З моцнага Брылёвага кораня — Лявон Баршчэўскі пра пераклад "Бэўвульфа"

Узгадваю падзеі амаль 18-гадовай даўніны.

У Ракаве, што пад Мінскам, праходзіць Кангрэс “У абарону свабоды слова”, арганізаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам. Падчас аднаго з перапынкаў сядзім на лавачцы з легендай нашага прыгожага пісьменства, незабыўным Янкам Брылём і размаўляем пра беларускі мастацкі пераклад, пра яго нацыятворчую і мовастваральную ролю. Як памятаю, Янка Брыль вельмі скептычна ставіўся да тых, нярэдкіх за савецкім часам, выпадкаў, калі мастацкія пераклады рабіліся праз мову-пасярэдніцу, а Вялікі Брат на ўсходзе нават навязліва заахвочваў браць існуючыя рускія пераклады і перарабляць іх па-ўзбекску, па-казахску ці па-беларуску. Будучы выдатным стылістам,  майстрам беларускага слова, наш класік таксама вельмі дбайна ставіўся да якасці беларускага гучання нашых перакладаў, асабліва вылучаючы ў гэтым плане творчасць Рыгора Барадуліна, Васіля Сёмухі, Ніны Мацяш ці Уладзіміра Папковіча… Мне, аўтару гэтых радкоў, перакладчыку мастацкай літаратуры, разважанні Брыля глыбока запалі ў душу.

На жаль, ужо амаль сем гадоў Янкі Брыля з намі няма. Неапублікаванымі застаюцца яго мемуары-дзённікі, з якіх, я ўпэўнены, новыя і новыя пакаленні здолеюць узяць яшчэ нямала ўрокаў літаратурнай і жыццёвай мудрасці. А мудрасці, між іншым, гэтай нестае часам і тым, хто фігуруе цяпер у касце афіцыйных, аблашчаных дзяржавай “класікаў”. Да прыкладу, колькі месяцаў таму выдавецкі дом “Звязда” выдаў багата аформленую і вельмі дарагую кнігу, пад назвай “Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая”. Перакладчыкам усіх вершаў гэтай кнігі выступіў рэдактар дзяржаўнага часопіса “Полымя”, лаўрэат магчымых і немагчымых дзяржаўных прэмій і ўзнагарод Мікола Мятліцкі. Я трохі знаюся на класічнай кітайскай літаратуры: некалі на замову выдавецтва пісаў адпаведны артыкул у восьмы том “Беларускай энцыклапедыі”. Пагартаўшы “шэдэўр”  Міколы Мятліцкага, непрыемна ўразіўся аднастайнасцю лексікі, якой падаецца, напрыклад, паэзія і класікаў эпохі Тан (“залатой пары” кітайскай паэзіі), і паэтаў камуністычнага Кітая ХХ стагоддзя. Параўноўваць жа тэксты перакладаў Мятліцкага з арыгіналамі няма сэнсу: Бацькаўшчыне нічога не вядома пра яго валоданне кітайскай мовай (якая цягам тысячагоддзяў да таго ж істотна мянялася).

Дзякуй Богу, маладое пакаленне нашых перакладчыкаў глядзіць на гэтую справу куды больш прафесійна. Запаветаў Янкі Брыля, у прыватнасці, дакладна пільнуецца яго родны ўнук, 31-гадовы Антон Францішак Брыль. Літаральна два тыдні таму ў прыватным выдавецтве З.Коласа з’явіўся яго пераклад аднаго з самых старажытных і самых знакамітых твораў новаеўрапейскай літаратуры, стараанглійскага гераічнага эпасу “Бэўвульф”, які ўпершыню быў запісаны каля 730 г. н.э.

Мушу сказаць, што нават самы вядомы пераклад гэтага твора на рускую мову (“Беовульф”) Уладзімір Ціхаміраў, паводле ўласнага прызнання, рабіў з падрадкоўніка, зробленага германісткай Вольгай Смірніцкай. У сваю чаргу Антон Францішак Брыль карыстаўся толькі арыгіналам, хоць вывучыць старажытнаанглійскую мову сёння не так і проста. Тым не менш беларускі перакладчык нават знайшоў свой спосаб, як перадаць на нашай мове так званы старагерманскі алітэрацыйны верш — гэта значыць верш, у якім няма звыклай нам рыфмы, затое ёсць паўтор збегаў зычных  і націскных складоў у ключавых словах кожнага радка:

Найперш паднесла пенную чашу
Са словам ласкавым слаўная пані
Ахоўцу дужаму ўсходніх данаў,
Магутнаму князю… 

(пераклад А.Ф.Брыля).
Параўнайце з рускім:

…Высокородная вождю наследному
вручила первому чашу пенную,
да не грустил бы в пиру властитель

(пераклад Ул.Ціхамірава).
На мой погляд, беларускі пераклад значна бліжэйшы да арыгіналу і, я б сказаў, эпічнейшы ў гучанні. У дадатак да перакладу “Бэўвульфа” перакладчык змясціў у гэтай самай кніжцы і пераклад “Спеву пра Гільдэбранда” — іншага эпічнага твора, напісанага сярэднявечнымі германцамі.

У канцы гэтай кароткай нататкі хачу заўважыць наступнае. Антон Францішак Брыль па-за філалагічнай адукацыяй мае высокую кваліфікацыю спецыяліста ў галіне камп’ютарнай тэхнікі. Прапрацаваўшы некалькі гадоў па гэтай спецыяльнасці ў ірландскім Дубліне, ён атрымаў яшчэ больш выгадны кантракт у швейцарскім Цюрыху, дзе цяпер і жыве. Але, знаходзячыся ад радзімы, ён узбагачае нашу культуру і мову. І ўзбагачае паспяхова: некалькі гадоў таму стаў лаўрэатам прэміі інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “Прайдзісвет”, а пазней і лаўрэатам прэміі імя Максіма Багдановіча “Дэбют” у паэтычнай намінацыі. Мяркую, што, калі б яго знакаміты дзед быў жывы, ён бы ганарыўся талентам і працавітасцю свайго ўнука. А я, карыстаючыся гэтым выпадкам, хацеў бы заклікаць тых маладых людзей, што воляю лёсу надоўга апынуліся па-за межамі краіны, браць добры прыклад з перакладчыка “Бэўвульфа” — маладога чалавека, які вырас з моцнага Брылёвага кораня.

Лявон Баршчэўскі
Аўтар вокладкі: Яўгенія Васкрасенская

nv-online.info