З юбілеем!

Пісьменніка, перакладчыка, сябра СБП Анісковіча Уладзіміра Ігнатавіча, якому споўнілася 80 гадоў, віншуем з юбілеем! Доўгіх гадоў і трапных слоў, шаноўны Уладзімір Ігнатавіч!

Прэсавая служба СБП

Анiсковiч Уладзiмiр Iгнатавiч (псеўд. А. Ігнацька, А. Нiсковiч, У. Нiсковiч). Нарадзіўся 25.10.1932, в. Гасцiлавiчы Лагойскага р-на Мiнскай вобл. Крытык, перакладчык. Сябра СП СССР з 1979. Пiша на беларускай i рускай мовах.

Нарадзiўся ў сялянскай сям'i, у якой было дванаццаць дзяцей. Бацькi - Iгнат Фёдаравiч i Адэля Iосiфаўна - патомныя сяляне, калгаснiкi, увесь час жылi ў Гасцiлавiчах. У. Анiсковiч, як самы старэйшы з дзяцей у сям'i, скончыўшы ў 1948 шэсць класаў Лагойскай сярэдняй школы, паехаў у Мiнск, каб стаць рабочым. Пасля сканчэння рамеснага вучылiшча (1950) два гады працаваў на Мiнскiм трактарным заводзе, потым служыў у Савецкай Армii (1952-56). Пасля службы вярнуўся на трактарны завод токарам-наладчыкам (1956-58). Далей працоўная дзейнасць У. Анiсковiча звязана з Трамвайна-тралейбусным упраўленнем г. Мiнска, дзе ён працаваў вадзiцелем тралейбуса (1958-69). Узнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку». У гэтыя ж гады вучыўся ў вячэрняй школе i адначасова спрабаваў свае сiлы ў журналiстыцы - на абласным i рэспублiканскiм радыё, у газетах «Чырвоная змена», «Звязда», «Лiтаратура i мастацтва». У 1965 паступiў на завочнае аддзяленне журналiстыкi БДУ. 3 1969 працаваў у Галоўнай рэдакцыi вяшчання для дзяцей i юнацтва Беларускага радыё, дзе спецыялiзаваўся на лiтаратурных перадачах. Пад час вучобы ў БДУ захапiўся балгарскай мовай i лiтаратурай. Пасля сканчэння унiверсiтэта (1971) працаваў у рэдакцыi часопiса «Неман» (1971-75) лiтсупрацоўнiкам аддзела мастацтва, крытыкi i бiблiяграфii. У 1975-1982 загадчык аддзела крытыкi i бiблiяграфii штотыднёвiка «Лiтаратура i мастацтва», рэдактар аддзела часопiса «Родная прырода» (1982-84). 3 1984 старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Член КПСС з 1965.

Лiтаратурную дзейнасць У. Анiсковiч пачаў у 1965. 3 рэцэнзiямi ў друку выступаў з 1967. У лiтаратуру ён прыйшоў з рабочага асяроддзя. Добра ведае культурныя i эстэтычныя запатрабаваннi чытача, дакладна адчувае духоўныя iнтарэсы сучаснага рабочага. Актыўна выступае ў галiне крытыкi па надзённых пытаннях лiтаратуры, праблемах прозы. Як публiцыст, перакладчык узнiмае ў сваiх артыкулах пытаннi мiжлiтаратурных узаемасувязей, развiцця сучаснай беларускай паэзii, мастацкага перакладу. Артыкулы i рэцэнзii У. Анiсковiча вызначаюцца прынцыповасцю ацэнак, аб'ектыўнасцю, засяроджаны звычайна на грамадскай праблематыцы зместу твора. Ён пiша аб спецыфiчных праблемах развiцця дзiцячай лiтаратуры, гумару i сатыры, лiтаратурнага выкарыстання фальклорнай спадчыны, практыкi пе¬ракладу. У сваей творчасцi часта выкарыстоўвае форму крытычнага рэпартажа, iнтэрв'ю. Перакладае на беларускую мову творы балгарскiх пiсьменнiкаў.

Паводле Л. С. Савiк