Янку Запрудніку -- 85

9 жніўня спаўняецца 85 гадоў сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, вядомаму дзеячу беларускай дыяспары, доктару гісторыі, палітолагу, літаратару, публіцысту Янку Запрудніку.

Янка Запруднік спалучае напружаную журналісцкую працу з літаратуразнаўствам, засведчыў сябе як навуковец-гісторык і актыўны грамадскі дзеяч. Ён мае шмат даследаванняў па гісторыі Беларусі. Доўгі час ён працаваў на радыё “Свабода”, быў галоўным рэдактарам вядомай газеты "Беларус", з 1974 г. уваходзіць у склад рэдакцыйнай калегіі "Запісаў" Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Ён аўтар многіх кніг, сярод іх: "Спадчына бацькоў: агледзіны: да 100-годдзя нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа.)", манаграфія "Беларусь на гістарычным скрыжаванні". Беларускія літаратуразнаўцы ведаюць розныя псеўданімы Янкі Запрудніка: Сяргей Ясень, Аркадзь Будзіч, Рыгор Ліцвін, Скараход.

Янка Запруднік ёсць адным з тых рухавікоў, на якіх сёння трымацца беларускае жыццё ў Амерыцы. Ён жыве беларускімі справамі, актыўна рэагуе на ўсё, што адбываецца на Радзіме, дапамагае беларусам і Беларусі.

zbsb.org