Юбілейная вечарына на Замкавай

Стала ўжо традыцыяй: у Цэнтральнай гарадской цэнтралізаванай бібліятэцы Гомеля пастаянна ладзяцца цікавыя вечарыны, прысвечаныя адметным датам творцаў. “Вечары на Замкавай” – так называецца літаратурна-мастацкі салон бібліятэкі.

Ужо стварылася сваё кола зацікаўленых чытачоў і гледачоў, якія пастаянна удзельнічаюць у іпрэзах, спрэчках і дыспутах, – і такія сустрэчы праходзяць заўсёды цікава, весела, узнёсла.

Вось і на гэты раз паклікаў да сябе літаратурна-мастацкі салон сваіх удзельнікаў. І нагода для правядзення імпрэзы была не абы-якая, а значная і ўзнёслая. Знакамітаму празаіку, паэту, публіцысту і мастаку Анатолю Бароўскаму 12 траўня споўнілася ні многа, ні мала, а сем дзесяткаў! Семдзесят гадоў!

За плячыма праца ў калгасе і на заводзе, настаўнічаў у вёсцы Турбінка Мазырскага раёна, вучоба ў педінстытуце Мазыра, служба ў войску – у Нямеччыне, праца на раённым радыё, у раённай газеце “Камуніст Палесся”, інструктарам райкама партыі, зноў служба ў войску – лейтэнантам у Полацку, начальнікам клуба без клуба, пасля – адказны сакратар таварыства “Веды”, інструктар гаркама партыі, намеснік дырэктара вучэльні геалогіі па выхаваўчай працы…

Увесь час пісаў. Пісаў у войску, калі быў на партыйнай працы, а калі паездзіў з нафтавікамі па далёкіх буравых, то нарадзіўся нарыс “На далёкай буравой”. Даслаў у “Чырвоную змену”, і нечакана для сябе стаў лаўрэатам прэміі маладзёжнай газеты. Рэдактар Валодзя Касько паклікаў на сталую працу ў “Чырвонку”…

Пятнаццаць год працаваў уласным карэспандэнтам па Гомельскай, а потым і Берасцейскай вобласці. Калі часопіс “Маладосьць” надрукаваў конкурсны нарыс “Браты Радкевічы”, было прысуджана другое месца.

А потым выйшла ў тым жа часопісе і першая аповесць “Тросніца”. Яе ўхваліў і прапанаваў да друку рэдактар і слынны паэт Генадзь Бураўкін…

А потым выходзяць і першыя кнігі аповесцяў і апавяданняў “Каліна пад акном”, “Азірніся ў каханні”, “Пякельны рай”…

Друкаваў аповесці ў “Полымі” і “Маладосці”.

Пра гэта ўсё і расказвала вядучая юбілейнай вечарыны, прысвечанай творчасці Анатоля Бароўскага, Марына Стужынская.

Выступалі на вечарыне і віншавалі юбіляра яго сябры і калегі па пяры. З Менску прыехалі, каб узяць удзел у імпрэзе, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін. Віталі юбіляра паэты Таісія Мельчанка і Алесь Бардоўскі, драматург Васіль Ткачоў, доктар філалогіі Іван Штэйнер, Валянціна Башлакова, Вера Кмрэйчык, старшыня гарадской грамадскай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны Максім Новік, на сакавітай беларускай мове віншавала юбіляра дырэктарка бібліятэкі Таццяна Уласава…

Не абышлі ўвагай гэтую падзею абласныя і гарадскія ўлады. Віталі юбіляра і ўручылі яму прывітальныя адрасы абласное кіраванне культуры і гарадскі аддзел культуры. Шмат цёплых слоў выказаў аддзел ідэалогіі гарвыканкама, якім кіруе Ганна Шыдлоўская, і ў дадатак Анатолю Бароўскаму быў уручаны Ліст-падзяка, які падпісаў старшыня Гомельскага гарвыканкама В. Піліпец.

У зале вітала атмасфера творчасці і весялосьці, унук юбіляра Андрусь Савосцін выканаў цікавую песню “Як служыў я ў пана (Бароўскага)”, якую з вялікай цікавасцю ўспрынялі ўдзельнікі юбілейнага свята.

Прыцягнула ўвага ўдзельнікаў вечарыны выстава жывапісу Анатоля Бароўскага. А ў цэнтры – “дарога да Храма”: бел-чырвона-белае поле, як штандар Радзімы, прасціралася перад Храмам Сафіі Полацкай, быццам клікала ўсіх адправіцца той дарогай да Вышняга… Адзначалі гледачы і вартасць пейзажаў – асенніх і зімовых. Ды, на жаль, не ўсе карціны змясціліся на сцэне. А іх усіх у Анатоля Бароўскага, недзе каля сотні, і прывёз ён іх толькі каля двух дзесяткаў…

Сваімі планамі на будучае Анатоль Бароўскі не дзяліўся – не мае такой прывычкі, але прызнаўся, што цяпер ідзе праца над падрыхтоўкай двух тамоў прозы – раманаў, аповесцяў, апавяданняў і нарысаў.

Усе выказвалі сваё прыхільнае стаўленне да яго творчасці, да яго самога, адзначалі, што юбіляр асоба не ардынарная – як у жыцці, так і ў літаратуры. Таму ўсе і зычылі аднадушна творчых поспехаў, здароўя, творчых перамог.

У гэтай сувязі хочацца выказаць шчырую падзяку кіраўніцтву вобласці і горада Гомеля, асабіста дырэктару бібліятэкі Герцэна Валянціне Уласавай і ўсяму калектыву за выдатную падрыхтоўку вечарыны, за беларускі каларыт і аздабленне. Можна дадаць, што бібліятэка  імя Герцэна заўсёды прапагандавала беларускія кнігі і беларускіх творцаў, і яны пачуваліся ў сценах другога Храма сябе ўтульна і шчасна.

З юбілеем, Анатоль! Новых кніг, новых перамог і ўдач!

 

СБП