Юля Цімафеева ў праекце "Чорна-белыя вершы"

Юля Цімафеева — перакладчык. Нарадзілася ў 1982 годзе на Брагіншчыне. У 2004 скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ. З 2006 года наведвае Беларускі калегіюм і Перакладніцкую майстэрню. Перакладала з ангельскай мовы творы Ч. Букоўскі, Т. Пірса, Ш. П. Гілман, К. Шапэн, М. Дзікмана, Э.Э. Камінгса, Дж. К. Оўтс. Пераклады з’яўляліся ў часопісах “Паміж” і “pARTisan”. Жыве ў Мінску.

 

Стрыптыз

 

“Распранайся!”

Я зняла паліто і боты.

“Распранайся!”

Я зняла калготкі, спадніцу

і швэдар.

“Распранайся!”

Я скінула майткі і станік.

Стаю голая, як кветка.

“Распранайся!”

Я зняла сумленне.

“Распранайся!”

Я скінула гонар і годнасць.

“Распранайся!”

Няма ні надзеі, ні веры, ні любові,

Ні прагі, ні смагі.

Падаю голая, як зерне.

“Распранайся!”

Я скідаю адно за адным свае “я”.

І скідаючы, на іх станаўлюся,

І расту аж да самага неба.

“Распранайся!”

Я ужо вышэй за дрэвы.

“Распранайся!”

Я ўжо вышэй за дахі.

“Распранайся!”

Я ўжо роўная з хмарай.

Лячу голая, як пёрка.

Апошняе “я” з сябе злушчваю.

Нікога не слухаю,

Распранаюся.

Галоўнае не забыцца на тую я,

Што ў валасах схавалася.

Да апошняй кропелькі,

Да апошняй крошачкі

Вышкрабла, да апошняга з сябе

Вылузалася.

Распранулася.

Знік

Ла.

 

Лірычны верш

 

Я маўчу,

я пустая, бы флейта,

скаваная прыгажосцю

сваёй застылай формы.

Бліскучая, але халодная,

безуважная, уперылася

ў свет чорнымі дзіркамі,

быццам вачніцамі,

дзе схаваны нават не пагляд,

а толькі магчымасць пагляду.

Я ляжу так доўга,

што ўжо забылася,

навошта я тут

і што я магу, і чаго

не змагчы мне ніколі.

Усё аднолькава недасяжна,

бо нават іскра жадання

не ўспыхне ў пустэчы і цемры

майго нутра.

Ты бярэш мяне ў рукі,

ты кранаеш мяне вуснамі,

ты праводзіш мяккімі пальцамі

па маім бліскучым і гладкім целе

і ўпускаеш сваё гарачае дыханне

ў маё лона.

І я не магу стрымаць

музыку, што раптам вырываецца вонкі,

музыку, што твае дотыкі, твае пацалункі,

тваё пачуццё абудзілі ў маёй сярэдзіне.

І я пяю.

І туруе са мною сусвет.

І ты занураешся ў музыку, што нас злучае,

і ўжо не бачыш розніцы

паміж мной і сабой.

Мы разам

сплываем па цячэнні часу

да самага гарызонту,

зліўшыся ў адно.

Раптам нешта здараецца, укліньваецца

ці твая фальшывая нота, ці мая,

абуджае,

разрывае нашу злітную плынь

на цябе і мяне.

Я стамілася,

гэтай музыкі стала зашмат,

і гарызонт зрабіўся тым,

чым заўсёды і быў –

далёкай, недасяжнаю марай.

Я адлучаю свае вусны

ад твайго бліскучага цела

і кладу цябе там,

дзе знайшоў мяне некалі ты.

 

ew1

Чорна-белыя вершы // Пра праект // Удзельнікі папярэдніх выпускаў

budzma.org