Юя Вісландэр: «Дзяржаўнай падтрымкі дзіцячай кнігі ў Швецыі няма» (+ФОТА)

Удзельнікі круглала стала

Мадэратарам выступіў Андрэй Хадановіч, перакладала Надзея Кандрусевіч, а ў дыскусіі, акрамя шведскай госці, узялі ўдзел дзіцячыя пісьменнікі і пісьменніцы Вольга Гапеева, Серж Мінскевіч, Аксана Спрынчан, незалежныя выдаўцы Зміцер Колас, Ігар Логвінаў, Аляксей Харужка

Далучыліся да абмеркавання Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, кіраўніца лялечнага тэатра "Лямцавая батлейка" Вераніка Фаміна, філолаг Алеся Літвіноўская, аўтарка блогу дзіцячай літаратуры "Маленькі чытач" Наталля Мядзведзь, паэт Антон Рудак, праект-менеджар ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Аляксандра Дварэцкая.

Кнігі Юі Вісландэр (малюнкі: Свэн Нурдквіст) у перакладзе на беларускую мову. Унізе: Аксана Спрынчан знаёміцца з кнігамі

Падчас працы было анансаванае стварэнне беларускай літаратурнай прэміі па дзіцячай літаратуры, якая ўпершыню будзе ўручаная ў наступным годзе, а пакуль над статутам узнагароды працуюць Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч.

 

Надзея Кандрусевіч і Юя Вісландэр 

Сакрэты поспеху скандынаўскай літаратуры для дзяцей

Юя Вісландэр: “Я ўжо трэці раз прыязджаю ў Мінск, і трэба сказаць, калі шведскі пісьменнік хоча адчуць сябе сапраўднай зоркай, яму варта прыехаць у Беларусь. Шведскія дзіцячыя пісьменнікі, у адрозненне ад “дарослых аўтараў”, імкнуцца аб’ядноўвацца.

Існуе Акадэмія дзіцячай кнігі, якая шмат займаецца прапагандай чытання ў Швецыі. Цяпер у нас назіраецца істотнае зніжэнне цікавасці да чытання, бо шмат часу ў дзяцей сыходзіць на інтэрнэт, гульні, але, як ні дзіўна, пастаянна растуць і продажы дзіцячай кнігі, асабліва спецыяльнага жанру “кнігі з поўнастаронкавымі малюнкамі”. Відавочна, бацькі клапоцяцца пра сваіх дзяцей, занепакоеныя камп’ютарызацыяй, і загадзя набываюць шмат цікавай дзіцячай літаратуры.

Юя Вісландэр і яе кнігі; унізе, злева направа: Надзея Кандрусевіч, Юя Вісландэр, Віталь Груда, Барыс Пятровіч, Ціхан Чарнякевіч, Вольга Гапеева

Андрэй Хадановіч

Папулярнасць скандынаўскай літаратуры можна патлумачыць дзвюма прычынамі. Найпершая прычына -- Астрыд Ліндгрэн, якая вывела нашую дзіцячую літаратуру на сусветны ўзровень. Другая прычына – сацыял-дэмакратычная палітыка, якая шмат увагі надае выхаванню дзяцей і імкнецца зрабіць Швецыю ўзорнай краінай.

Фактычна скандынаўская дзіцячая літаратура апошнія дзесяць год знаходзіцца ў росквіце – увесь час з’яўляюцца новыя аўтары і асабліва добра цэняцца дызайнеры і мастакі дзіцячай кнігі. Калі казаць пра тэмы, то 30 гадоў таму цяжка было ўявіць, што ў дзіцячай кнізе можа ісці гаворка пра гомасексуальную сям’ю альбо пра дзіцячыя фобіі альбо пра смерць. Цяпер жа гэтыя тэмы ў скандынаўскай дзіцячай літаратуры вельмі частыя”.

 

Кожнаму немаўлятку – па кнізе, або “Дзіцячы Нобель”

Дзяржаўнай падтрымкі дзіцячай кнігі так, як гэта ёсць у Беларусі, у Швецыі няма. Існуе толькі традыцыя закупляць дзіцячыя кнігі для падарункаў у радзільні кожнаму нованароджанаму. Гэтыя кнігі звычайна закупляюцца праз мясцовы бюджэт. Але асновай з’яўляецца закон рынку.

Злева направа: Наталля Мядзведзь, Вераніка Фаміна, Алеся Літвіноўская 

Юя Вісландэр: “Прэмій па дзіцячай літаратуры ў Швецыі няшмат, хоць існуе своеасаблівы “дзіцячы Нобель” – прэмія памяці Астрыд Ліндгрэн – 5 мільёнаў шведскіх крон, але толькі летась яе ўпершыню атрымалі шведы. У прэміі “Аўгуст” таксама ёсць намінацыя “Дзіцячая літаратура”, але прэмія мае сімвалічны характар, хоць істотна падымае продажы.

Юя Вісландэр

Задума кніг пра Маму Му нарадзілася ў мяне спачатку як песня пра карову, якая навучылася чытаць. Пазней мы з мужам зрабілі каля 100 радыёперадач пра Маму Му. І толькі пасля выйшлі кнігі. Цяпер я працую над новай серыяй кніг, дзе будзе мінімальны тэкст, набліжаны да аднаго паэтычнага радка, і поўнастаронкавыя ілюстрацыі”.

 

“Болевыя кропкі” беларускага кнігавыдання, або “Тры чарапахі”, на якіх трымаецца добры твор для дзяцей

Злева направа: Вольга Гапеева, Зміцер Колас, Алена Пятровіч, Аксана Спрынчан 

Аксана Спрынчан, супрацоўніца выдавецтва “Мастацкая літаратура” (дзе, дарэчы, выйшла чатыры кнігі пра Маму Му), распавяла пра навінкі дзіцячай літаратуры, а таксама пра асаблівасці дзяржаўнага кнігавыдання.

Далёка не на ўсе кнігі выдаецца дзяржаўная датацыя, і нават пры яе наяўнасці цалкам выдаткі яна ніколі не пакрывае. Датацыя ўплывае ў асноўным на выніковую цану кнігі. Як правіла, без дзяржаўнай падтрымкі кнігі выходзяць дастаткова дарагімі, таму далёка не ўсе патэнцыйныя

пакупнікі наважваюцца купіць беларускую кнігу. Пры гэтым выдавецтва шмат увагі надае мастацкаму афармленню, кніжнай графіцы, што таксама ўплывае на цану.

Вольга Гапеева

Вольга Гапеева, чыя кніга “Сумны суп” атрымала сёлета першае месца ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” прэміі “Кніга года”, падкрэсліла роўнасць дзіцячай і сур’ёзнай літаратуры:

“Пішучы дзіцячую кніжку, нельга нічога спрашчаць – гэта памылковае меркаванне, быццам бы маленькія чытачы нічога не разумеюць. Калі будзеш пісаць, успамінаючы сябе-дзіцёнка, то з’явіцца шчырасць, якая прывабіць і дзіцёнка, і бацькоў”.

Серж Мінскевіч прадставіў некалькі ўласных праектаў па дзіцячай літаратуры, а менавіта кнігу-размалёўку “Прыгоды Какоса-Маракоса”, палепшанае нядаўняе выданне “Прыгодаў...” з дадаткам кароткай дзіцячай энцыклапедыі і кнігу фэнтэзі “Усмешка Жалобнай Каралевы”.

Паводле Сержа Мінскевіча, дзіцячая літаратура мусіць “стаяць на трох чарапахах”: забаўляльнасці, павучальнасці і самастойнай дзіцячай творчасці.

Злева направа: Аляксей Харужка, Уладзь Лянкевіч, Аляксандра Дварэцкая, Серж Мінскевіч, Андрэй Хадановіч

Ці купляюць дзіцячыя кнігі на беларускай мове?

Зміцер Колас распавёў пра тое, што тыражы ў беларускіх прыватных выдаўцоў дзіцячай кнігі істотна ўпалі ў параўнанні з 1990-мі, калі выдадзены пераклад казак Шарля Пэро тыражом у 75000 экзэмпляраў імгненна разышоўся: “Кнігі Астрыд Ліндгрэн мы выдавалі ўжо тыражом 2 тысячы асобнікаў, а Тувэ Янсан – 1 тысяча. Як бачым, дынаміка не ў лепшы бок”.

Уверсе, злева направа: Аляксей Харужка, Зміцер Колас, Аксана Спрынчан, Ігар Логвінаў, унізе: Ціхан Чарнякевіч

Не адмоўчваліся і іншыя прыватныя выдаўцы.

Ігар Логвінаў: “Нашаму выдавецтву пакуль цяжка выходзіць на гэты рынак, хоць выдаўцы імкнуцца цяпер выдаваць менавіта дзіцячую літаратуру, бо заўважаюць, што сур’ёзная літаратура знаходзіцца ў крызісе. На гэтым выдаўцы спадзяюцца зарабіць. Аднак “Логвінаў” будзе працягваць найбольш працаваць у традыцыйным фармаце: выдаваць свабодныя кнігі ў несвабоднай краіне”.

Аляксей Харужка: “Найгорш тое, што па кніжным рынку і ў тым ліку па рынку дзіцячай літаратуры ў Беларусі няма ніякай аналітыкі. Перш за ўсё маецца на ўвазе статыстыка. Калі няма лічбаў продажаў па асноўных дзяржаўных выдавецтвах, а таксама й прыватных, то гэта вырашальна. Але галоўны на рынку – расійскі выдавец, які прывозіць свае кнігі з-за мяжы. Адсочваць ягоныя продажы мы не можам зусім. Без статыстыкі аналіз рынку немагчымы”.

Надзея Кандрусевіч і Юя Вісландэр

Пасля завяршэння дыскусіі яе ўдзельнікі перамясціліся ў Галерэю сучаснага мастацтва «Ў», дзе адбыўся паказ лялечнага спектакля пра Маму Му і сустрэча Юі Вісландэр з маленькімі чытачамі і чытачкамі.

 

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org

Фота Вікі Трэнас