Юбілей «Літаратурнай Беларусі» адзначылі ў Мінску (+фота з імпрэзы і відэавіншаванне ад Ніла Гілевіча)

Павіншаваць «Літаратурку» прыйшлі каля паўсотні гледачоў, сярод якіх — пісьменнікі, грамадскія дзеячы, аўтары і аматары прыгожага пісьменства.

Уверсе, злева направа: Сяржук Сыс, Васіль Зуёнак, Валеры Дубоўскі, Алесь Камоцкі. Унізе: Уладзімер Някляеў, Уладзімір Сіўчыкаў

Культурна-асветніцкі праект «Літаратурная Беларусь» выдаецца з 2006 года. Ініцыятарамі яго стварэння сталі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і газета «Новы Час».

Алесь Пашкевіч

— 100 нумароў, 100 месяцаў літаратурна-грамадскага жыцця — не так і мала, хаця, магчыма, нямнога для ўсёй тысячагадовай гісторыі беларускай культуры. Дадатак да газеты “Новы Час” пад назвай “Літаратурная Беларусь” узнік як альтэрнатыва газеце “Літаратура і Мастацтва” ў складаныя для Саюза беларускіх пісьменнікаў часы пачатку 2000-х. Нішу тоўстых літаратурных часопісаў заняў “Дзеяслоў”, з цягам часу з’явілася і “ЛБ” як незалежны друкаваны орган СБП, — распавёў кіраўнік праекта, першы намеснік Старшыні СБП Алесь Пашкевіч.

Прыемным сюрпрызам для наведнікаў стаў відэазварот Ніла Гілевіча, у якім Народны паэт Беларусі зачытаў свой верш, прысвечаны выхаду першых нумароў «Літаратурнай Беларусі».

Барыс Пятровіч

Празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч расказаў пра гісторыю ўзнікнення “ЛБ”, пра няпросты шлях праекта і перспектывы яго развіцця і падзякаваў усім тым, хто працуе над ім.

Аляксей Кароль

— Невядома, ці то “Літаратурная Беларусь” дадатак да нас, ці то мы да яе, — пажартаваў галоўны рэдактар “Новага Часу” Аляксей Кароль. — Сакрэт нашай плённай супрацы ў тым, што мы не перашкаджаем адно аднаму, не імкнемся навязаць канцэпцыі і думкі, а суіснуем у свабодзе выказвання.

Зверху, злева направа: Усевалад Сцебурака, Сяржук Сыс з дачушкай Стасяй, унізе: Аляксандр Тамковіч, Сяргей Панізнік

— “ЛБ” — годная літаратурная пляцоўка, і мы з задавальненнем рэалізавалі гэты праект, нават насуперак некаторым тэхнічным складанасцям. Бо літаратура для нашай нацыі — нешта большае за прыгожае пісьменства, гэта асноватворная база беларускай нацыянальнай ідэі, — зазначыў у сваім слове спадар Аляксей.

Выступае Андрэй Хадановіч

Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч як паэт і перакладчык стала друкуецца на старонках “Літаратурнай Беларусі”. Спадар Андрэй прачытаў свой верш, а таксама перастварэнні з грузінскай і ўкраінскай паэзіі.

Уверсе: Алесь Камоцкі і Уладзімер Арлоў, унізе: Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі

 

Ірына Багдановіч

Таццяна Грыневіч (Матафонава)

Тыя з выступоўцаў, хто па аб’ектыўных абставінах не змаглі прысутнічаць (як, напрыклад, Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна або Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца), перадалі свае прывітальныя словы, якія агучыў вядоўца вечара Усевалад Сцебурака.

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Някляеў

З віншавальнымі словамі, са сваімі ўспамінамі і ўражаннямі ад супрацы з “Літаратурнай Беларуссю” выступілі Уладзімер Арлоў, Ірына Багдановіч, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Ігар Мельнікаў, Уладзімер Някляеў, Аляксандр Тамковіч.

Музычную частку вечара склалі выступы Таццяны Грыневіч (Матафонавай) і Алеся Камоцкага.

Тэкст, фота і відэа: Віка Трэнас, для lit-bel.org

Аўтарка выказвае падзяку Вользе Акуліч за дапамогу ў падрыхтоўцы візуальных матэрыялаў