Яшчэ раз пра «Саркафагі страху» Міхася Скоблы

Што ўяўляе сабой гэтая кніга?

Агонь, вада і медныя трубы — на думку Міхася Скоблы, гэтыя тры выпрабаванні, якія згадвалі яшчэ ў антычнасці, павінен прайсці кожны паэт і празаік. Але ёсць і чацвёртае, самае важнае, — выданне поўнага збору твораў, этап, на якім аўтар павінен змірыцца з самім сабой у кожным пункце творчага шляху. Самому Міхасю да такой праверкі на трываласць яшчэ далёка. Аднак ужо цяпер, усведамляючы важнасць праведзенай за апошнія дзесяць гадоў працы, ён рашыўся аддаць на суд грамадскасці “Саркафагі страху”.

Немалая частка кнігі прысвечана даследаванням сучаснай літаратуры. Міхась з вялікім захапленнем адкрывае для сябе новыя імёны і ахоўвае іх у сваёй памяці разам з добра знаёмымі, каб затым раскрыць іх ва ўсёй красе ў сваім артыкуле.

Каля ста старонак адведзена беларускай паэтцы, празаіку і грамадскаму дзеячу Ларысе Геніюш — яе творчасць аўтар збірае па драбніцах і вяртае чытачам. І гэта не толькі вершы, але і лісты, і гісторыі з жыцця. З кнігі “Саркафагі страху” можна даведацца, як паэтка паставіла на шлях цвярозасці Рыгора Барадуліна, як ледзь не першай разгледзела талент Быкава і… што ў яе быў найлепшы кветнік у Зэльве.

“Для многіх беларусаў Геніюш сёння гучыць як Genius і азначае — дух-абярэг нашай зямлі, — піша Міхась Скобла. — Верны айчыне і спрыяльны адданым нам суайчыннікам — Genius Беларусі”.

Значная частка зборніка прысвечана "расстралянай" літаратуры. З падзеямі 1937 года палеміст і звязвае з’яўленне феномена "саркафагаў страху".


Што такое саркафагі страху?

Як жа выглядаюць беларускія саркафагі страху па версіі Міхася Скоблы?

Гэта экзістэнцыяльнае змесцішча мінулага. Іх ахоўваюць КДБ, які да гэтага часу хавае звесткі аб расстраляных пісьменніках, і помнікі родам з савецкага часу, на мармуровых пастаментах.

Сіла, здольная разбурыць саркафагі — маладыя паэты і празаікі. Іх зброя — сумленная творчасць, свежы погляд на рэчы. Часам з’яўляюцца “шашалі”, якія пачынаюць тачыць гэтую зброю. Да прыкладу, адзін з іх — трасянка.

“Мова – гэта сіла. <…> Як адолець сілу? Трэба яе аслабіць знутры. Так у стан непрыяцеля засылаецца спрактыкаваны лазутчык, які ўмее дэмаралізаваць варожае войска. Так пад кару здаровага дрэва запаўзае шашаль і пачынае яго тачыць – ад абалоні да сарцавіны”, — піша аўтар.

У кнізе Міхася Скоблы — незалежнасць. Сваю праўду ён самастойна выбудоўвае на трывалым падмурку, матэрыял якога — гады даследаванняў, пошуку аб’ектыўнасці. Словам, аўтар нанёс саркафагам страху магутны ўдар.

Міхась Скобла

Навошта ў кнізе для будучага матэрыялы пра мінулае?

Абстрактныя ідэалы і заклікі прычапіць да рэальнасці Беларусі “залаты век” ВКЛ — не для Міхася Скоблы. Аўтар зборніка звяртаецца да мінулага не для таго, каб заклікаць чытачоў вярнуць яго ў першапачатковым выглядзе.

Найбольш яскрава пра гэта сведчыць артыкул "Расплятнанне тканіны". У ім аўтар выказвае сваё меркаванне наконт перайменавання Беларусі ў Ліцвінію. Міхась успамінае, як назіраў за маці, якая ткала посцілкі на ложкі. Часам па прапанове суседкі яна прымала рашэнне распусціць вялікі адрэзак з-за таго, што ён не адпавядаў пэўным правілам, хоць выглядаў вельмі сіметрычна.

“На маю думку, дыскусіі пра змену назвы краіны — гэта тое самае расплятанне тканіны. Цягам стагоддзя, хай сабе з вымушанымі перапынкамі, працавалі кросны і ткаўся і напаўняўся сэнсам назоў Беларусь. Са сваімі пазнавальнымі, хоць і някідкімі, узорамі. А тут прыходзіць “суседка” (ці свій, ёю падвучаны) і кажа: саткана няправільна, трэба разаткаць назад. І калі пагадзіцца, то пачнецца доўгае і пакутлівае расплятанне тканіны. Камусьці, відаць, патрэбнае, але з нашага нацыянальнага гледзішча – самае звычайнае марнатраўства”.

Для чаго ж тады сам Міхась так часта звяртаецца да мінуўшчыны? Гэта не проста яго шуканні як гісторыка. У іх ёсць пэўная мэта — не даць сказіць гэты самы далікатны ўзор, вытканы нашымі продкамі. Без звароту да першакрыніц, без даследаванняў кантэксту і розных пунктаў гледжання развіццё папросту немагчымае.

Выкрыццё фальшывых фактаў — бадай, галоўная творчая місія Міхася Скоблы. У артыкуле “Янкі голас салаўіны ...” аўтар распавядае, наколькі Янка Купала недаацэнены рускамоўнымі калегамі з-за недакладнага перакладу. “Крывое люстэрка Роя Мядзведзева” пра тое, як вядомы гісторык сказіў у сваёй кнізе сучасную Беларусь. У артыкуле “Расея — ад Волгі да Енісея?” — пра мапу “Краіны і народы свету”, у якой Беларусь прыладзілі на тэрыторыі Масквы, а суседзямі прызначылі татараў. Міхась Скобла — вартаўнік, які ахоўвае праўду і заклікае сваіх чытачоў быць пільнымі.

Для каго напісаны гэты зборнік?

Зусім не выпадкова, што ў кнізе з такой назвай няма ні грама страху. Міхась Скобла адрасаваў яе сучасным паэтам і празаікам. Заклікаў задумацца над тым, як разбурыць старыя саркафагі і не стварыць новыя. Аўтар спадзяецца на будучыню, у якой савецкі час для Беларусі стане перагорнутай старонкай гісторыі, з плошчаў знікнуць помнікі эпохі бальшавікоў, а карты гарадоў Беларусі перастануць стракацець аднатыпнымі назвамі вуліц.

“Вялікая Кітайская сцяна, змураваная з сабранага па ўсёй імперыі камення, стагоддзямі аберагала жыхароў Паднябеснай ад варожых набегаў… З чаго складзена абарончая сцяна Беларусі? З якіх найтрывалейшых матэрыялаў, што і ў агні не згарэлі, і перад ваеннымі землятрусамі ўстаялі? З кніг”, – піша Міхась. Цяпер і кніга “Саркафагі страху” заняла сваё месца ў нашым абарончым муры.

Алёна Дзьмухавец, для lit-bel.org