Юбілейны “Залаты Апостраф” будзе ўручаны 22 лютага

22-га лютага адбудзецца цырымонія ўганаравання лаўрэатаў дзясятай па ліку штогадовай прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты Апостраф”.

Прэмія традыцыйна ўручаецца ў намінацыях: лепшая паэзія, проза, дэбют года, а таксама – “За ўклад у развіццё беларускай літаратуры” (прэмія Алеся Усені).

У ранейшыя гады лаўрэатамі прэміі “Залаты Апостраф” былі:

Паэзія: Алесь Бадак (2003), Алесь Пісьмянкоў (2004), Віктар Слінко (2005), Рыгор Сітніца (2006), Андрэй Хадановіч (2007), Валянціна Аксак, Віталь Рыжкоў, Сяржук Сыс (2008), Валерыя Кустава (2009), Вольга Гапеева (2010), Віктар Жыбуль (2011).

Проза: Васіль Быкаў (2003), Людміла Рублеўская (2004), Леанід Дранько‑Майсюк (2005), Вольга Іпатава (2006), Кастусь Тарасаў (2007), Уладзімір Някляеў (2008), Міхась Андрасюк (2009), Вінцэсь Мудроў (2010), Ігар Бабкоў (2011).

Дэбют: Глеб Лабадзенка (2003), Усевалад Сцебурака (2004), Ганна Аўчыннікава (2005), Лізавета Дамініка‑Панамарова (2006), Ірына Бельская (2007), Віталь Быль (2009), Франак Вячорка, Настасся Кухарэнка (2010), Алесь Плотка (2011).

Кароткі спіс сёлетніх намінантаў прэміі будзе абвешчаны 18 лютага. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі лёс прэміі вырашаўся з дапамогаю інтэрнэт-апытанак, гэтым разам пераможцаў будзе абіраць рэдакцыя. Але чытачы змогуць узяць удзел у “віктарыне”, якая стартуе 18-га. Той, хто першым адгадае-спрагназуе пераможцаў, атрымае падарунак ад “Дзеяслова” і партнёраў прэміі. Сачыце за нашымі абнаўленнямі!

Месца ДЗЕяння: кнігарня “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці, 37А).

Пачатак цырымоніі – а 18:30.

 

Партнёры прэміі:

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка “Камунікат”, кампанія “Будзьма беларусамі”, Саюз беларускіх пісьменнікаў.

 

Прэсавая служба СБП