Янка Купала: у змаганні за жаночае цела

Было адчуванне, што ў гэтым творы шмат што засталося схаваным паміж радкамі, і якраз яно не давала спакою. Але перачытваць, каб разабрацца лепш, не хацелася. “Бандароўна” дагэтуль застаецца маёй самай нелюбімай паэмай Янкі Купалы.

Магчыма, рэч была ў прыхаваным эратызме твора. Нават не ў гвалце — хоць паэма, безумоўна, пра гвалт, і я здзіўляюся, што такое даюць чытаць у школе дзецям, расказваючы ім пры гэтым не пра недатыкальнасць любой асобы, а нешта пра гераічнае мінулае ці то беларускага, ці то ўкраінскага народа і пра нацынальна-рэлігійны прыгнёт. Я толькі што адкрыла ў Гугле некалькі матэрыялаў пра паэму — і ва ўсіх вядзецца пра рашучасць і самаахвярнасць Бандароўны, за якой насамрэч стаіць нейкая народная сіла (цікава, дзе была гэтая народная сіла, калі гераіня твора збягала ад пагоні?). Прыватна ж для мяне гэтая паэма — пра тое, як жаночае цела робіцца арэнай змагання за нацыянальную ідэю.

Фота з пастаноўкі “Бандароўна” Свабоднага тэатра

Давайце прыгадаем сюжэт. Ва Украіне “над бедным народам” лютуе пан Патоцкі. Са сваёй хеўрай ён ездзіць па розных мястэчках, гуляе і гвалтуе дзяўчат — пра гэта ў тэксце гаворыцца наўпрост:

Калі ж дзе ўпадзе у вока

Хараство дзявоча, —

Абняславіць, абнячэсціць,

Бацьку плюне ў вочы.

Самі дзяўчаты і іх перажыванні аўтара ў дадзеным выпадку мала цікавяць: іх няславяць, нячэсцяць, то бок пазбаўляюць славы і чэсці, якая належыць іх бацьку і народу. Дзяўчаты такім чынам робяцца аб’ектамі, свайго роду сімваламі народных пакут. Пан Патоцкі мае над імі ўладу (яго “збаўляе хеўра і багацце”), самім жа бацькам і ўкраінцам увогуле застаецца яго толькі праклінаць.

Пазнаёміўшы нас з галоўным злодзеем, аўтар знаёміць і з самой Бандароўнай — дачкой “слаўнага Бандарэнкі”. Знаёмства гэтае вельмі ўмоўнае — па-першае, мы не ведаем імені галоўнай гераіні (дарэчы, як і імені яе маці, якая ў паэме згадваецца толькі як Бандарыха), па-другое, аўтар лічыць патрэбным расказаць нам толькі пра вонкавую прыгажосць дзяўчыны. Калі Бандароўна — гэта сімвал народа, ясная рэч, яна мусіць быць прыгожай і выклікаць (у мужчын, якія, як вядома, і ёсць народ) пажаду. У паэме няма недахопу ў кампліментах — у дзяўчыны і “стан павабны” (то бок вабіць да сябе), і губкі “як маліны” (так і хочацца з’есці, чытаем мы паміж радкамі), і далей па тэксце. Пачатак паэмы заспявае Бандароўну ў карчомцы з казакамі, дзе яна “цешыцца з свабоды”, але пры гэтым “задзіўляе усіх чыста”, то бок, зноў жа, апісваецца не сама па сабе, а праз уражанне, якое яна робіць на мужчын, у дадзеным выпадку на казакоў.

Тут у карчме з’яўляецца пан Патоцкі са сваёй хеўрай і пачынае ўсяляк дэманстраваць, хто ў доме гаспадар: “К маладзіцам і дзяўчатам лезе смоллю ў жарты”. Тут яго ўвагу забірае Бандароўна:

А найгорай к Бандароўне

Ён прыстаў абрыдна;

Цалаваць, абняці хоча,

Ажно глянуць стыдна.

Цалкам магчыма, што прысутным мужчынам і праўда “стыдна” на глядзець на такія рэчы, аднак абараняцца Бандароўне даводзіцца самой. Яна зноў “задзіўляе усіх чыста” і з’язджае пану па пысе, пасля чаго згодна з парадай старэйшых людзей кідаецца наўцёкі.

У сваім змаганні з панам Патоцкім і яго хеўрай Бандароўна застаецца зусім адна. Як бы аўтар ні пагражаў зладзеям народнай расплатай, дзяўчына сама б’е крыўдзіцеля і сама збягае ад трох гайдукоў “з голымі палямі”, і яе бунт супраць гвалту не можа не выклікаць захаплення. Але гэтага захаплення ў паэме няма: апісваючы ўцёкі Бандароўны, аўтар не перастае любавацца яе хараством і шкадаваць пра яе гаротны лёс. Менавіта ў гэтым эпізодзе прыхаваны эратызм амаль выходзіць на паверхню: дзяўчына ўцякае ад трох здаровых мужыкоў з шаблямі, а ў гэты час “вецер крылаты” цнатліва песціў ёй “грудзі белы”. Ветру песціць можна, аўтару пісаць пра гэта можна, нічога такога.

Бандароўну, ясная рэч, даганяюць і вядуць да пана, які прапануе ёй самой выбраць свой лёс:

— Ну, што воліш сабе выбраць,

Пышная паненка:

Ці ў бяседзе засядаці

Вось пад гэтай сценкай

І са мною піць, гуляці,

Ночкі каратаці?

Ці навекі косці парыць

У зямельцы-маці?

Бандароўна дае на гэта вельмі чаканы адказ:

— Не такую, ясны пане,

Бачыш прад сабою,

Што захоча чэсць і славу

Прадаваць з табою.

Менавіта тут, напэўна, літаратуразнаўцы і бачаць рашучасць і самаахвярнасць Бандароўны. Яна нібыта пагаджаецца лепш памерці, чым запляміць народную “чэсць і славу” класавай здрадай: яе цела, дзявоцкасць увасабляе чысціню нацыі, нацыянальную годнасць. Бандароўна тут не ёсць самастойным суб’ектам, яна — функцыя: “за мной праўда і народ мой” (той самы народ, які параіў ёй уцякаць ад пана, нібыта ўся гэтая справа яго, народа, ніяк не тычыцца). Так дзяўчына аказваецца паміж львом і кракадзілам, з аднаго боку — пан Патоцкі, а з другога — народ. Кожны з іх мае свае прэтэнзіі на яе цела: пан хоча, каб дзяўчына зрабілася яго каханкай, народ патрабуе, каб яна не аддала сябе на ганьбу і памерла.

Бандароўна выбірае народ, то бок магілу. “Налажылась донька наша за ўсіх галавою!” — гавораць пасля яе бацькі, як бы пацвярджаючы, што іх дачка пацярпела не як асоба з уласнымі жаданнямі, а як прадстаўніца пэўнай супольнасці — супольнасці, якая мае на яе нейкія планы і правы. Пан забівае Бандароўну і тут жа раскайваецца ў сваім злачынстве. Ён ахвяруе на пахаванне “шоўку, золата, атласу”, але загладзіць сваю віну перад народам не можа. Бандарэнка “сходы кліча”, і збіраецца вялікая сіла, каб адпомсціць пану за крыўды. І ў гэтым выпадку народ не можа не перамагчы — вобраз Бандароўны, якая абрала яго, а не пана, сведчыць, што народ увабраўся ў сілу. Дзяўчына ў дадзеным выпадку — гэта інструмент, з дапамогай якога гэтая ўлада дэманструецца. Далейшая гісторыя пішацца крывёй, а пра горкую долю Бандароўны ў народзе застаюцца толькі “казкі, песні ды ўспаміны”.

Цяпер я разумею, чаму паэма “Бандароўна” не спадабалася мне яшчэ ў школе. У творы на першы план выводзіцца жаночы вобраз, але ніякай жывой жанчыны ўбачыць за ім немагчыма.

Ганна Янкута, budzma.by

Фота: Свабодны тэатр