З Калядамі і Новым годам 2015!

Песня на Каляды

Пастушкі гулялі,
Каляду ігралі:
Бог нам аб'явіўся,
Хрыстус нарадзіўся
— Каляда-Каляда, гэй.

Не ў пышных харомах,
Ані ў панскіх домах:
У маленькай хаце
Яго туліць Маці
— Каляда-Каляда, гэй.

Трэба несці дары,
Трэба даць ахвяры:
Як мы і Ён кволы,
Хоць кругом анёлы
— Каляда-Каляда, гэй.

Гукнём нашу песню,
Як бы на прадвесні:
Хрыстус свет адменіць,
Голаў злу прышчэміць
— Каляда-Каляда, гэй.

Чэсць Табе, Марыя,
Чыстая лілія:
Цябе Божай Маці
Будзем называці
— Каляда-Каляда, гэй.

І Язэпу слава
Няхай бы паўстала:
Бо ў яго ж прынятку
Марыя з Дзіцяткам
— Каляда-Каляда, гэй.

А волікам тутка,
Што стаяць ціхутка,
І гэтай асліцы
Прынясём травіцы
— Каляда-Каляда, гэй.

Хвалім вельмі Бога,
Бо нам дарагога,
Спаслаў Сына з неба,
Каб душы даць хлеба
— Каляда-Каляда, гэй.

Браточкі гукніце,
На ўвесь свет пяіце,
Што Бог чалавеку
Спагадаў ад веку
— Каляда-Каляда, гэй.

Казімір Сваяк

Прэсавая служба СБП