі Купалы на гэтым вычэрпваецца. Спярша ўсе курганы, скарбы і цуды чарадзействы паэт адпісвае да мінуўшчыны — як рудыменты, пазней яны і ўвогуле супярэчаць бальшавіцкай ідэалогіі.

Калі трэба славіць і сцвярджаць, а таксама чэсна атрымліваць кожнаму па працы, якое ж можа быць скарбашукальніцтва?

Чужая матэрыя…

 

Сваю «савецкую лірыку» Купала пісаў вымерханы, стомлены і раптам састарэлы. Ён рыфмуе, але гэта ўжо не голас бога, які прамаўляў праз яго некалі.

У 1931-м ён, магчыма, і сам не заўважае, што агітуе за новыя «курганы»:

Каб і апартуністы —
Ці левы ён, ці правы —
Ня мог прыносіць шкоды
Для ленінскае справы.

 

За паэта піша не бог Купала, а пазасталая ад таго бога асадка даўно памерлага Яна Луцэвіча. Асадка пільна адсочвае ваганні партыйнай лініі, славіць Сталіна і камунізм, бэсціць ворагаў, шкоднікаў і шпіёнаў.

1937-ы год у ягонай творчасці пачынаецца вершыкам з ужо не бязвіннаю назвай — «Мала іх павесіць». У Курапатах поўным ходам ідуць расстрэлы…

 

Няма сэнсу дапытвацца, ці ведаў аўтар пра Курапаты і што ён пра іх думаў. Мабыць жа ведаў, прычым столькі, што хапіла, каб не думаць, не магчы думаць наогул.

Моцна перабольшаны паток ТАКОЙ інфармацыі паралізуе, і ні думаць, ні казаць ужо проста няма чаго. Гэта не драма і не трагедыя, якія яшчэ могуць пераплаўляцца ў мастацкія жанры.

Гэта катастрофа, ад якой творца нямее і светач тайн канчаткова гасне.

 

 

Прызнаным прарокам і геніем, беларусам нумар адзін Янка Купала стаў яшчэ ў нашаніўскія часы. Пэўна, звычайнаму чалавеку няпроста несці ў сабе праз жыццё такую місію.

Патрэбная ні больш, ні менш «дамова» з богам. Купала нёс сваю ношку ажно да трыццатых гадоў, калі камуністычныя ўлады пачалі ламаць яго на іншы лад. Вялікі паэт мусіў пісаць дрындушкі на хвалу новаму парадку. На тое спатрэбілася цераз арышт і спробу самагубства ажывіць пакінутае богам цела Яна Луцэвіча, які і ўстаў, нібы той зомбі, і напэўна ж узгадаў свой (а не Купалаў) даўні вершаваны настрой, занатаваны ў сакавіку1906-га года. Для яго, ужо тады памерлага душою Луцэвіча, за гэты час нічога не змянілася ў свеце.

Будзь ты дуж, як вада,
Як жалеза, цвярды, —
Калі ж нойдзе нуда,
Ты не зможаш нуды!
Як благая напасць,
Атуманіць сабой
І спакою не дасць,
Аж заныеш душой…
Стане пеклам жыццё,
Людзі — горш ад звярэй;
Думаць будзеш усё,
Як памерці скарэй…

 

Ян Луцэвіч, пазбаўлены голасу з вышыняў Алімпу ды гімнаў Рыгведы, сам ператварыўся ў нейкае падабенства кургана, які закрыў свае скарбы ад чужога вока і застыў нерухомы, безуважны, бяздумны.

Кожную хвілю гатовы не быць. Ягоны жывы голас у радыёзапісах таго часу гучыць, як голас з таго свету.

 

Ён ужо не мог не скончыць такое жыццё самагубствам.

Даастачы вычарпаны і пазбаўлены голасу, што ён мог яшчэ? Маўчаць? Дык маўчаць для прарока і значыла — перастаць жыць. І ён шукаў свае смерці.

Версіі пра забойства выглядаюць у гэтым кантэксце жанравай эклектыкай.

Аб’ект нацыянальнага культу аўтары версіяў ператвараюць ў такога сабе героя змагара, якога некаму трэба прыбраць з дарогі. Але ці магчыма фізічна знішчыць нацыянальны культ? Натуральна, не.

 

Чаканне фізічнае смерці за дзесяць гадоў выцягнула з паэта астатнія сокі.

Пішучы свае вершы пра Сталіна, ён інтуітыўна імкнуўся быць на плыву, не выпасці з поля зроку свайго народу і сваёй краіны. Яму, як прароку, менавіта гэта было найважней — «з цэлым народам гутарку весці». А «Сталін» быў дазволам застацца на першым месцы ў школьных праграмах.

Прычым застацца мусіў не ён, Іван Луцэвіч. Застацца мусіла «Спадчына» — тая, што ад прадзедаў спакон вякоў. Урэшце так яно і выйшла. Купалу пакінулі прарокам, што было б немагчыма пры эміграцыі або пісанні ў стол. А для пакаленняў беларусаў радзіма і надалей пачыналася з ягонай «Спадчыны».

 

Купала застаецца жывы настолькі, наколькі заўсёды жывая і прыцягальная для людзей ідэя адкрывання скарбаў, што ляжаць у курганах, пакуль не з’яўляецца чараўнік і не паказвае ўсім, ЧАГО яны ў сябе пад нагамі не бачаць.

Застаецца і вялікі эмацыйны накал, энергетыка гэтых твораў, якая хвалюе і абуджае. Калі самыя звыклыя словы наўпрост сягаюць у сэрца і запамінаюцца там назаўжды.

* * *

1. Паводле Поўнага Збору Твораў (Мінск, 1999. С.405), у пасмяротных выданнях гэты верш не друкаваўся, г.зн. быў забаронены савецкай цэнзурай. Такім чынам вобраз паэта і асноўны матыў творчасці Купалы падганяліся пад ідэалагічны стэрэатып, што быў сфармаваны ў перыяд масавых рэпрэсіяў. Тут і далей звесткі пра забарону — з гэтага 9 томнага Збору Твораў.

2. Уладзімір Даль паведамляе пра курган: «татарск. узгорак, горка; насыпны ўзгорак, старажытная магіла, магілішча. Курганнік — той, хто раскапвае курганы, скарбашукальнік».

3. Абодва апавяданні ўваходзяць раздзеламі ў «Вечары на хутары ля Дзіканькі».

4. Напрыклад, верш «Пакіньма напуста на лёс свой наракаць…», 1906. У прыжыццёвых выданнях пасля 1929 не друкаваўся.

5. «Шчасце», 1906 1910. З 1928 да 1961 не друкаваўся.

6. У пасмяротных выданнях паэма не друкавалася.

7. Замчышча ў гэтым выпадку — таксама магіла, курган. Макс Фасмэр у сваім этымалагічным слоўніку тлумачыць: курган — магільны ўзгорак, але таксама — крэпасць, пазычанае са старажытна цюркскай, дзе курган і азначае крэпасць.

8. З 1928 да 1961 не друкаваўся.

9. Пасля 1932 у прыжыццёвых выданнях не друкаваўся. Упершыню цалкам — у 1972.

10. У пасмяротных выданнях у Беларусі не друкаваўся.

11. Верш «Гэй, капайце, далакопы…» з 1929 да 1961 у Беларусі не друкаваўся.

12. У бязродных (!) скарбашукальніках прачынаецца гістарычная і нацыянальная свядомасць.

Сяргей Дубавец, газета «Свабода», 2007

nn.by