Юбілейная вечарына Эдуарда Мядзведскага адбылася ў Магілёве
Вечарыну падрыхтаваў магілёўскі гарадскі літаратурны клуб “Святліца” пад кіраўніцтвам пісьменніцы, сябры СБП Тамары Аўсяннікавай, якая выступіла вядучай вечара.
Тамара Аўсяннікава і Эдуард Мядзведскі
У выкананні юбіляра гучалі вершы, аповеды пра жыццё і філасофскія разважанні пра паэзію і творчасць. Слухачы з вялікай цікавасцю даведаліся пра сямейную легенду Мядзведскіх, па якой адзін з продкаў Эдуарда разам з Ілжэдзмітрыем І “хадзіў на Маскву, потым прысутнічаў на вяселлі гэтага цара, дзе і памёр, не вытрымаўшы шчодрага застолля”.
Удзельнікі “Святліцы” Марыя Грамакова і Святлана Тарасава прачыталі вершы, прысвечаныя спадару Мядзведскаму.
Старшыня літаратурнага аб’яднання “Ветэран” пры Магілёўскім гарадскім савеце ветэранаў Леанід Іскроў падарыў спадару Эдуарду новы паэтычны зборнік удзельнікаў аб’яднання.
Мікола Яцкоў і Эдуард Мядзведскі
Старшыня абласнога аддзялення СБП Мікола Яцкоў павіншаваў юбіляра, прачытаў свой верш, напісаны ў гонар падзеі, і ў якасці падарунка ўручыў экзэмпляр новага альманаха Магілеўскага абласнога аддзялення СБП “Брама”. Па словах спадара Яцкова, у наступным выпуску гэтага альманаха пажадана ўбачыць вершы Эдуарда Мядзведскага, але паколькі ён не піша па-беларуску, то варта падумаць пра перастварэнне яго вершаў.
Мікола і Ала Яцковы прачыталі свае пераклады вершаў юбіляра на беларускую мову, якія знайшлі прыхільны водгук і ў аўтара, і ў гледачоў.
Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога аддзялення СБП
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"