Яну Чыквіну — 75!

Прафесар Ян Чыквін.

Шаноўны спадар Ян! Прыміце нашыя сардэчныя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, светлых падзей і плённай творчай дзейнасці!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" 

Ян Чыквін нарадзіўся 18.05.1940 г. у вёсцы Дубічы-Царкоўныя Гайнаўскага павета Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сям'і настаўніка.

У 1959 г. скончыў агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім. У 1964 г. скончыў філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у ліцэі ў Беластоку, адначасова быў лектарам расейскай мовы ў Інжынерскай вышэйшай школе. З 1969 г. - асістэнт філіяла Варшаўскага ўніверсітэта на гуманітарным факультэце ў Беластоку. З 1985 г. - дацэнт кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1988 г. старшыня Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа». Доктар гуманітарных навук. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1970 г.

Узнагароджаны Залатым крыжам заслугі і медалямі.

Дэбютаваў у друку на беларускай мове ў 1957 г. вершам (газета «Ніва», Беласток). Піша на беларускай і польскай мовах. Аўтар зборнікаў вершаў «Іду» (Беласток, 1969), «Святая студня» (Беласток, 1970), «Неспакой» (Беласток, 1977), «Светлы міг» (Менск, 1989). У 1988 г. выйшла білінгуальнае выданне (на беларускай і польскай мовах) кнігі вершаў «Сонечная вязь» (Ольштын, 1988). У кнізе «На парозе свету» (Варшава, 1983) побач з перакладамі твораў паэта на польскую мову змешчаны вершы, напісаныя ім па-польску.

Працуе таксама як крытык і літаратуразнавец. Напісаў манаграфію «Афанасій Фет: Гісторыка-літаратурнае даследаванне» (Беласток, 1984). Склаў для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў анталогію «Русская поэзия. 1842-1895» (Варшава, 1984). Сааўтар падручніка беларускай мовы для 7 класа беларускіх школ «Крыніцы» (з Л.Раманюк, Варшава, 1990).

Пераклаў з польскай мовы на беларускую асобныя творы Я.Івашкевіча, Т.Ружэвіча, В.Шымборскай, Ч.Мілаша, С.Грахов'яка, С.Бараньчака і інш. На польскую мову пераклаў асобныя творы А.Разанава, Г.Марчука.

Нядаўна ў Беластоку пабачыла свет новая кніга пана Яна "Здарылася быць", куды ўвайшлі лірыка і проза. Прапануем Вашай увазе некалькі вершаў.

 

***

Бывае зрэдзь такі ажурны дзень --

Калі падлетніцца ляніва вецер

І здрэмле неба на вадзе,

І поўніцца светласцю зялёнай

Душа, што йдзе па родным свеце

І чуе, як гучыць ў паўтонах

Свет жывы, ёй даўным-даўно знаёмы.

 

ДВОЕ

Слата на двары, а хораша жыць.

Сонца схавалася ў цела

                     і свеціць з душы.

Няма для нас слоў выпадковых.

Усё, што скажам сабе -- нібы дзіўная пража

Штодзень у новыя ўзоры нас вяжа.

Хто мы такія?

Рэмбрант і Саскія!

-- Які ты цудоўна няўмелы!

-- Якая ты ўсё невагома!

 

***

Калі сонца сыходзіла з дахаў,

Тата сядаў курыць. Паклаўшы

Нагу на нагу, здаецца, тады глядзеў

У свае маладыя гады, нямоўлены свет

І нешта важыў усё на дакладнай вазе. 

 

"Ну што ж, -- аднойчы сказаў, -- і мы

Яшчэ раз зможам пайсці па вадзе.

Збудуем свой дом. І з вокан сваіх

Будзем на ўвесь гэты дзіўны свет глядзець". 

 

І ўсім, хто поруч быў з ім,

Салодкім здаўся бацькавы дым.

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"