З архіву СБП: Дзмітрый Бугаёў

Адкрывае справу аўтабіяграфія, уласнаручна напісаная Дзмітрыем Бугаёвым 20 мая 1961 года.

"Нарадзіўся 12 студзеня 1929 г. у в. Сычык, Крычаўскага раёна, Магілёўскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1936 годзе пайшоў у школу. Да Айчыннай вайны скончыў 5 класаў Губіншчанскай школы. У час нямецкай акупацыі знаходзіўся ў роднай вёсцы, памагаў маці па гаспадарцы.

Пасля вызвалення нашай мясцовасці Савецкай Арміяй зноў працягваў вучобу і ў 1945 г. скончыў сямігодку. У 1945-1948 гг. вучыўся ў Магілёўскім педвучылішчы. Потым працаваў настаўнікам пачатковых класаў Крытышынскай школы (Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць) і завочна вучыўся на факультэце мовы і літаратуры ў Магілёўскім педінстытуце. У 1949 перайшоў на стацыянар і ў 1952 скончыў Магілёўскі педінстытут. У 1952-1955 гг. займаўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце імя А.М. Горкага. З 1955 па 1959 г. працаваў у якасці старшага выкладчыка кафедры літаратуры ў Мазырскім педінстытуце. Летам 1959 г. перайшоў на працу ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, дзе працую і цяпер.

20 мая 1961 г. Д. Бугаёў"

Як і было прынята, у Саюз пісьменнікаў Бугаёва рэкамендавалі калегіі па цэху, а менавіта творцы літаратурнай крытыкі. У дадзеным выпадку імі сталі Алесь Адамовіч, Рыгор Бярозкін і Янка Казека. Усе тры дакументы (што было не заўсёды) належаць да аднаго часавага прамежку -- мая 1961 года.

"Рэкамендацыя

Бугаёў Д.Я. – адзін з тых, для каго літаратуразнаўства, крытыка – прызванне. У яго працах і артыкулах аб творчасці М. Лынькова, І. Шамякіна, аб стылі прозы 20-х гг., аб манаграфіях і зборніках літаратуразнаўцаў заўсёды прысутнічае пафас сцверджання ці адмаўлення, ні ў адным сваім слове ён не абыякавы. Пры гэтым ён дастаткова эрудыраваны, каб судзіць аб літаратурных з’явах у іх гістарычнай сувязі з іншымі з’явамі, у ацэнцы літаратурных твораў заўсёды зыходзіць з патрабаванняў самога жыцця, прынцыпова адмаўляючы кан’юктуршчыну і неаб’ектыўнасць у літаратурным жыцці. Тав. Бугаёў Д.Я. валодае добрым эстэтычным густам, піша жыва, цікава, ён закаханы ў мастацкае слова свайго народа.

Лічачы тав. Бугаёва Д.Я. ідэйна і па таленту сталым літаратарам, рэкамендую яго ў члены Саюза пісьменнікаў.

Член Саюза пісьменнікаў

Членскі білет №4025

Алесь Адамовіч

14 мая 1961 г."

"Рэкамендацыя

Дзмітрый Бугаёў з’яўляецца адным з найбольш таленавітых прадстаўнікоў маладой беларускай крытыкі. Упершыню выступіўшы ў рэспубліканскім друку некалькі год таму назад, Дзм. Бугаёў адразу звярнуў на сябе ўвагу як удумлівы, кваліфікаваны літаратар. Яго артыкулы і рэцэнзіі па самых розных пытаннях беларускай савецкай літаратуры вылучае глыбокая павага да фактаў, добрае веданне іх, умельства разглядаць кожную літаратурную з’яву ў перспектыве агульнага развіцця літаратуры.

Дзм. Бугаёў піша жыва, зацікаўлена, эмацыянальна, мінаючы збітыя формулы літаратуразнаўчага жаргона. Ён – крытык-чытач у лепшым сэнсе гэтага слова, г.зн. крытык, які актыўна і непасрэдна ўспрымае кнігу, умее зрабіць гэта сваё чытацкае ўспрыманне твора неад’емнай часткай яго аналізу, зыходным пунктам аналізу.

Лічу, што Дзмітрый Бугаёў заслугоўвае таго, каб быць прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў, бо ён – чалавек з талентам і будучыняй.

Бярозкін Рыгор Саламонавіч,

Член ССП з 1939 года, членскі білет №4036.

25-V-1961 г."

"Рэкамендацыя

Бугаёў Д.Я. выступае з крытычнымі артыкуламі і літаратуразнаўчымі працамі на старонках рэспубліканскіх часопісаў і газет з 1957 года. За гэты час ён апублікаваў шэраг цікавых, змястоўных артыкулаў, прысвечаных галоўным чынам сучаснай беларускай прозе. Артыкулы гэтыя сведчаць аб добрым эстэтычным гусце і тэарэтычнай падрыхтоўцы аўтара, аб яго прынцыповасці ў ацэнцы літаратурных з'яў і вострым адчуванні сучаснасці. Аналізуючы мастацкія творы, Д. Бугаёў шмат увагі аддае пытанням літаратурнага майстэрства, раскрыццю стылявых асаблівасцей творчасці беларускіх празаікаў (артыкулы аб творчасці М. Лынькова, І. Шамякіна, В. Быкава і іншых беларускіх пісьменнікаў). Крытык актыўна ўдзельнічае ў літаратурным жыцці рэспублікі.

Ведаючы Д. Бугаёва як таленавітага, прынцыповага крытыка, рэкамендую яго для прыёмы ў члены Саюза пісьменнікаў.

Член Саюза пісьменнікаў, членскі білет № 4091,

Я. Казека (Іван Дарафеевіч Казека)

10 мая 1961 г."

14 красавіка 1961 года кандыдатура Дзмітрыя Бугаёва абмяркоўвалася і на паседжанні секцыі крытыкі і літаратуразнаўства СП БССР. Апошняя таксама дала сваю станоўчую рэкамендацыю да Праўлення Саюза Пісьменнікаў. З справы становіцца відавочным, што асноўным "хросным бацькам" Бугаёва пры прыёме ў Саюз быў Алесь Адамовіч. На секцыі крытыкі ён выступіў з дакладам пра кандыдата, а 12 чэрвеня Адамовіч прадстаўляў Бугаёва на Прэзідыуме Праўлення СП, якое паставілася да крытыка станоўча і прыняла Дзмітрыя Бугаёва ў арганізацыю.

Дзмітрый Бугаёў. 1961 год.

Падрыхтаваў Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org