З юбілеем!

55 гадоў споўнілася сёння Сяргею Анатольевічу Сокалаву-Воюшу, барду, журналісту, пісьменніку, сябру ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Віншуем! Новых песняў, новых вершаў! Хай шчасціць ва ўсім!

Сокалаў-Воюш Сяржук (сапр. Сокалаў Сяргей), нарадзіўся 16.10.1957 г. у вёсцы Астроўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых.

Працаваў слесарам на заводзе жалезабетонных вырабаў (1974-1976), на Наваполацкім вытворчым аб'яднанні «Палімір» (1979). Служыў у Савецкай Арміі (1976-1978). У 1979 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля трох курсаў перавёўся на завочнае аддзяленне (скончыў у 1985). Настаўнічаў у сярэдняй школе № 5 Наваполацка (1982-1984, 1985-1988), быў навуковым супрацоўнікам філіяла Літаратурнаіа музея Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна (1984-1985), загадваў літаратурнай часткай лялечнай трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску (1988-1990). З 1973 г. жыве ў Наваполацку. Сябра СП СССР з 1990 г.

У друку выступае з 1973 г. (наваполацкая газета «Хімік»). Часта выступае як аўтар і выканаўца сваіх песень.

У 1989 выдаў зборнік «Кроў на сумётах». У тым самым годзе паставіў сваю п’есу-казку «Сьвецяць, сьвецяць зорачкі».Аўтар кнігі «Крывавы памол» і паэмы «Мяккі знак».Пераклаў на беларускую мову творы А.Андрэева «Манумэнт», «Любоў да бліжняга», таксама некаторыя творы польскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў.