Юбілей Уладзіміра Караткевіча ў віцебскім тэатры «Лялька» адзначаць спектаклямі і тэматычнай выставай

“Для тэатра Уладзімір Караткевіч з’яўляецца знакавай асобай. Па матывах твораў выдатнага беларускага пісьменніка ў” Ляльцы” пастаўлены спектаклі “Забыты скарб”, “Ладдзя Роспачы”, а таксама “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў”. Паказ апошняга з названых спектакляў адбудзецца ў тэатры непасрэдна у дзень адкрыцця выставы – 11 лістапада”, – адзначылі ў тэатры.

Выстава арганізавана сумесна з Віцебскім аддзяленнем Саюза мастакоў Беларусі. У экспазіцыі будуць прадстаўлены работы Міхаіла Ляўковіча, Уладзіміра Вальнова, Вікенція Ральцэвіча, Святланы Баранкоўскай, Вячаслава Шайнурава і інш. “Творы аб’ядноўвае шчырая сімпатыя да Уладзіміра Караткевіча і любоў да яго незабыўных твораў”, – падкрэслілі ў тэатры і дадалі, што выстава будзе працаваць у фае “Лялькi” да 27 лістапада.

Спектакль-фантазія “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў” пераносіць гледачоў у часы сярэднявечча, калі па Беларусі падарожнічалі Вольныя музыкі – Песняры. Лепшы з гэтых музыкаў насіў у сэрцы бязмежную любоў да роднай зямлі і нагадваў людзям пра гонар, адданасць і вернасць. Ёсць у спектаклі і традыцыйная для Караткевіча тэма самаадданай любові, якая здольная пераадолець усе перашкоды і злучыць шчырыя сэрцы.

Непасрэдна ў дзень нараджэння пісьменніка (26 лістапада) Тэатр запрашае гледачоў на спектакль “Ладдзя Роспачы”.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (1930-1984) – беларускі пісьменнік, паэт, драматург, сцэнарыст і публіцыст, класік беларускай літаратуры – нарадзіўся ў Воршы 26 лістапада. Ён адзін з найбольш яркіх фігур у айчыннай літаратуры ХХ стагоддзя. Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Яго творчасць адрозніваецца рамантычнай накіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці “Дзiкае паляванне караля Стаха”, “Сiвая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваiм”, “Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi”, “Чорны замак Альшанскi”, эсэ “Зямля пад белымі крыламі”.

Фота: news.vitebsk.cc 

Алёна Ціханава, БелТА