З юбілеем!

Старшыню гомельскага аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” празаіка, публіцыста, паэта і мастака Бароўскага Анатоля Мікалаевіча, які адзначыў сваё сямідзесяцігоддзе 12-га траўня, віншуем з юбілеем! Паважаны Анатоль Мікалаевіч, хай хапае Вам сіл на здзяйсненне ўсіх творчых задумаў! І хай ва ўсім спрыяе лёс!

Бароўскі Анатоль, нарадзіўся 12.05.1942 г. у вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Пасля заканчэння Асавецкай сярэдняй школы Мазырскага раёна (1960) працаваў у калгасе, потым на заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Турбінка Мазырскага раёна. У 1961-1962 гг. - студэнт Мазырскага педагагічнага інстытута (скончыў завочна ў 1967). У 1962-1964, 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў у мазырскай раённай газеце, намеснікам дырэктара вучэльні геалогіі (Мазыр). З 1975 г. - уласны карэспандэнт газеты «Чырвоная змена» па Гомельскай і Берасцейскай абласцях. Сябра СП СССР з 1990 г.

Больш за дваццаць гадоў займаў пасаду старшыні  Гомельскага аддзялення ТБМ імя Францішка Скарыны, цяпер старшыня абласнога аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Творчы шлях

Друкавацца пачаў з 1961 года, змясціўшы першыя вершы ў раённай петрыкаўскай газеце. 

Падчас службы друкаваў свае апавяданні, вершы  і нарысы ў газетах "Чырвоная змена" і ў газеце Групы Савецкіх войскаў у Нямеччыне (ГСВГ) "Савецкая Армія".  Нарыс "Іван Нахаба" заняў другое месца ў конкурсе, які аб"явіла  вайсковая газета.

У 1979 годзе надрукаваў  аповесць "Тросніца" у часопісе "Маладосць" №3. Рэдактарам быў слынны паэт Генадзь Бураўкін, які ўбачыў “нешта” ў прапанаванай аповесці і даў ёй “зялёнае святло”.

У 1980 годзе выйшла ў свет кніга "Надзейная змена" у выдавецтве "Беларусь".

У гэтыя гады друкуе свае нарысы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. За нарыс  "Поле Радкевічаў" (1980) стаў лаўрэатам  прэміі часопіса "Маладосць". 

У 1982 годзе аповесць "Тросніца" выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура".

Часопіс "Маладосць" надрукаваў  у 1986 годзе (№7) аповесць "Да свайго берага".

"Цветут над Припятью сады" – пад такой назвай на расейскай мове ў сааўтарстве з Ю.Герасіменкам  у выдавецте "Полымя" выдаў кнігу ў 1987 годзе.

У выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 1987 г. выйшла кніга прозы (аповесці і апавяданні) "Каліна пад акном".

У тым жа выдавецтве ў 1994 г. выдаў кнігу прозы (аповесці і апавяданні) "Азірніся ў каханні".

У сааўтарстве з А.Бачурынскім (дырэктарам Гомельскай ЦЭЦ-2) выдаў літаратурна-публіцыстычную кнігу "Цеплыня" – 1996 г.

"Чорны бусел – белы цень" – кніга публіцыстыкі пра энергетыкаў гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, – выйшла у 1997 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" і была вылучана на дзяржаўную прэмію імя К.Каліноўскага. Прэмію не атрымала.

У выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў  "Пякельны рай».

У першай кніжцы 2003 года часопіса “Маладосць” надрукавана аповесць “Сцеражыся майго гневу” (часопісны варыянт).

У другім нумары часопіса “Полымя” 2003 года расказаў пра свой родны горад Мазыр – нарыс “Бурштынавы бераг Прыпяці”.

Выдаў кнігу вершаў  "Заручуся з бліскавіцай".

Пераклаў свой жа раман  “Искушение”на расейскую мову, выдаў у менскім выдавецтве “Асобны”.

“Будуем заўтрашні дзень” – кніга (2008 год) публіцыстыкі пра працоўны калектыў “Белэнергабуд”, што знаходзіцца ў Менску.

Выдаў дакументальны раман “Мы – Юніцкія” пра вынаходніка Анатоля Юніцкага, акадэміка Расейскай Акадэміі навук.

У папках рабочага стала ляжыць дзесяць аповесцяў, якія не ўключаліся яшчэ ні ў адну кнігу і не друкаваліся, – чакаюць свайго часу і свайго выдаўца. Таму вырашыў выдаць два тамы сваіх твораў, якія не выходзілі асобнымі кнігамі, а друкаваліся ў часопісах у розныя гады.