Юбілейны вечар да 90-годдзя Івана Мележа "Летапісец Палескай зямлі"

8 лютага 2011 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца вечар памяці "Летапісец Палескай зямлі", прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння празаіка, паэта, публіцыста, драматурга, народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа.

Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга, ордэнамі Чырвонай зоркі, "Знак Пашаны" і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я.Коласа, Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі БССР.

Дэбютаваў у 1939 г. вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 г. Самымі дарагімі творамі Іван Паўлавіч называў тыя, якія прысвечаны перажытаму ім самім, – "У завіруху", "Гарачы жнівень", "Мінскі напрамак". Прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, раман "Мінскі напрамак" стаў прыкметнай з’явай не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй тагачаснай савецкай літаратуры. У ім пісьменнік імкнуўся паказаць усенародны характар барацьбы за вызваленне Беларусі, стварыць складанае, шматпланавае і шматгеройнае эпічнае палатно.

З асаблівай сілай талент І.Мележа, шырыня яго пісьменніцкага погляду на гісторыю беларусаў раскрываецца ў галоўнай кнізе – трылогіі "Палеская хроніка", якая складаецца з раманаў "Людзі на балоце", "Подых навальніцы", "Завеі, снежань". А.Адамовіч назваў трылогію "раманам-народам", бо галоўным героем у гэтых творах стаў сам народ. Кніга стала сапраўднай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства, якая адлюстроўвае лёсы людзей у пераломныя моманты гісторыі. У многіх адносінах гэта народны раман, даніна павагі і ўдзячнасці роднай Палескай зямлі, адкуль бяруць вытокі жыццёвыя шляхі пісьменніка.

Праз свае шматлікія творы І.Мележ імкнуўся раскрыць асабісты вопыт душы і памяць сэрца, не хаваючы сваіх, уласна аўтарскіх адносін да падзей і герояў. Яго творы – спроба захаваць душу вялікага і шматпакутнага беларускага народа. Ім характэрна праўдзівае адлюстраванне жыцця, псіхалагічнае абгрунтаванне ўчынкаў чалавека, паглыбленне ва ўнутраны свет сваіх герояў.

Ва ўсіх сваіх справах — літаратурных, грамадскіх, асабістых, Мележ быў сапраўдным Чалавекам з вялікай літары.
І сёння Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ўшаноўвае памяць гэтага выдатнага празаіка. У святочным мерапрыемстве, якое адбудзецца 8 лютага, прымуць удзел родныя, даследчыкі і аматары творчасці Івана Мележа, яго сябры і знаёмыя.

Падчас мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя выставы "Летапісец Палескай зямлі", дзе будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (Траецкае прадмесце, вул. Багдановіча, 13). Кантактны тэлефон: 334-56-21 (аддзел навуковай асветы)

budzma.org