Юя Вісландэр прэзентавала кнігу “Мама Му чытае”

У мінскай галерэі “Ў” прайшла чарговая імпрэза “Месяца шведскай літаратуры ў кнігарні “логвінаЎ”. Гэтым разам вядомая шведская дзіцячая пісьменніца Юя Вісландэр прэзентавала кнігу “Мама Му чытае” з удзелам яе беларускай перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч.

Маленькім беларусам таксама быў прадстаўлены аўдыёдыск з Юінымі казкамі і песенькамі, запісанымі Змітром Вайцюшкевічам і Галінай Казіміроўскай.

Кажа паэт Андрэй Хадановіч, вядоўца імпрэзы:

- Свята, якое аб’ядноўвае некалькі падзеяў: перадусім прыезд вельмі вядомай дзіцячай пісьменніцы Юі Вісландэр у Мінск, што здараецца не кожны дзень, больш за тое, гераіня не з пустымі рукамі, адначасова выйшла некалькі кніжак па-беларуску – аж дзве папяровыя кніжкі і выйшла аўдыёкніжка, дзе ёсць і “Малы мядзьведзік”, і “Малы Білан”, і цыкл песень Юі Вісландэр у беларускіх перакладах у выкананні Галіны Казіміроўскай і Змітра Вайцюшкевіча.

Юя Вісландэр падзялілася сваімі ўражаннямі з Рацыяй:

- Вельмі цёплая аўдыторыя была. Я адчуваю, што мяне тут добра прымаюць. Цудоўная атрымалася імпрэза. Я сустрэлася і з перакладчыцай, і з выдаўцамі, а тут яшчэ дадаткова была невялікая батлейка і песенны акампанімент.

Да 15 сакавіка пройдуць прэзентацыя дзіцячай кнігі Ульфа Старка “Дыктатар”, паказ фільма паводле рамана Стыга Ларсана, Nobel-party - імпрэза,прысвечаная паэту-набелісту Тумасу Транстромеру, і тэатралізаваны вечар, прысвечаны класіку сусветнай драматургіі Аўгусту Стрындбергу.

 

Рыгора Сапяжынскі

Фота Аляксандра Янусіка,

new.racyja.com