З Анатолем Кудраўцом развіталіся ў Мінску

— Сёння мы развітваемся з чалавекам найлепшых душэўных якасцяў, чалавекам наймудрэйшым, найсціплейшым і найталенавіцейшым, — сказаў празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. — Талент Анатоля Паўлавіча дастойна ацэнены — у 1986 годзе ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Якуба Коласа. Але творца ніколі не падкрэсліваў сваіх дасягненняў. Мы вельмі ўдзячныя Анатолю Паўлавічу за тое, што менавіта дзякуючы ягонай непасрэднай дапамозе паўстаў часопіс “Дзеяслоў”. Творчы і чалавечы наробак Анатоля Кудраўца такі багаты, што пра яго можна гаварыць вельмі і вельмі доўга. Даруйце і бывайце, дарагі Анатоль Паўлавіч…   

Спадар Анатоль умеў сябраваць, і нават яго маладзейшыя калегі, яго падначаленыя ў часопісе “Нёман” або ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дзе спадар Кудравец працаваў, з цягам часу станавіліся яго сябрамі на ўсё жыццё.

На грамадзянскай паніхідзе з развітальным словам выступілі Сяргей Законнікаў, Ала Сямёнава, прыехаў з Масквы да свайго калегі і сябра Аляксей Каўка.

Ала Сямёнава ўспомніла часы, калі працавала пад кіраўніцтвам Анатоля Паўлавіча ў рэдакцыі “Нёмана”, адзначыла яго эстэтычную смеласць і імкненне падтрымаць маладых — менавіта спадар Кудравец узяў на працу Міхася Стральцова. Пры Кудраўцы наклад “Нёмана” дасягаў некалькіх соцень тысяч асобнікаў. 

Больш за 40 гадоў сябравалі з Анатолем Кудраўцом Віктар Казько і Віктар Карамазаў, шмат успамінаў і добрых спраў звязваюць іх, таму апошнія, развітальныя словы даліся Віктару Апанасавічу і Віктару Філімонавічу асабліва цяжка. Віктар Карамазаў гаварыў па тэлефоне з Анатолем за дзве гадзіны да яго смерці.

Ушанаваць памяць Анатоля Кудраўца прыйшлі літаратары Уладзімір Арлоў, Вера Буланда, Леанід Галубовіч, Валеры Дубоўскі, Кастусь Жук, Васіль Жуковіч, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла, Валер Стралко, Андрэй Федарэнка, Уладзімір Ягоўдзік і многія іншыя.

Пахавалі Анатоля Кудраўца на могілках у Калодзішчах. Словы развітання тут прамовілі Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, а таксама аднакурснік Эдуард Смольскі, які ведаў Анатоля Кудраўца больш за 60 гадоў.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"