“З гэтага свету” ― кніга, якая выштурхоўвае з часу.

 Прэзентацыя паэтычнага зборніка Леаніда Галубовіча “З гэтага свету” прайшла 18 красавіка ў музеі гісторыі беларускай літаратуры пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў, у чыёй серыі “Кнігарня пісьменніка” і выйшла кніга. Яе падзагаловак “Вершы пасля вершаў” надзвычай красамоўны ― філосаф Валянцін Акудовіч нават агучыў сваё шкадаванне праз тое, што падзагаловак не стаўся назвай. Рэч у тым, што паэт Галубовіч некалі зарокся займацца паэтычнай творчасцю і больш за дзесяцігоддзе цвёрда трымаў абяцанне, парушыўшы яго толькі цяпер.

Вядоўца вечарыны паэт і журналіст Міхась Скобла расказаў пра пачатак гэтай гісторыі маўчання:

“Дванаццаць гадоў таму мы сядзелі з Леанідам Галубовічам у студыі і вялі гаворку на літаратурныя тэмы. Нейкі вірутнік з-пад чорнае гвязды мяне пацягнуў за язык, і я кажу: “Леанід, а калі б табе не пісалася, ты здолеў бы пакінуць паэтычную творчасць? Раптам і катэгарычна ён сказаў: усё, з гэтага дня, з гэтай гадзіны, гэтай хвіліны я больш ніводнага верша не напішу. І, шчыра кажучы, я тады неяк спалохаўся, бо выходзіць, што справакаваў выдатнага паэта на маўчанне, а сваё жыццё без паэзіі Галубовіча я ўжо з даўніх часоў не ўяўляю. Я спрабаваў яшчэ Леаніда схамянуць, кажучы, што мы ж гаворым не проста сам-насам, а нас чуюць беларусы ад Уралу да Пірынеяў (тады яшчэ інтэрнэту ў Беларусі не было). Але Леанід пацвердзіў сваё слова, ледзь не пакляўся. І таму ўсе гэтыя гады я жыў з адчуваннем нейкай віны за гэтае маўчанне”.

Ад таго часу паэт Галубовіч не пісаў вершы, хоць  друкаваліся зацемкі, эсэістыка, у якіх, паводле Скоблы, паэзіі не менш, чым у вершах, як той расы на ранішняй траве.

Леанід Галубовіч, Міхась Скобла

Выхад новай паэтычнай кнігі Леаніда Галубовіча ўзрадаваў аматараў яго творчасці, бо шмат хто з удзельнікаў прэзентацыі, сяброў паэта, казаў пра тое, што ведаючы цвёрды яго характар, ужо не спадзяваўся, што той парушыць сваё слова.

Філосаф Валянцін Акудовіч

Пасмуткаваў толькі Валяцін Акудовіч, які назваў гэтую гісторыю разбурэннем “аднаго з самых прыгожых і высокіх міфаў беларускай паэзіі”.

Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч

Літаратурнага крытыка Ціхана Чарнякевіча вядоўца вечарыны прадставіў як аўтара адзінай вядомай яму прадмовы, цалкам напісанай афарызмамі. Ціхан расказаў пра тое, як паўтара гады таму атрымаў рукапіс “З гэтага свету” і рашучую просьбу Леаніда Галубовіча выкінуць з кнігі ўсё, што Ціхану не спадабаецца, на што Чарнякевіч адказаў, што не мае такога права, але ў працы над кнігай усё ж дапамог.

“Нельга гаварыць пра гэту кнігу як этап развіцця, яна не з’яўляецца наступнай, а стаіць у пэўным сэнсе аўтаномна. Калі “апошнія вершы”, на маю думку, вельмі добра выяўлялі стан дзевяностых гадоў, тое, што тады тварылася, яны супадалі з часам, то гэтая кніга наадварот з часу выштурхоўвае.

Якраз тады, паўтара гады таму, калі кніга яшчэ не была выдадзена, і я быў адным з першых яе чытачоў, яна мне вельмі дапамагала вымкнуцца з часу, не надта вясёлага для тысяч нашых суграмадзянаў… Леанід Міхайлавіч напісаў вершы, якія стаяць па-за часам менавіта для яго самога, напэўна, бо там прагаворваецца самае асноўнае, што для яго тады важна было прагаварыць” ― рэзюмаваў Ціхан Чарнякевіч.

Леанід Галубовіч чытае верш з кнігі "З гэтага свету".

Наведнікі вечарыны

"У яго вершах адчуваецца, як стогне вецер, як рыкае карова, як брэша сабака, як зумкае пчала. Адбываецца нешта надзвычай істотнае, вымаўляецца невымоўнае. Зумкай і далей, Леанід" - пажадаў Галубовічу Алесь Разанаў

Публіцыст, літаратурны крытык і гісторык Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Вярцінскі, Леанід Галубовіч, Міхась Скобла

Паэтка, рэдактар штоквартальніка "Наша вера" Хрысціна Лялько

Паэт з Разаншчыны Юрый Сапажкоў

Супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі, галоўны бібліёграф, паэтка Людміла Сільнова

Прэсавая служба СБП